Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэрыял паўплываў на людзей болей, чым Чарнобыльскія шляхі апошніх гадоў»


Ілюстрацыйна каляж
Ілюстрацыйна каляж

У падкасьце «Бацькі і дзеці» Алена Германовіч, Юры Дракахруст, Анастасія Пілюгіна і Ганна Соўсь абмяркоўваюць сэрыял «Чарнобыль».

Сьцісла

  • Германовіч: У выпадку аварыі беларуская ўлада будзе паводзіць сябе адпаведна савецкім шаблёнам, як паказана ў сэрыяле «Чарнобыль»
  • Пілюгіна: Сястра майго дзядулі памерла ад прамянёвай хваробы праз 5 месяцаў пасьля аварыі. 26 красавіка яе накіравалі ад заводу садзіць бульбу ў Аршанскім раёне
  • Дракахруст: Беларускае грамадзтва рэагуе на Чарнобыль як у Сярэднявеччы грамадзтва рэагавала на эпідэміі, кшталту чорнай чумы
  • Соўсь: Але ў Беларусі ёсьць свой праўдзівы твор пра Чарнобыль — «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч. Дзяржава да гэтага ня мае ніякага дачыненьня

«Рэфрэн сэрыялу "Чарнобыль" — татальная хлусьня»

Ганна Соўсь: Толькі выйшла 5-я сэрыя нашумелага сэрыялу «Чарнобыль». У адным з эпізодаў Міхаіл Гарбачоў вывучае публікацыі ў заходніх газэтах пра выбух на ЧАЭС у той час, калі савецкія газэты пра гэта нічога не пісалі. Як вы мяркуеце, калі здарыцца аварыя на Астравецкай АЭС, як будуць сябе паводзіць улады Беларусі? Як у сэрыяле?

Алена Германовіч
Алена Германовіч

Алена Германовіч: У выпадку аварыі беларуская ўлада будзе паводзіць сябе адпаведна савецкім шаблёнам — як паказана ў сэрыяле «Чарнобыль». Ня думаю, што ўлада падасьць аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю пра аварыю. Рэфрэн сэрыялу «Чарнобыль» — татальная хлусьня. Пры будаўніцтве Астравецкай АЭС улада хавае інфармацыю і нахабна рэагуе на запыты журналістаў — адсылае на афіцыйны сайт. Я мяркую, што ў выпадку аварыі ўлады будуць хаваць інфармацыю і выкручвацца. Наколькі ўдала ім удасца дзейнічаць — пытаньне. Але наўрад ці мы пачуем праўдзівую інфармацыю з вуснаў кіраўнікоў нашай дзяржавы.

Юры Дракахруст: Я думаю, што ўлады будуць паводзіць сябе інакш. І не таму, што яны будуць думаць пра людзей. Хаця варта сказаць, што сыстэма зараз усё ж не такая жорсткая, як была тады. Але самае галоўнае, што зараз зусім іншыя інфармацыйныя магчымасьці. Калі ёсьць інтэрнэт, сацсеткі, схаваць сурʼёзную аварыю немагчыма. Гэта не атрымалася і тады. Было некалькі дзён маўчаньня, дзяцей выводзілі на першатравеньскую дэманстрацыю. Зараз такое наўрад ці будзе.

Анастасія Пілюгіна: Я думаю, што найперш крыніцай інфармацыі будзе інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Найперш, сацыяльныя сеткі людзей, якія працуюць на Астравецкай АЭС. Але цяпер інстаграм-акаўнты супрацоўнікаў АЭС збольшага закрытыя.

Я мяркую, што гэта папрасіла зрабіць кіраўніцтва АЭС пасьля здарэньняў 2016 году. Да гэтага па геалякацыі Астравецкай АЭС у Інстаграме можна было ўбачыць, напрыклад, як супрацоўнікі станцыі гуляюць у фрысьбі.

Чарнобыль у жыцьці і сэрыяле

Ганна Соўсь: Я сама глядзела сэрыял, не адрываючыся, зьвяртаючы ўвагу на кожную дэталь, супастаўляючы гэта са сваімі ведамі і са сваімі ўспамінамі пра Чарнобыльскую катастрофу. Магчыма, гэта таму, што я памятаю дзень 26 красавіка, у які я, школьніца, трапіла пад дождж у Менску, які, як потым даведалася, быў радыяцыйным, ці калі я, як студэнтка журфаку, была пасланая ў 1988 годзе на прыборку ільну ў Краснапольскім раёне, самым забруджаным раёне Магілёўская вобласьці. Калегі, якія вашы найгалоўныя пэрсанальныя ўспаміны пра Чарнобыльскую аварыю, і як яна кладуцца на нашумелы сэрыял HBO «Чарнобыль»?

Алена Германовіч: Мне было восем гадоў на момант аварыі на ЧАЭС. Я жыла ў вёсцы на той момант. Абʼектыўнай інфармацыі не было, апроч чутак і плётак. Нам, дзецям, дарослыя забаранялі апранаць шорты, кашулькі з кароткім рукавом, не тлумачачы прычынаў. 1986 год — гэта быў татальны дэфіцыт прадуктаў. І пасьля аварыі «раптам» пачалося добрае харчовае забесьпячэньне жыхароў Гомельскай вобласьці — згушчонка, тушонка, зялёны гарошак, кілбаса... Гэтага не было на прылаўках — і «раптам» аднекуль зьявіліся дэфіцытныя прадукты. У школе дзецям пачалі даваць на абед бутэрброды з чырвонай ікрой — нешта неверагоднае. Людзям гэтымі прадуктамі ў наўпроставым сэнсе закрывалі рот — каб маўчалі пра аварыю.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Юры Дракахруст: У 86-м годзе ў гэты дзень я быў за горадам, на дачы. Так што магчыма, як і ўсе мы, хапануў нейкую дозу. Вельмі моцнае было ўражаньне было тады, калі заходняе радыё літаральна зь першага дня гаварыла пра тое, што ў Чарнобылі нешта здарылася. Я ўвесь час яго слухаў. Але ў тыя дні яго слухалі ўсе. Я хачу сказаць пару словаў пра той сучасны прыклад, калі пра пашкоджаньне корпусу рэактару на будоўлі Астравецкай АЭС стала вядома толькі празь некалькі тыдняў. Гэтая аварыя наўпрост не адбівалася на здароўі людзей. Але калі такі ўплыў ёсьць, то яго немагчыма схаваць. У 1986 годзе ў першы ж дзень быў зафіксаваны ўсплёск радыяцыі нават у Швэцыі. Гэта наўпрост пагражала здароўю людзей і гэта абʼектыўна фіксавалася. І тады нават людзі, якія ніколі не слухалі заходняе радыё, пачалі слухаць. Працавала і «сарафаннае» радыё. Так што поўнай закрытасьці і тады не было.

Гэта можна параўнаць зь іншай ядзернай катастрофай — у 1957 годзе пад Чэлябінскам. Пра яе шырокае грамадзтва наагул даведалася толькі празь дзесяцігодзьдзі. А ў 1986 годзе празь некалькі дзён пасьля катастрофы ўжо напачатку траўня і афіцыйныя савецкія СМІ казалі, што адбылася аварыя. У параўнаньні з 1957 годам прызнаньне адбылося значна раней.

Анастасія Пілюгіна
Анастасія Пілюгіна

Анастасія Пілюгіна: Я даведалася пра аварыю ў вельмі малым узросьце. Сястра майго дзядулі памерла ад прамянёвай хваробы праз 5 месяцаў пасьля аварыі. 26 красавіка яе накіравалі ад заводу садзіць бульбу ў Аршанскім раёне. Спачатку бацькі не казалі, чаму яна загінула, а калі я крыху пасталела, мне расказалі пра абставіны аварыі і што пра яе не паведамлялі.

«А даведаўся б я, што ўзровень радыеактыўных рэчываў у мяне ў арганізьме падвышаны. І што далей?»

