Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тое, што робіцца ў чарнобыльскіх раёнах, — гэта злачынства, — Варонежцаў


Госьць «Інтэрвію тыдня» — былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР, беларускі грамадзкі дзеяч Юры Варонежцаў называе Беларускую АЭС тупіковым шляхам і эканамічным абсурдам, заяўляе, што ў чарнобыльскіх раёнах нельга вырабіць чыстую прадукцыю нават тэарэтычна, і распавядае, хто складае большасьць пацыентаў Гомельскага анкадыспансэра, дзе ён праходзіць курс хіміятэрапіі.

Сьцісла

  • Чарнобыльская тэма, на жаль, у грамадзтве сышла на нейкае 10–15 месца.
  • Ва ўладаў няма матэрыяльных рэсурсаў выконваць прынятыя чарнобыльскія праграмы
  • Нельга ў гэтых зонах вырабляць прадукцыю, якая потым можа трапіць на наш стол.
  • Беларуская АЭС — гэта тупіковы шлях і эканамічны абсурд

Ад «Чарнобыльскага шляху» ўжо не было вялікай карысьці ў пляне ўзьдзеяньня на вялікія масы суайчыньнікаў

— Сёлета ўпершыню за апошнія 30 гадоў у Менску ня пройдзе «Чарнобыльскі шлях». Ці гэта проста выпадковасьць, зьбег абставінаў, — ці заканамерны вынік і сьведчаньне тых працэсаў, якія адбыліся ў грамадзтве адносна чарнобыльскай тэмы?

— Я думаю, вы маеце рацыю. На вялікі жаль, чарнобыльская тэма — і намаганьнямі ўлады, і таму, што зьявіліся іншыя праблемы — сышла на нейкае 15–20 месца. Тое, што «Шляху» ня будзе — гэта кепска, бо мы ня можам выказаць сваё стаўленьне да гэтай трагічнай падзеі.

Юры Варонежцаў, архіўнае фота
Юры Варонежцаў, архіўнае фота

Зь іншага боку, ад гэтага «Шляху» ўжо не было вялікай карысьці ў пляне ўзьдзеяньня на вялікія масы суайчыньнікаў. Тое, што ўсё меншая колькасьць людзей прыходзілі на «Чарнобыльскі шлях», нават ішло на карысьць уладам, якія бачылі тут магчымасьць дзейнічаць беспакарана ў гэтым кірунку, не асьцерагаючыся рэакцыі з боку грамадзтва.

— Чым усё ж стаў Чарнобыль для беларусаў? Які сьлед гэтая трагічная падзея пакінула ў беларускім грамадзтве? Чаму памяць пра Чарнобыль даволі хутка сьціраецца ў большасьці беларусаў?

— Улады зацікаўленыя (і мы гэта бачым з прапаганды) у тым, каб нарэшце пераканаць грамадзтва, што ўсё прайшло, забудзьце, усё там распалася, можна араць, сеяць, зьбіраць ураджай, вырабляць малако, мяса. Зьвязана гэта найперш з тым, што ва ўладаў няма матэрыяльных рэсурсаў выконваць прынятыя чарнобыльскія праграмы. Я кажу пра мэдычнае абслугоўваньне, кантроль за якасьцю прадукцыі, стварэньне новых працоўных месцаў і гэтак далей.

Другі чыньнік — гэта будаўніцтва Беларускай АЭС. Гэта найпаўнейшы абсурд — у краіне, якая пацярпела ад атамнай катастрофы, будаваць АЭС. Прапаганда, на жаль, дзейнічае. На жаль, мы сапраўды пачалі забываць пра Чарнобыль, пра тое, што нам трэба жыць у асаблівым рэжыме і рабіць усё, каб гэта больш не паўтарылася.

Пацыенты Гомельскага анкадыспансэру — прыблізна дзьве траціны з чарнобыльскіх раёнаў, якія якраз там аруць і сеюць

— Некалькі дзён таму па дзяржаўным тэлебачаньні якраз быў паказаны фільм пра тое, як усё добра ў чарнобыльскіх раёнах, як там сеюць, зьбіраюць ураджай, чыстая прадукцыя. Актывісты чарнобыльскіх рухаў часта абвінавачваюць дзяржаву, што яна шмат што робіць ня так у чарнобыльскім пытаньні. А што трэба рабіць па-іншаму, што вас не задавальняе ў дзяржаўнай чарнобыльскай палітыцы?

— Гэтая прапагандысцкая перадача страшна мяне абурыла. Я акурат зараз праходжу чарговы курс хіміятэрапіі і кожны дзень кантактую зь людзьмі з гэтых раёнаў. Пацыенты Гомельскага анкадыспансэру — прыблізна дзьве траціны з чарнобыльскіх раёнаў, якія якраз там аруць і сеюць. Я не пракурор ці сьледчы, але лічу: тое, што там робіцца, — гэта злачынства. Бо нельга ў гэтых зонах вырабляць прадукцыю, якая потым можа трапіць на наш стол. Там нельга вырабіць чыстую прадукцыю, нават тэарэтычна.

Існуе канцэпцыя бясьпечнага пражываньня (яе ніхто не адмяняў), якая грунтуецца на прынцыпе, што нельга ажыцьцяўляць ніякіх дзеяньняў, якія могуць прывесьці да рызыкі павелічэньня дозы, якую атрымліваюць людзі.

І цяпер якраз небясьпечная радыяцыя ня столькі зьнешняя, колькі ўнутраная, якая трапляе ў наш арганізм з прадуктамі харчаваньня. Навошта вы лезеце ў гэты запаведнік, пашыраеце зону гаспадарчай дзейнасьці? Выдаткі на сельскагаспадарчую вытворчасьць не павінны перавышаць выдаткі на мэдыцыну ў забруджаных раёнах. Але, на вялікі жаль, цяпер большая частка выдаткаў якраз ідзе на сельскую гаспадарку.

Другое — гэта разьвіцьцё атамнай энэргетыкі ў нашай краіне, гэта поўны абсурд.

Ніводная з атамных станцыяў не была запушчаная ў тэрмін

— Беларускае грамадзтва ў свой час падзялілася на дзьве часткі ў пытаньні будоўлі АЭС. Адны казалі, што АЭС у прынцыпе патрэбная, але расейскі праект не выклікае даверу, іншыя — што АЭС не патрэбная ўвогуле. Ваша пазыцыя добра вядомая, вы прынцыпова супраць АЭС. Але цяпер многія эканамічныя разьлікі, зьвязаныя з АЭС, сталі яшчэ больш відавочныя.

— Так, мая пазыцыя ў тым, што атамная энэргетыка — гэта тупіковы шлях. Нямеччына, Італія, іншыя краіны Эўропы адмаўляюцца ад гэтага. Тое, што ў эканамічным сэнсе гэта поўны абсурд — было зразумела яшчэ ў 2006 годзе. Расея дала крэдыт, расейскія банкі атрымаюць працэнты, Расатам атрымаў грошы за будаўніцтва. А што застаецца Беларусі? Нам застаюцца толькі адкіды, якія ніхто нікуды не павязе. Гэта хлусьня, што Расея будзе забіраць іх на перапрацоўку — ніякага такога кантракту няма.

Беларуская АЭС каля Астраўца
Беларуская АЭС каля Астраўца

Генэруючых магутнасьцяў для вырабу электрычнасьці ў Беларусі і так у паўтара раза больш, чым трэба. То бок мы ўляцелі па-буйному. А яшчэ трэба будаваць рэзэрвовыя кампэнсацыйныя магутнасьці, і лініі электраперадачаў, гэта і батальёны аховы. Так што з эканамічнага гледзішча — гэта проста катастрофа. Надзеі, што мы будзем прадаваць электраэнэргію і атрымаем нейкі прыбытак, зусім няма.

— Нядаўна прагучала інфармацыя — замежныя экспэрты заявілі, што праект Беларускай АЭС не адпавядае стандартам МАГАТЭ. Ці мае гэта значэньне, ці, паколькі станцыя ўжо амаль гатовая, нейкіх радыкальных зьменаў улады не ўнясуць?

— Я ня ўпэўнены, што АЭС запусьцяць сёлета. Бо ніводная з атамных станцыяў не была запушчаная ў тэрмін. Увесь час зьяўляюцца нейкія прэтэнзіі ад кантрольных органаў сваёй краіны, а таксама і ад МАГАТЭ.

На жаль, досьвед паказвае, што беларускае кіраўніцтва слаба прыслухоўваецца да думкі міжнародных арганізацыяў. Мне вельмі не падабаюцца слабыя месцы праекту Беларускай АЭС, і я б з пункту гледжаньня МАГАТЭ заняў больш жорсткую пазыцыю. Але ў нас можа адбыцца ўсё, і станцыю, на вялікі жаль, могуць запусьціць на нейкае чарговае вялікае сьвята.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле падобнага праекту расейцы ўжо збудавалі Цяньваньскую АЭС у Кітаі, але менавіта такіх станцыяў яшчэ не запускалі.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • 100% паліва для БелАЭС будзе з Расеі. Але беларускае Мінэнэрга заяўляе, што «АЭС — гарантыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі».
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энэргіі, пакуль ня вырашылі. Суседнія краіны не зацікавіліся пакупкай электраэнэргіі зь БелАЭС, а Літва заклікае байкатаваць энэргію са станцыі.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG