«Хуліганам ня быў, асабліва спачатку. Падпольна шкодзіць у школе пачаў потым»

Пісалі дыктанты тарашкевіцай, захапляліся матэматыкай, малявалі эратычныя карыкатуры і марылі стаць таксістам і хірургам — вядомыя беларусы шчыра прыгадалі свае школьныя гады.

Станіслаў, палітык

Гэта быў 1944 год. Пасьля вызваленьня з-пад акупацыі адразу пачалі школы адкрывацца. І ў нас тут адкрылася. Я да вайны не вучыўся, бо калі яна пачалася, то меў толькі шэсьць з паловай гадоў. А ўжо калі вайна скончылася, бабуля з маці вырашылі мяне аддаць адразу ў чацьвёртую клясу. Дзесяць гадоў жа меў ужо. Школу з пахвальнай граматай закончыў.

Першы дзень у школе добра памятаю, ён быў складаным. Таму што я пачаў вучыцца ў школе, дзе працавала мая маці. А паколькі ў мяне быў такі вельмі свабодалюбівы характар, то маці мне казала: «Ведаеш, мне няёмка, што ў мяне такі сын. Як жа я магу іншых навучыць быць добрымі вучнямі, калі ты ў мяне такі свавольнік». І яна мяне ў іншую школу перавяла. Вучыцца пачынаў у 19-й, а маці мяне адправіла ў 13-ю, у расейскую школу. Тады гэта быў Лагойскі тракт, а цяпер вуліца Якуба Коласа. Там, праўда, у мяне была цудоўная настаўніца, Тацьцяна Канстанцінаўна Мальцава. Мне ў самы першы дзень не хапіла месца за сталом, партаў пасьля вайны яшчэ не было. Дык яна мяне пасадзіла пры сваім настаўніцкім стале.

Мой свабодалюбівы характар асабліва праявіўся ў пятай клясе — я пачаў дрэнна займацца. З урокаў уцякаў. Але пры гэтым пісаў у газэту «Піянэр Беларусі». Ну і пасьпяховасьць пасьля гэтага зьнізілася, тройкі пайшлі. Праўда, аднойчы газэта мяне як юнага карэспандэнта ўзнагародзіла пуцёўкай у піянэрлягер. Тады я ўжо ўтаймаваўся, паводзіў сябе ціха і мірна. І школу скончыў з мэдалём. Праўда, са срэбным (меў адну чацьвёрку). Залатога мэдаля тады ўвогуле ніхто ў школе не атрымаў, а срэбныя былі два — у мяне і ў Абрама Затурэнскага. Мы зь ім кантактуем, ён цяпер у ЗША жыве.

Прадметаў у школе ўлюбёных не было. Я цешыўся іншым: любіў паказаць, які я «разумны». Аднойчы мяне нават паўжартам пабілі за гэта аднаклясьнікі. Бо настаўніца задала вывучыць верш «На смерть поэта». А я ня толькі верш вывучыў, але яшчэ і эпіграф. У школьным падручніку не было эпіграфа, але я ў маці ў кніжцы знайшоў. Я знайшоў гэты эпіграф, вывучыў, расказаў перад клясай на ўроку і быў пабіты. Аднаклясьнікі дагэтуль успамінаюць мне той эпіграф. Гавораць, што пабілі мяне не таму, што я яго вывучыў, а таму, што такім чынам выпендрываўся.

Павал, актывіст

Я сваю першую клясу добра памятаю. У школу я пайшоў ня першага верасьня, як усе нармальныя людзі, а нашмат пазьней — у кастрычніку. Бо мае бацькі «затармазілі». Мне ўжо было шэсьць гадоў, і сябры нашай сям’і сваю дачку адправілі ў першую клясу. Ну і маім бацькам раптам захацелася мяне таксама адправіць, хоць ужо верасень пачаўся. Пакуль хадзілі дамаўляцца, ужо пачаўся кастрычнік. Так што я толькі ў кастрычніку і пайшоў у школу за той дзяўчынкай.

Не скажу, што я моцна хуліганіў. Ну, прыходзіў некалькі разоў п’яны ў школу. Аднойчы злавілі на крадзяжы жуйкі ў краме. Мяне тады выклікалі на «савет прафіляктыкі». Там настаўнікі былі, клясны кіраўнік... У мяне спыталі, ці зразумеў я, чаму нельга красьці. Ну я і адказаў, што зразумеў: што красьці нельга, бо могуць злавіць. Уся рада сьмяяцца пачала. А я прычыну гэтага сьмеху зразумеў толькі празь некалькі гадоў. Такая вось гісторыя.