Ганна Соўсь вымярае ўзровень цэзію 137 на спэктромэтры выпраменьваньня чалавека ў інстытуце Белрад
Ганна Соўсь вымярае ўзровень цэзію 137 на спэктромэтры выпраменьваньня чалавека ў інстытуце Белрад

Ганна Соўсь: Тры гады таму я праводзіла журналісцкі экспэрымэнт, які ў свой час мне параіў зрабіць Васіль Несьцярэнка. Колішні кіраўнік інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» прапанаваў праверыцца на наяўнасьць радыеактыўных рэчываў, як толькі прыеду з Прагі ў Беларусь у адпачынак, а потым параўнаць гэты паказьнік праз месяц знаходжаньня ў Беларусі і спажываньня беларускіх харчоў. У выніку ўзровень Цэзію 137 у мяне павялічыўся. Калегі, ці хто-небудзь з вас за 31 год пасьля аварыі правяраўся на наяўнасьць радыяцыйных рэчываў?

Юры Дракахруст: Не правяраўся і ня зьбіраўся гэта рабіць. Я жыў у Менску, Менск быў усё ж чыстым ад радыяцыі рэгіёнам. Мне здавалася, што вялікай пагрозы мне асабіста няма. А з другога боку — а даведаўся б я, што ўзровень утрыманьня радыеактыўных рэчываў у мяне ў арганізьме падвышаны. І што далей? Тым больш, што, наколькі я разумею, і ў вас, Ганна, дасьледаваньне зафіксавала дапарогавую канцэнтрацыю Цэзію 137. Ніхто не сказаў, што гэта наўпрост пагражае вашаму жыцьцё, гэта была мікрадоза, хаця і падвышаная. Іншая справа, што ёсьць дасьледаваньні, таго ж Юрыя Бандажэўскага, што нават мікрадозы ўплываюць, павялічваюць імавернасьць захворваньня. Але я сказаў пра свой выбар — я фаталіст.

Анастасія Пілюгіна: Не, я не правяралася праз бюракратычны складнік гэтай працэдуры. Нельга, праходзячы мэдагляд, папрасіць праверыцца на Цэзій 137. Калі б гэта было прасьцей, то я б хацела праверыцца.

Алена Германовіч: «Калі ўвесь час слухаць хлусьню, забываеш, як выглядае праўда», так казалі ў сэрыяле «Чарнобыль». На адкрытых мерапрыемствах кшталту «Чарнобыльскія чытаньні» у Гомелі навукоўцы і мэдыкі агучваюць адны лічбы, што няма росту анкалягічных захворваньняў, што анкалёгія і хваробы шчытападобнай залозы не зьвязаныя з аварыяй на ЧАЭС. Зусім іншая карціна паўстае на закрытых, не для прэсы і грамадзкасьці пасяджэньнях. На адно з такіх я выпадкова трапіла і даведалася пра рост анкалягічных захворваньняў. Дадзеныя на адкрытай канфэрэнцыі і закрытай адрозьніваліся проста як зямля і неба. Татальная хлусьня.

«У Гомельскай вобласьці стаўленьне людзей да "чарнобыльскай інфармацыі" абыякавае, як і да анкалягічных хваробаў»

Ганна Соўсь: Ці не падаецца вам, што тэма Чарнобылю страціла актуальнасьць у Беларусі і сьвеце? У дакладзе Навуковага камітэту па ўзьдзеяньні атамнай радыяцыі пры ААН, апублікаваным у 2000-м, гаварылася, што ацэнкі наступстваў Чарнобылю доўгі час перабольшваліся. Многія забруджаныя тэрыторыі засейваюцца. Ліквідатары аварыі страцілі ўсе льготы, якія давала ім беларуская дзяржава. Апазыцыйны «Чарнобыльскі шлях» сёлета не праводзіўся. Як вы мяркуеце, ці гэты сэрыял можа вярнуць цікавасьць, занепакоенасьць у гэтай тэме? Ці можна меркаваць па рэакцыях людзей у сеціве, што гэта іх сапраўды закранула?

