<<p>Пратэстанты Менску</p> <p>Хто яны, чым адрозьніваюцца і колькі іх</p> Мы наведалі цэрквы асноўных пратэстанцкіх плыняў, каб высьветліць, чым яны адрозьніваюцца ад каталікоў, праваслаўных і між сабой, і паразмаўляць зь вернікамі пра іхні выбар.

'>

Пратэстанты Менску

Хто яны, чым адрозьніваюцца і колькі іх


Мы наведалі цэрквы асноўных пратэстанцкіх плыняў, каб высьветліць, чым яны адрозьніваюцца ад каталікоў, праваслаўных і між сабой, і паразмаўляць зь вернікамі пра іхні выбар.

Хто такія пратэстанты й чым адрозьніваюцца ад іншых хрысьціянаў

Хрысьціянства падзяляюць на тры кірункі: пратэстанцтва, каталіцтва ды праваслаўе. Пратэстанты за адзіны аўтарытэт маюць Біблію, каталікі й праваслаўныя прызнаюць адной з крыніц веравучэньня й Сьвятое Паданьне — вучэньні, наўпрост ня выказаныя ні ў Старым, ні ў Новым Запавеце.

За стагодзьдзі свайго існаваньня хрысьціянская царква пачала выкарыстоўваць у набажэнствах пэўныя атрыбуты, напрыклад, сьвечкі ці кадзілы, а таксама дзеі — такія, як знак крыжа сьвятога (каталікі хрысьцяцца зьлева направа, праваслаўныя — справа налева), акрапленьне сьвятой вадой, асьвячэньне ежы ці нацельнага крыжыка, хросны ход, адпяваньне нябожчыкаў. У царкве склаўся культ сьвятых, Дзевы Марыі і г.д.

Вернікі пратэстанцкай царквы «Благодать»

Пратэстанцтва ж узьнікла як жаданьне вярнуцца да ідэалаў раньняга хрысьціянства, пазбыўшыся гэтых пазьнейшых практык. Пратэстанты ня моляцца сьвятым, Дзеве Марыі і ніякім іконам, не выказваюць пашану мошчам і г.д.

Чаму сярод пратэстантаў шмат плыняў і чым яны адрозьніваюцца

Пратэстантаў падзяляюць на два тыпы — цэрквы першай хвалі Рэфармацыі (лютаране, кальвіністы) і цэрквы другой хвалі Рэфармацыі, або эвангельскія (пяцідзясятнікі, харызматы, баптысты, адвэнтысты ды новаапостальцы). У Беларусі цяпер эвангельскія пратэстанты маюць абсалютную большасьць, а сярод іх па колькасьці цэркваў і вернікаў выдзяляюцца пяцідзясятнікі, або афіцыйна — хрысьціяне веры эвангельскай.

«Я зь Берасьця. Жыву ў Менску з часоў вучобы ў БДУ. Нарадзіўся ў тыповай для СССР атэістычнай сям’і. Пяцідзясятніцай была дальняя сваячка — яна й параіла маёй маці наведваць іх царкву ў Берасьці. Бацька быў катэгарычна супраць, нават хацеў разводзіцца. Але пазьней і ён стаў пяцідзясятнікам. Аказалася, што ён употай чытаў матчыну Біблію, а ў царкву прыйсьці вырашыў пасьля аднаго выпадку на лямпавым заводзе, дзе ён працаваў. Яму ў вока трапіла распаленае шкло, але ён, тады яшчэ няверуючы, зьвярнуўся да Бога па дапамогу, і раптам гэтае шкло застыла і проста гарошынай выйшла. Гэты цуд яго вельмі ўразіў, бо ён мусіў страціць зрок. Бацькі й да сёньня наведваюць тую царкву. Цяпер яна ўжо мае свой уласны вялікі будынак.

Для мяне пачутае ў царкве прагучала пераканаўча. Можа, дзецям лягчэй верыць. Але канчаткова ў існаваньне Бога я паверыў, калі са мной здарыўся цуд, таксама як і з бацькам. Я бавіўся ў рацэ, але згубіў дно й пачаў тануць, бо ня ўмеў плаваць. Я вельмі спужаўся ды пачаў маліцца — раптам мяне неяк моцна падштурхнула зьнізу — я вылецеў у бок берага, дзе ўжо даставаў нагамі да дна.

Цяпер я хаджу ў менскую пяцідзясятніцкую царкву „Благодать“ на вул. Гурскага, 48. Штотыдзень яе наведваюць некалькі тысяч вернікаў».

Сяргей Паднюк, рэктар Тэалягічнага інстытуту ды намесьнік эпіскапа Аб’яднанай царквы хрысьціян веры эвангельскай

Лютаране й кальвіністы значна больш кансэрватыўныя. Ад эвангельскіх пратэстантаў яны адрозьніваюцца, сярод іншага, тым, што практыкуюць хрышчэньне дзяцей, як каталікі й праваслаўныя. Іх сьвятары выкарыстоўваюць для набажэнстваў адмысловае адзеньне.

Лютаране, як і каталікі, маюць абрад канфірмацыі — сьвядомага й вольнага пацьверджаньня сваёй прыналежнасьці да царквы. Дзяцей у лютаран хрысьцяць, але калі тыя сталеюць, то ў іх пытаюцца, ці сьвядомая іхняя вера. Падлеткі павінны ведаць асновы хрысьціянскага вучэньня ды самастойна выказаць жаданьне быць у царкве далей. Праваслаўныя таксама хрысьцяць дзяцей, але ня маюць канфірмацыі. То бок бацькі вызначаюць за дзяцей іхнюю веру — так тыя па змоўчаньні й лічацца праваслаўнымі ўсё жыцьцё. У эвангельскіх хрысьціянаў такога няма: тыя хрысьцяць ужо ў сьвядомым веку, калі чалавек сам прымае рашэньне.

Сярод эвангельскіх хрысьціянаў таксама ёсьць адрозьненьні, але менш значныя. Пяцідзясятнікі, харызматы, баптысты й адвэнтысты шчыльна супрацоўнічаюць. А вось новаапостальцы зь імі зносінаў ня маюць.

Харызматы — самая маладая плынь пратэстантаў, у Беларусі яны зьявіліся ў 1990-х гадах. На набажэнствах яны танцуюць, выкарыстоўваюць сучасную музыку, могуць граць рок, чытаць рэп, некаторыя харызматычныя цэрквы заахвочваюць прыхаджанаў да бізнэсу.

Пяцідзясятнікі — больш кансэрватыўныя. Ад астатніх эвангельскіх пратэстантаў гэтыя дзьве плыні адрозьніваюцца прызнаньнем дару маўленьня на іншых мовах падчас хрышчэньня Сьвятым Духам. Сьвяты Дух — адна з трох іпастасяў Бога. У Бібліі апісана, як аднойчы першыя хрысьціяне загаварылі на самых розных мовах. Баптысты, адвэнтысты й новаапостальцы прызнаюць такі дар за факт, але лічаць, што ён меў месца толькі ў біблейскія часы.

«Пратэстантам стаў мой дзед па маці. Ён працаваў у КГБ, і яго накіравалі зь Ленінграду ў Менск. Аднойчы ён зацікавіўся сьвятлом у вакне дзіцячага садка — аказалася, там сядзела дзяўчына й чытала Біблію. Ён паабяцаў не расказваць пра яе, але кнігу мусіў забраць. Пазьней ён пачаў хадзіць у падпольную баптысцкую, а затым пяцідзясятніцкую царкву. Я таксама хадзіў ў падпольную царкву з 70-х. Тады вернікі зьбіраліся па кватэрах. Міліцыя выпісвала штрафы, калі даведвалася.

Мы хадзілі ў пяцідзясятніцкую царкву, але ў нас зьявілася разуменьне, што сутнасьць ня ў форме: пяеш ты са сьпеўніка ці не, паводзіш сябе стрымана ці танцуеш і пляскаеш у ладкі. Мы ўтварылі сваю царкву — поўнага Эвангельля. У нас больш сучасная форма пакланеньня: мы выкарыстоўваем сучасную музыку, напрыклад, джазавы аркестар. У нас у царкве нават рок-канцэрты праходзяць. Гэта нечувана для больш кансэрватыўных пяцідзясятнікаў.

Спачатку мы арандавалі залі для набажэнстваў, напрыклад Царква Ісуса Хрыста зьбіралася ў ДК „Сукно“ на вул. Матусевіча. Але ў 1997 годзе выйшаў закон, які забараніў гэта. Харызматы набылі прыватныя дамы, але нам нельга ніяк пазначаць іх. Уласны будынак на вул. Мядзьвежына мы маем ужо больш за 10 гадоў. Штотыдзень на набажэнствы да нас прыходзяць каля ста чалавек.

Мерапрыемствы ў царкве амаль штодзень: рэпэтыцыі, сустрэчы з залежнымі ад наркотыкаў ці алькаголю. Да нас прыйшлі бацькі наркаманаў, сталі хрысьціянамі, і неўзабаве іх дзеці вызваліліся ад залежнасьці. Хтосьці вылечваўся ад анкалёгіі.

Наш напрамак практычны, прывязаны да рэальнага жыцьця. Мы матывуем на бізнэс, на тое, каб людзі рэалізоўвалі сябе. Мы верым, што прызваныя быць пасьпяховымі, а ня весьці аскетычны лад жыцьця».

Андрэй Сідар, пастар харызматычнай царквы «Сьвятло сьвету».

Адвэнтысты вылічылі, што Хрыстос мае другі раз прыйсьці на Зямлю ў 1844 годзе. Пазьней сказалі, што Хрыстос ішоў, але не дайшоў, таму што людзі не выконваюць запавет шанаваць суботу. Адвэнтысты сталі праводзіць набажэнствы па суботах, але новай даты прышэсьця Хрыста ўжо не называюць. Таксама яны не ўжываюць сьвініны, кавы, чаю.

Чаму сьведкі Яговы й мармоны — не пратэстанты

Гэтыя рэлігійныя рухі часта называюць пратэстанцкімі нават СМІ. Але і пратэстанты ня лічаць іх сваімі, і яны самі, у прыватнасьці на сваіх сайтах, падкрэсьліваюць: «мы не пратэстанты».

Сьведкі Яговы прызнаюць Хрыста за рэальную асобу, але адрозьніваюцца ад хрысьціянаў тым, што не пакланяюцца яму, ня вераць, што ён — адна з трох іпастасяў Бога. Таксама яны не сьвяткуюць хрысьціянскія сьвяты, у тым ліку Раство й Пасху, забараняюць пераліваньне крыві, адмаўляюць пекла ды лічаць, што нявернікі будуць зьнішчаныя без надзеі на ўваскрасеньне. У сярэдзіне ХХ стагодзьдзя сьведкі Яговы зрабілі ўласны пераклад Бібліі, бо «іншыя пераклады маюць памылкі». Цяпер чальцоў гэтай царквы больш за 8 мільёнаў. Ёсьць яны і ў Беларусі.

Мармоны маюць шэраг уласных кніг, якія па значнасьці прыроўніваюцца да Бібліі. Галоўная зь іх — Кніга Мармона. У ёй апавядаецца. як частка старажытных габрэяў трапіла ў Паўночную Амэрыку, а пазьней іх нашчадкаў наведваў сам Хрыстос. Мармоны вераць, што Кнігу Мармона ў 19 стагодзьдзі знайшоў Джозэф Сьміт, які й заснаваў Царкву Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён. Цяпер у сьвеце больш за 15 мільёнаў мармонаў. Ёсьць яны і ў Менску. Нядзельныя набажэнствы адбываюцца ў арандаванай залі бізнэс-цэнтру на пр. Машэрава — штотыдзень іх наведваюць каля ста чалавек. Неўзабаве яны пераедуць у асобны 2-павярховы будынак у раёне ст.м. «Пралетарская».

Сьведкі Яговы й мармоны маюць прынцыповыя дагматычныя адрозьненьні ад хрысьціянаў. Самі яны называюць толькі сябе сапраўднымі хрысьціянамі ды прапаведуюць, што толькі чальцы іхніх цэркваў атрымаюць збаўленьне.

Каго больш сярод беларусаў: пратэстантаў ці праваслаўных?

Гэтае пытаньне можа зьдзівіць, таму што распаўсюджана меркаваньне, што большасьць веруючых беларусаў — праваслаўныя. Пра гэта сьведчыць і дзяржаўная статыстыка. У 2011 годзе Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі паведаміў, што сярод рэлігійных беларусаў 81% — праваслаўных, 10,5% — каталікоў, 0,5% — пратэстантаў.

Гэтая лічба рэзка кантрастуе з колькасьцю зарэгістраваных рэлігійных грамадаў — у пратэстантаў і праваслаўных іх прыкладна пароўну. Афіцыйнае тлумачэньне тое, што ў пратэстанцкія цэрквы ходзіць мала людзей. Але варта пахадзіць па набажэнствах, каб убачыць запоўненыя залі. А некаторыя пратэстанцкія храмы маюць больш за тысячу сядзячых месцаў.

«Нават па афіцыйнай статыстыцы пратэстанцкіх цэркваў больш за праваслаўныя ды каталіцкія ў Беларусі, але мы жывем нібыта ў праваслаўнай дзяржаве. У пратэстантаў няма абстрактных людзей. Калі людзі ня ходзяць рэгулярна ў царкву — іх ніхто ня ўлічвае. У нас няма хрышчэньня дзяцей, а хто пытаецца ў іх у праваслаўных сем’ях?

З праваслаўнай царквой мы працуем у няроўных умовах. Дзяржава ведае, што мы тут: пакуль паводзіш сябе ціха — не чапаюць. Але я лічу, што чым больш цяжкасьцяў, тым здаравейшая рыба. Там, дзе большая небясьпека, там рыба больш выносьлівая. Нашы людзі — больш актыўныя, патрыёты царквы. У апошнія гады, калі моцна пагоршылася эканамічная сытуацыя, мы перасталі адчуваць ціск уладаў. Пайшло пацяпленьне».

Андрэй Сідар

Нават калі прыгледзецца да будынка царквы, дзе служыць Андрэй Сідар, ніадкуль не відаць, што тут пратэстанцкая царква. Улады забараняюць пазначаць катэдж крыжам, бігбордам ці неяк яшчэ. Нельга знайсьці яе й на мапах. І аналягічнае становішча маюць дзясяткі цэркваў. Але, нягледзячы на гэта, на набажэнствы яны зьбіраюць поўныя залі.

Сяргей Паднюк таксама ня згодны з афіцыйнымі дадзенымі. Ён дапускае, што Беларусь па колькасьці вернікаў ужо можа быць пераважна пратэстанцкай, а не праваслаўнай. Як філёзаф, доктар навук, ён удзельнічаў у дасьледаваньні Акадэміі навук пра рэлігійнасьць беларусаў. Аказалася, што з тых, хто назваў сябе праваслаўнымі, толькі прыкладна 2 адсоткі адказалі, што рэгулярна ходзяць у царкву ды ведаюць асноўныя хрысьціянскія догмы. Сярод пратэстантаў такіх больш за 90 адсоткаў.

«Хрысьціянства — пытаньне асабістых сьвядомых адносін чалавека да Бога, а не пытаньне паходжаньня. Хрышчэньне дзяцей, па сутнасьці, ня робіць іх хрысьціянамі. Калі ўлічваць крытэр уцаркоўленасьці — як часта ходзіш у царкву, ці ведаеш веравучэньне, асноўныя запаветы Хрыста — пратэстантаў у Беларусі адназначна больш, чым праваслаўных ці каталікоў. Значная частка праваслаўных бывае ў царкве два разы ў жыцьці — калі маюць хрышчэньне ды калі іх адпяваюць.

Большасьць праваслаўных — проста сьвецкія людзі, якія вераць, што дзесьці ёсьць нейкі Бог, і ўсё. Іх нельга назваць хрысьціянамі нават зыходзячы з клясычнага праваслаўнага багаслоўя — бо яны ня ведаюць асноў веравучэньня ды не наведваюць царкву рэгулярна».

Сяргей Паднюк

У публікацыі выкарыстаныя фатаздымкі са службы ў пратэстанцкай царкве «Благодать».

Credits

Аўтар: Павал Дабравольскі, АШ. Дызайн і распрацоўка Pangea Design.


2016 © Pangea Digital, Радыё Свабода