Адзнакі ў школе ў мяне былі сярэднія. Я ня быў ні двоечнікам, ні выдатнікам. Адзіная чацьвёрка па дзесяцібальнай сыстэме была па матэматыцы. Там лютая настаўніца была. Падазраю, што яна мяне моцна не любіла.

У школе вучыўся да 9-й клясы, потым пайшоў у «хабзу» на цырульніка. Дурны быў. Не каб, як усе нармальныя людзі, вучыцца ў нармальнай школе да 11-й класы, а потым пайсьці на праграміста і зарабляць нармальныя грошы.

Я, калі ў школе вучыўся, таксістам стаць хацеў. У мяне ў школе заўсёды ідыёцкія мары былі. Машына, людзі, ты іх возіш, размаўляеце. Такія рамантычныя былі думкі. У дзяцінстве табе ж ніхто не расказвае, што таксістаў забіваюць, што праца ў іх насамрэч складаная. А цяпер у мяне нават правоў няма. Як і атэстата школьнага. Ён у пэдунівэрсытэце застаўся, я ім дагэтуль кнігі ў бібліятэку не вярнуў. Неяк мне атэстат больш не спатрэбіўся.

Крысьціна, мэнэджар

Я вучылася ў Латвіі, у гарнізоннай школе. Першы паход туды для мяне быў вельмі хвалюючым. Таму што я не хадзіла ні ў садок, ні ў падрыхтоўчую клясу. Усё было новым. Хвалявалася яшчэ і таму, што бацькі мне набылі школьную форму — карычневую сукенку зь белым фартушком. У Беларусі набывалі. А ў Латвіі школьная форма была іншай — сіняга колеру. І фартухі ніхто не насіў. Пінжачкі, камізэлькі. І вось я выглядала ня так, як усе. Трошкі нават зьбянтэжылася з гэтай нагоды.

У школу я вельмі хацела. Ужо чытала, шмат чаго ведала на памяць. Першыя месяцы хадзіла ў школу як на сьвята. Баялася варушыцца на ўроках, каб прапусьціць нешта вельмі важнае. Глядзела на настаўнікаў і аднаклясьнікаў, і мне здавалася, што яны нашмат разумнейшыя за мяне. Тым больш што яны ўжо ўсе адзін аднаго ведалі, бо раней хадзілі ў нулявую клясу на падрыхтоўку. Складана мне было з пропісямі. Я ўмела толькі друкаванымі пісаць: бацькі вырашылі пропісям не вучыць, бо гэта складана — правільна вызначыць, у які бок трэба нахіл літараў рабіць. Яны баяліся пераблытаць. Але гэта адзіная складанасьць была.

Пазьней настаўніца, вельмі прыгожая жанчына, з казанскіх казачак, заўважыла мае здольнасьці да матэматыкі і дазваляла больш у гэтым кірунку займацца.

Актыўна ў грамадзкіх справах удзельнічала. У 80-я гады гэта былі ў асноўным акцябраты і піянэры. Я была камандзірам «зорачкі». Дзяжурыць у школе было цікава. Памыць дошку з мылам. Тады дошкі карычневыя былі яшчэ, і іх цяжка было вымыць так, каб крэйда пасьля добра трымалася.

Нелюбімым прадметам была фізкультура. Таму што для мяне вельмі важна было быць лепшай за ўсіх — і гэта атрымлівалася, я была выдатніцай. Але не на фізкультуры. Я не магла прабегчы крос. Ужо пасьля школы высьветлілася, што ў мяне прыродная асаблівасьць сэрца. Але ўяўленьне аб тым, што ўсе мы павінны быць ідэальнымі, прымушала бегчы празь сілу. І некалькі разоў я нават выйгравала крос, пасьля чаго прыяжджала «хуткая» і забірала мяне ў шпіталь.

Пазьней бацькі пераехалі ў Беларусь. Давучвалася я ўжо ў Менску, скончыла школу з залатым мэдалём. А ў сваёй першай школе ніколі больш не была. Пасьля развалу СССР гарнізон закрыўся, яго будынкі разабралі пакрысе мясцовыя жыхары. Разабралі і нашу школу.

Напачатку мы з аднаклясьнікамі і настаўнікамі актыўна перапісваліся ў інтэрнэце, былі аднымі зь першых карыстальнікаў «Аднаклясьнікаў». Мы ўсе разьехаліся, у асноўным у Расею. Сустракаліся разам там, у Расеі нават. Але нас усіх падзялілі ўкраінскія падзеі. Пасьля іх частка расейскіх аднаклясьнікаў мяне заблякавала. І тое самае зрабіла і частка настаўнікаў. Што вельмі-вельмі крыўдна. Таму што мы вельмі цёпла перапісваліся, я адчувала падтрымку і радасьць ад маіх дасягненьняў. Але цяпер я ня бачу іх, а яны ня бачаць мяне.

Альгерд, пісьменьнік

Памятаю, старшаклясьнікам я неяк вышыў ніткамі на сваім сінім школьным пінжаку: «Так нельзя» і горда выправіўся на заняткі — гэта была мая першая спроба бунту. Сёньня гэта, вядома, выглядае на сьмешнаваты ўчынак, але тады была такая атмасфэра: усё навокал раптам зрабілася вельмі палітычным. Размовы з бацькамі і сябрамі, тэлевізія, кнігі, людзі ў чэргах і аўтобусах, сама атмасфэра Менску сярэдзіны і канца 80-х — усё было прасякнутае палітыкай, нонканфармізмам, выклікам і нейкай няяснай трывогай, а яшчэ навальнічным прадчуваньнем свабоды. І пасярод гэтага — разгубленыя настаўнікі, якія ўжо ня ведалі, што правільна, а што не.

Было адчуваньне, што ты дыхаеш часам. Хацелася вылучацца з натоўпу, хацелася спрачацца і ўсё ставіць пад сумнеў. Побач з «Так нельзя» на маім пінжаку неўзабаве зьявіліся шпількі і значкі з выявамі заходніх рокераў («The Doors», Iggy Pop, «The Cure», «Sonic Youth»), а потым, натуральным чынам, бела-чырвона-белы сьцяжок і «Пагоня». Гэта адбылося недзе ў 1989-м. Апошнія разам з маёй яшчэ няўпэўненай, але вельмі нахабнай беларускай мовай дужа злавалі нашага ваенрука: ён увесь час загадваў іх зьняць, ажно пакуль аднойчы беларускі нацыянальны сьцяг не залунаў над Домам ураду. У апошніх клясах я шакаваў пэдагогаў тым, што адказваў ля дошкі па-беларуску, размалёўваў дзёньнік дэмакратычнымі лёзунгамі і пісаў дыктанты тарашкевіцай: небаракі ня ведалі, што з гэтым рабіць.

Мне падабаліся і лёгка даваліся такія прадметы, як літаратура, мовы (расейская, беларуская, нямецкая), гісторыя, геаграфія; усё было ў парадку з мастацтвам (забыўся ўжо, як зваўся той прадмет). Сачыненьні зачытваліся перад усёй клясай як узоры жанру. А вось матэматыка і хімія зь фізыкай неяк не зацікавілі: чацьвёркі мне хапала, а часам і тройкі.

Цяпер забаўна: усё было, як у кіно. «Ваенрук» ненавідзіць «валасатых», гісторык эмігруе ў Ізраіль, старэйшыя зьдзекуюцца з малодшых... Пра сярэднюю школу, дзе я вучыўся, дастаткова шмат напісана ў рамане «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня». І хоць настаўнікі былі неблагія (напрыклад, «русіца» імкнулася адкрываць нам яшчэ ўчора забароненых і паўзабароненых расейскіх аўтараў: Булгакава, Хармса, Хлебнікава, Салжаніцына, Бродзкага і нават Бурлюка), мая школа была тым яшчэ савецкім пеклам: з жудаснымі лінейкамі і іншымі абсурднымі, ганебнымі рытуаламі, культам гвалту і крывадушнасьці, штодзённым зьнішчэньнем індывідуальнасьці. Яна была да апошняй масьнічыны насычаная хлусьнёй і нянавісьцю. Нас у Шабанах было чацьвёра сяброў, якія слухалі «іншую» музыку, шмат чыталі і трымаліся разам: думаю, дзякуючы гэтаму я і ацалеў у тым вусьцішным, убогім позьнесавецкім гета на ўскраіне Менску. Яшчэ ў школе я на ўсё жыцьцё ўзьненавідзеў герархіі, уладу, кіч, мілітарныя традыцыі, калектыўную працу, канфармізм, «мачызм», папсу, кругавую паруку, усю тую тупасьць і пакорлівасьць... І гэта найлепшая навука, якую дала мне мая школа.

Віталь, баец

Я свой першы дзень у школе выдатна памятаю. Пайшоў у 183-ю сярэднюю школу Менску. У Сцяпянцы гэта. Ужо тады свой нораў паказаў. Мяне ў школу не хацелі браць, прапанавалі ісьці праз год, калі мне споўніцца сем. А я хацеў ісьці менавіта ў той момант, таму што мой найлепшы сябра ў школу пайшоў, Алег. Як гэта — Алег ідзе, а я не? Ну і зрабіў скандальчык. Сказаў бацькам, што калі я зараз, з шасьці гадоў, не іду ў школу, то тады ўвогуле не пайду. Бацькі на гэта паглядзелі і пайшлі дамаўляцца. Дамовіліся, прынялі мяне ў школу. Але тут яшчэ адна нечаканая сытуацыя здарылася, бо сябра Алег, ідучы ў школу, ужо ўмеў чытаць, табліцу множаньня ведаў. Яго старэйшы брат навучыў, які ўжо ў пятую клясу хадзіў. І вось Алега раптам бяруць адразу ў другую клясу. А мяне ж толькі ў першую. Разьвялі нас перад лінейкай па розных кабінэтах, і я зразумеў, што не трапляю ў адну клясу зь сябрам. Засмуціўся і вырашыў кветкі, якія трэба было дарыць першай настаўніцы, выкінуць пад куст. І выкінуў. Але неяк упрасілі мяне на лінейку пайсьці ўсё ж. Падабралі тыя кветкі, далі мне іх зноў. І што я зрабіў? Я з тымі кветкамі пайшоў не да сваёй настаўніцы, а да настаўніцы сябра Алега і ёй іх падарыў. Разам з Алегам пасьля лінейкі пайшоў адразу ў другую клясу да яго. Потым вярнулі мяне ў першую, вядома. Настаўніцай там была Палякова Натальля Мікалаеўна. Цудоўная настаўніца. Дагэтуль яе ўспамінаю.

А вучыўся я добра, заўжды добрыя адзнакі былі. Дзевяць клясаў я скончыў на 4 і 5. Што падабалася? Безумоўна, гісторыя Беларусі. Фізкультура таксама, працоўнае навучаньне, маляваньне любіў. Геамэтрыя нармальна ішла, фізыка. Увогуле мне здаецца, гэта больш ад настаўніка залежыць, які прадмет падабаецца. Наколькі ён цікава свой прадмет вядзе. Складанасьці ў школе ў мяне ўзьніклі толькі ў 11-й клясе. Я ў іншую школу пайшоў, далёка было езьдзіць, па сем урокаў, дадатковыя заняткі. А я ўжо сур’ёзна трэнаваўся і проста перастаў выконваць хатнія заданьні. Такі распарадак дня быў, што ў 6.30 трэба было быць на прыпынку, каб даехаць да школы. А пасьля школы я ехаў дадому і адразу ішоў трэнавацца. Дадому вяртаўся позна, якая магла быць вучоба? Пазьней вярнуўся ў сваю школу, што была побач. Тады зьявілася больш часу, справы палепшалі.

Ці марыў некім стаць у школе? Ды ня бачыў я сябе нікім тады. Не было такога, каб я некім стаць хацеў. Проста хацелася жыць цікава. Не шукаў нейкай пэўнай прафэсіі, жаданьня стаць інжынэрам у мяне не было.

Ігар, музыка

Што я магу пра школу расказаць... Палову школы вучыўся нармальна, да клясы шостай. А потым захапіўся рок-н-ролам. Гэта калі ў двух словах.

У Баранавічах я вучыўся. Школа нумар 7. Вучыцца не любіў, калі шчыра. Спачатку марыў стаць падарожнікам, потым заолягам, яшчэ пазьней кіроўцам. Але нікім зь іх ня стаў, а стаў рок-музыкам. Урокі сьпеваў я не любіў, што мы там маглі сьпяваць? Ня «Smoke on the water» дакладна. Хоць я ў дзяцінстве савецкія песьні выконваў. «Орлёнок», «Тачанка», пра Шчорса.

Першую клясу памятаю, вядома. У 1967 годзе пайшоў у школу. Увогуле я там асобна трымаўся, ужо тады не любіў, калі шмат людзей. Хоць вучыўся нармальна. Асабліва любіў маляваць, геаграфію, заалёгію любіў. А матэматыка, хімія, фізыка — гэта быў капут.

Хуліганам ня быў, асабліва спачатку. Гэта потым ужо падпольна шкодзіць пачаў. Маляваў рознае. Спачатку катоў. А потым карыкатуры эратычныя пайшлі. У сшытках праўда, а не на партах. Папулярныя карыкатуры былі, іх нават у іншыя школы насілі паказваць аднаклясьнікі. Чакалі ўсе, калі новыя коміксы зьявяцца. Так я зрабіўся вядомым.

Давучыўся я ў 1977 годзе. Скончыў 10 клясаў. Хоць можна было 8 скончыць і пайсьці ў ПТВ. З аднаклясьнікамі сувязі страціў. Асабліва апошнім часам. На жаль, яны ўсе сталі ватнікамі. Да Крыму яшчэ сьпісваліся, сазвоньваліся, а потым усё. Любая размова канчалася сваркай. Тлумачыць нешта не атрымлівалася. Школу я ўвогуле нячаста прыгадваю, не любіў я вучыцца. На прыроду любіў езьдзіць, у паходы хадзіць, усё такое. Школа мяне мала цікавіла.

Алена, мэнэджар

У школу я пайшла ў 1977 годзе. Школа нумар 6 гораду Кобрыну. Спэцыялізаваная, з навучаньнем ангельскай мове. Першую клясу таксама памятаю. Запомнілася, што вельмі хацелася добра вучыцца. Але вось першую лінейку, напэўна, не прыгадаю. Гэтыя лінейкі пасьля паўтараліся штогод і неяк перамяшаліся ў памяці. Але гэты дзень я любіла. Заўжды новыя сшыткі, новыя падручнікі. Часам новая форма. Выбар карункавых каўнерыкаў і манжэтаў. Гэта была падзея.

У мяне вялікая кляса была. 36 чалавек, здаецца. Пяць клясаў на паралелі і прыкладна па 30 вучняў у кожнай. Часам я ў першую зьмену хадзіла, часам у другую. Ведаеце, я добра вучылася. Але не скажу, што роўна. Пастаянна нешта было лепш, нешта горш. Але скончыла з адной чацьвёркай — па фізкультуры. Нешта ў мяне там не атрымлівалася. Я высокай дзяўчынкай была і, відаць, мае цягліцы не пасьпявалі за ростам. Адзіная мая чацьвёрка ў дзясятай клясе. Так і не атрымала я залатога мэдаля. Але не шкадую. Умовы пры паступленьні што для залатога, што для срэбнага былі аднолькавымі на тыя часы. Адзін экзамэн трэба было здаваць. Паступала ў лінгвістычны ўнівэрсытэт — база добрая пасьля школы была. Хаця ў школе марыла стаць хірургам.

З аднаклясьнікамі ў школе былі добрыя стасункі. Кампаніі ў нас былі нефармальныя, зьбіраліся і па-за школай. Я давала сьпісваць. Ніколі не трымала пры сабе, падказвала. У старэйшых клясах за гэта нават мела заўвагі па дысцыпліне. Любіла пагаварыць на ўроках, абмеркаваць нейкія тэмы.

Улюбёны прадмет? Матэматыка, як ні дзіўна. Любіла матэматыку, а паступіла ў лінгвістычны. Праўда, не шкадую. О, яшчэ раскажу: у школе мяне ніяк не маглі далучыць да грамадзкай актыўнасьці. Ніякай грамадзкай нагрузкі я ня несла. Ні старастам не была, нікім. Усіх абавязкаў, зьвязаных з грамадзкай актыўнасьцю, як імкнулася пазьбегнуць любымі спосабамі. А цяпер вось бачыце як. Відаць, кампэнсацыя.

З былымі аднаклясьнікамі кантакты падтрымліваю. А вось з настаўнікамі не. Ведаеце, быў нейкі падзел у той час. Мы вучні, а настаўнік на п’едэстале. Таму такіх сяброўскіх стасункаў не было. Хоць я ўдзячная ім, кляснаму кіраўніку. Я часта праяжджаю каля будынка сваёй школы ў Кобрыні. Але не магу зайсьці — нешта спыняе. Ніколі пасьля заканчэньня школы не была ў ёй. Як мінімум двойчы на год бываю побач, але не заходжу, хоць і ёсьць такое жаданьне. Магчыма, некалі ўсё ж зайду.