Алена Германовіч: У Гомельскай вобласьці стаўленьне людзей да «чарнобыльскай інфармацыі» абыякавае, як і да анкалягічных хваробаў, бо, напэўна, няма такой сямʼі, якая не сутыкнулася з ракам у блізкіх людзей, калі ў адной сямʼі могуць быць і па два анкалягічных хворых. У чарзе ў анкалягічным дыспансэры можна сустрэць 5-6 знаёмых, і нікога нічога не зьдзіўляе, не абурае — рак і рак. Успрымаецца як грып ці вірус.

Анастасія Пілюгіна: Я б не сказала, што надта зьмянілася стаўленьне да наступстваў аварыі. Тыя ж анкалягічныя хваробы ўспрымаюцца як звычайныя. Вельмі шмат цяпер рэакцый на сэрыял і аварыю ў сетках. Хачу згадаць віруснае сьцьверджаньне ў Твітэры галоўнага рэдактара Эўрарадыё Паўла Сьвярдлова, што сэрыял «Чарнобыль» паўплываў на людзей больш, чым Чарнобыльскія шляхі апошніх гадоў.

Юры Дракахруст: Фільм можа актуалізаваць, павялічыць увагу да гэтай праблемы, некага нават падштурхнуць да дзеяньняў. Але мне здаецца, што беларускае грамадзтва рэагуе на Чарнобыль як у Сярэднявеччы грамадзтва рэагавала на эпідэміі, кшталту чорнай чумы, якая выкасіла тады ледзь не палову Эўропы. Бог даў — Бог узяў. Гэтак жа і зараз ва многіх беларусаў падобнае стаўленьне да Чарнобылю. Мне здаецца, што калі б у народу быў бязьмежны жах перад атамам, атамнай энэргіяй, Лукашэнка ня стаў бы будаваць АЭС. Алексіевіч некалі назвала яго «палітычнай жывёлай» паводле Арыстоцеля. Ён і праўда, скурай адчувае народныя настроі. Ён адчуваў, што АЭС збудаваць можна, што народная думка гэта прыме. У ёй як бы зьнікла ўяўленьне пра рукатворнасьць Чарнобыльскай катастрофы.

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Чаму такі сэрыял ня мог быць зроблены ў Беларусі

Алена Германовіч: Сэрыял «Чарнобыль» пры сучаснай беларускай уладзе ніхто здымаць ня будзе. Гэта проста немагчыма, каб ня думалі пра Астравецкую АЭС, ды і не ўзгадвалі Чарнобыльскую і наступствы катастрофы. Паралельна з замежнымі рэжысёрамі летась у Мазыры здымала свой сэрыял пра Чарнобыль расейская кампанія НТВ. Сюжэт такі: агент ЦРУ пракраўся на Чарнобыльскую АЭС. Ня ведаю, зь якой нават мэтай — напэўна, каб пашкодзіць яе ці ўзарваць. Але зьяўляецца герой — супрацоўнік выведкі КДБ, які выкрывае шпіёна і заадно ратуе ўвесь сьвет. Такое кіно... Гэта нават не сьмешна.

Юры Дракахруст: Кімсьці можа і мог бы быць зьняты, але ня ў рамках дзяржаўнай сыстэмы кінэматографу. Дзяржаве ня хочацца казаць пра грахі і злачынствы савецкай улады, якая ўспрымаецца цяперашняй уладай як законная папярэдніца. Ня хочацца, каб людзі праецыравалі тую дзяржаўную хлусьню, якая паказаная ў гэтай стужцы, на цяперашнюю беларускую ўладу — і ў сувязі з Астравецкай АЭС, і ў сувязі са шмат чым іншым. Ну і акрамя ўсяго менавіта такая стужка — гэта велізарныя грошы. У беларускай кінаіндустрыі проста няма такіх грошай.

Ганна Соўсь: Але ў Беларусі ёсьць свой праўдзівы твор пра Чарнобыль — «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч. Але дзяржава да гэтага ня мае ніякага дачыненьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG