Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя экспэрты заявілі, што праект Беларускай АЭС не адпавядае стандартам МАГАТЭ


Беларуская АЭС ©Shutterstock
Беларуская АЭС ©Shutterstock

Міжнародныя экспэрты на замову грамадзкага аб’яднаньня «Экадом», Беларускай партыі «Зялёныя» і Беларускай антыядзернай кампаніі правялі аналіз стрэс-тэстаў БелАЭС і выдалі рэкамэндацыі для Дзяржатамнагляду Беларусі.

Стрэс-тэсты Беларускай атамнай электрастанцыі ў розныя гады праводзілі пецярбургская кампанія «Атом-проект», якая ўваходзіць у склад генпадрадчыка будаўніцтва «Росатом» (2016), Дзяржатамнагляд Беларусі (2017), а таксама экспэрты Эўрапейскай групы рэгуляваньня ядзернай бясьпекі ENSREG (2018).

Эўрапейскія незалежныя экспэрты на чале зь вядомай нямецкай спэцыялісткай у галіне ядзернай бясьпекі Одай Бэкер (Oda Becker), з аднаго боку, адзначылі высокую якасьць стрэс-тэстаў Беларускай АЭС, падтрымалі многія высновы і рэкамэндацыі.

Але яны падкрэсьліваюць, што праект быў распрацаваны паводле старых стандартаў яшчэ «дафукусімскай эры» (да аварыі на АЭС Фукусіма-1 у Японіі ў 2011 годзе).

З другога боку, на іх думку, ня ўсе пытаньні бясьпекі былі разгледжаныя. Расейскі праект АЭС-2006 мае шэраг недахопаў, якія выпалі з поля зроку афіцыйнай экспэртызы і якія ўплываюць на ўразьлівасьць атамнай электрастанцыі да прыродных катаклізмаў.

Нягледзячы на тое, што Беларусі не пагражаюць, напрыклад, цунамі і моцныя землятрусы, можа здарыцца поўнае абясточваньне станцыі, існуе пагроза паводкі, падтапленьняў, у Беларусі бываюць моцныя ўраганы і ліўні, кажа адна з ініцыятараў правядзеньня незалежнай экспэртызы Тацяна Новікава. Але дагэтуль няма службовых інструкцый, як дзейнічаць падчас аварый і няштатных сытуацый.

Экспэрты пералічылі і канкрэтныя тэхнічныя прыклады неадпаведнасьці расейскага праекту сучасным стандартам і патрабаваньням МАГАТЭ і WENRA (Заходнеэўрапейскай асацыяцыі рэгулятараў у галіне ядзернай бясьпекі):

  • неадэкватная абарона сыстэм бясьпекі АЭС,
  • негарантаваная функцыянальнасьць пасткі расплаву,
  • рызыка страты цэласнасьці ахоўнай абалонкі (кантайнтмэнту),
  • адсутнасьць фільтрацыі сыстэм вэнтыляваньня ды іншыя.

Грамадзкае аб’яднаньне «Экадом», Беларуская партыя «Зялёныя» і Беларуская антыядзерная кампанія заклікалі Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Беларусі не выдаваць ліцэнзію на эксплюатацыю Астравецкай АЭС да ліквідацыі праектных і вытворчых недахопаў.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG