Беларуска, якая можа прадаць любы замак. Усім, акрамя беларусаў

Сымбаль Чэхіі – замкі, іх тут каля 2000. Аднак большасьць патрабуе рэканструкцыі. Чэхія знайшла спосаб ратаваньня гістарычных будынкаў: яна вяртае некалі нацыяналізаваную маёмасьць колішнім уладальнікам, а тыя павінны альбо давесьці наноў атрыманы замак да ладу, альбо прадаць тым, хто дасьць рады аднавіць яго. Такіх пакупнікоў для гістарычнай нерухомасьці знаходзіць у Чэхіі беларуска Натальля Маковік. Зь ёй сустрэлася Алена Радкевіч.

Прадавец і пакупнік

— Наташа, угаварыце мяне купіць гэты замак. Як вы пачынаеце «ачмураць» кліента?

Мы з Натальляй Маковік, спартовай, энэргічнай маладой жанчынай, разглядаем велізарны замак Глубаш, гістарычны будынак 16-га стагодзьдзя непадалёк ад Прагі. Натальля прадае замкі ў Чэхіі. Я — прыкідваюся пакупніком. Натальля вытрымлівае правілы гульні і паводзіць сябе са мной, як з сурʼёзным кліентам.

— Пачынаецца ўсё з гісторыі, таму калі б вы захацелі купіць гэты замак, я б растлумачыла вам усё проста. Уявіце сабе: 1918 год, Чэхаславаччына, новая краіна, для іх першага прэзыдэнта, Томаша Гарыга Масарыка, патрэбная рэзыдэнцыя. Замкаў пад Прагай шмат, у сярэднячэскім краі іх каля 700. Зь іх Томаш Гарыг Масарык выбраў менавіта Глубаш. Па-першае, ад Праскага Граду толькі 45 кілямэтраў. Па-другое, замак на той час лічыўся адным з самых мадэрнова абсталяваных: тут ужо былі электрычнасьць, газ, нават невялікі спа з басэйнам. Акрамя таго, працаваў ліфт і была сучасная кухня, што было немалаважна для Масарыка і ягонай жонкі-амэрыканкі, якая прызвычаілася да пэўнага ўзроўню камфорту. Масарыку таксама падабалася, што ён тут, сярод палёў і лясоў, можа займацца верхавой яздой, бо ён вельмі любіў коней, у яго іх было шмат. Па-трэцяе, вакол замка ўнікальны батанічны сад з калекцыйнымі дрэвамі: каб паглядзець на яго, прыяжджалі дэндролягі з усяго сьвету і нават імпэратар Аўстра-Вугоршчыны. Усё гэта можа неўзабаве належаць і вам.

​​Маё самалюбства, як пакупніка, усьцешанае: я магу стаць уладальніцай колішняй прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі. Праўда, тут за савецкім часам былі і казармы, і інтэрнат для рабочых уранавых руднікоў, і палітычная школа — сьляды гэтага будуць адчувацца яшчэ доўга. Пасьля 1989 замак вярнулі нашчадкам апошняга ўладальніка паводле рэстытуцыі, яны выставілі палац на продаж.

Натальля тым часам апэлюе да майго патрыятызму:

— Чаму гэты замак будзе яшчэ цікавы беларусам, украінцам і расейцам — менавіта тут Масарык прыдумаў дабрачынны праект, які атрымаў назоў у Чэхаславаччыне «руская акцыя», але насамрэч гэта была акцыя дапамогі беларусам, украінцам і іншым жыхарам бальшавіцкіх тэрыторыяў, якія ўцякалі ад тэрору. Масарык ня толькі прадставіў ім чэхаславацкае грамадзянства, але яшчэ было вырашана падтрымаць гэтых уцекачоў матэрыяльна, працоўнымі месцамі і грашовай дапамогай.

Усё гэта вельмі цікава, але кошт — звыш мільёна эўра — робіць бяссэнсавай далейшую «апрацоўку» мяне, як кліента. Мы перастаём гуляцца і пачынаем сурʼёзную гутарку.

Эмігрантка і чэская гістарычная нерухомасьць

— Вядома, чалавек, які вырашыў набыць сабе замак, павінен быць багатым, гэта адназначна, бо і рэканструкцыя будзе каштаваць вельмі шмат, — канчаткова абсякае мае пэрспэктывы стаць гіпатэтычнай уладальніцай палацу Натальля. — Але мяне заўсёды цікавіць, ці ведае пакупнік, чаму ён гэта набывае? Таму што калі купляць толькі для таго, каб сказаць сябрам: «А ў мяне ёсьць замак!» — гэта несурʼёзная прычына. Калі ён жадае на гэтым зарабіць — выдатна: я яму дапамагу прыдумаць інвэстыцыйны праект. Калі для сямʼі — мне таксама гэтая ідэя даспадобы, бо замкі заўсёды былі перадусім сямейнымі рэзыдэнцыямі. Але калі чалавек кажа: «Я адчыню нейкі культурны цэнтар ці музэй», — я адразу ведаю, што гэты праект працаваць ня будзе, бо ані музэі, ані галерэі не акупляюцца: гэтыя інвэстыцыі не вяртаюцца. Значыць, чалавек несурʼёзна думае пра тое, як выкарыстоўваць гэтую гістарычную будову.

— А ці вам не ўсё роўна? Вам жа трэба прадаць.

— А мне не ўсё роўна — у гэтым маё адрозьненьне ад звычайных прадаўцоў нерухомасьці. Для мяне галоўнае — не прадаць, а каб гэты праект жыў. Бо рэпутацыя ў маім бізнэсе вельмі важная: і калі маі кліенты будуць купляць замкі, а потым іх ліквідаваць, то мяне будуць абвінавачваць, што я не ўмею займацца гэтым бізнэсам і не адказна стаўлюся да гісторыка-культурнай спадчыны Эўропы. Я прыйшла займацца бізнэсам у вельмі кансэрватыўнай, цяжкай, закрытай сфэры — замкі Чэхіі, гэта — сымбаль Чэскай Рэспублікі. Вядома, слушна было б, каб гэта рабілі самі чэхі. Тым ня менш, я, эмігрантка, вырашыла гэтым займацца, і ў той час, калі я пачала аб гэтым думаць, рынак гістарычнай нерухомасьці ў Чэхіі фактычна не існаваў. Так што і мая вялікая заслуга ў тым, што гэты рынак сёньня пачынае працаваць паводле нейкіх законаў, і я ўжо маю пэўную магчымасьць паўплываць на кошты гістарычнай нерухомасьці ў Чэхіі, я раю ўласьнікам, як выкарыстоўваць гэтыя замкі, як на іх зарабляць. Я лічу, што кожны багаты жыхар Чэхіі павінен узяць і адрамантаваць нейкі замак.

Мужчыны і жанчыны: каханкі і жонкі

У Чэхіі каля 2000 замкаў, большасьць зь іх патрабуе рэканструкцыі. Чэская дзяржава даўно вярнула замкі колішнім уладальнікам — разам з адказнасьцю за іх. Першая эўфарыя зьмянілася для многіх адчуваньнем непадʼёмнасьці спадчыны, так што ідэя дапамагчы знайсьці для гістарычнай уласнасьці новых гаспадароў лунала ў паветры. Але пакуль мясцовыя рыэлтэры вывучалі каньюнктуру, задуму матэрыялізавала беларуска. За апошнія два гады Натальля Маковік прадала 34 замкі.

— Калі я толькі пачынала прадаваць замкі — спачатку маімі кліентамі былі адны расейцы, украінцы і казахі.

У гэтым месцы ў мяне ўзьнікае пытаньне, але Натальля робіць знак, што, маўляў, дазвольце я працягну — і я адкладаю сваю рэпліку на пазьней.

— Я пыталася: чаго вам не хапае? Дык вось: замак ім патрэбны, каб адчуць сябе лепшымі, каб пачаць паводзіць сябе па-шляхетнаму. Калі ёсьць замак — ім бракуе рыцарскага тытулу. Мужчыны пасьля 50 год пачынаюць аб гэтым думаць. Яны хочуць стаць лепшымі, пакінуць пасьля сябе нейкую спадчыну, сьлед у гісторыі, жадаюць, каб іхныя дзеці імі ганарыліся. Можа, гэта крызыс сярэдняга ўзросту? Мой тыповы кліент такі і ёсьць: мужчына пасьля 50-60 гадоў, часьцей за ўсё прадпрымальнік — уласьнік вялікай фабрыкі ці заводу, і менавіта з такім пачуцьцём: мне трэба нешта зрабіць!

— А жанчыны не выяўляюць такіх жаданьняў?

— Ёсьць і жанчыны, але гэта такія моцныя асобы! — Натальля сьціскае руку ў кулак, каб больш даходліва прадэманстраваць жаночую моц. Яна ўвогуле жэстыкулюе выразна. — Дарэчы, пра жанчын: калі мужчына прыяжджае паглядзець на замак з каханкай — я ведаю, што нічога не набудзе, што гэта проста каб паказаць ёй, які ён круты. Але калі прыяжджае з жонкай — у мяне ўжо ёсьць упэўненасьць, што, магчыма, падпішам кантракт. Але ў той жа час гэтыя жонкі — яны мае ворагі, — сьмяецца Наташа. — Калі мужчына нарэшце кажа: «Я заслужыў, я хачу мець замак!» — жанчына пачынае лічыць, колькі і чаго яна сабе не набудзе, бо ўсе грошы пойдуць на рэканструкцыю. І пачынае так апрацоўваць свайго мужа! У мяне такіх прыкладаў нямала: бывае, мужчыны, якіх я ведаю шмат гадоў, тэлефануюць і кажуць: «Наташа, замак трэба набыць, толькі жонцы нічога казаць ня трэба!»

Замак за 1 крону

— Які самы дарагі і самы танны замак вам удалося прадаць?

— Самае дарагое, што прадалося — за 1 млн 200 тысячаў эўра, а самы танны за 1 крону, і гэты замак прадалі грамадзяніну Расеі пры ўмове, што ён перасуне яго на іншую зямлю. Таму мы зараз рыхтуем замак да эміграцыі. Уладальнік хацеў зьліквідаваць яго, бо замак замінаў пашыраць на тэрыторыі вытворчасьць. Але мясцовыя не дазволілі руйнаваць помнік. Тады ён прапанаваў: «Набудзьце хто заўгодна за 1 крону — але толькі перамясьціце з маёй зямлі». Я думала, што гэта курʼёз, але знайшоўся чалавек з Падмаскоўя, гатовы інвэставаць. Мы знайшлі спэцыяліста, які можа перавезьці замак на іншую тэрыторыю. Аказалася, можна ўсё разабраць па цэглах-камянёх, кожны алічбаваць і потым сабраць наноў. Праект, які шмат грошай не прыносіць, але гэта цікава і незвычайна.

— Гэта, хутчэй, выключэньне, а якая ніжняя цэнавая плянка на самой справе?

— Аднойчы я прадала замак за 40 тысячаў даляраў праз Фэйсбук. Я была, напэўна, першым чалавекам на плянэце, які прадаў замак праз сацыяльную сетку. На гэтым тыдні я прадала за 18 тысячаў эўра — але там разваліны, ужо няма даху. Можна стаць уладальнікам замка вельмі танна.

Адступленьне. Тэхнік са «Шкоды»

Усё ж мне рупіць пагаварыць і з пакупніком. На тое, якім бачаць свой замак суайчыньнікі па былым СССР, глядзець ахвоты няма — хаця, магчыма, я прадузятая — але мне значна больш цікава, хто купляе руіны. І я выпраўляюся на наступны дзень у мястэчка Дрглава — за 70 кілямэтраў на поўнач ад Прагі.

Беларусы і замкі

— Ніводнаму беларусу я яшчэ замка не прадала, — кажа Натальля — Я лічу, адна прычына: мала багатых людзей. Па-другое, магчыма, гэта тлумачыцца спэцыфічнай мэнтальнасьцю, калі беларусы не настолькі ўпэўненыя ў сабе, што маюць права на замак. Беларусы ўсё яшчэ лічаць, што яны гэтага не заслугоўваюць, не дастатковыя эўрапейцы, хутчэй дзесьці батракі. Проста для таго, каб быць уладальнікам замка, трэба мець адчуваньне: я магу, я заслужыў! А каб да гістарычнага, да антыкварыяту адчуваць закаханасьць, трэба мець нейкі культурны код. Гэта не зьяўляецца зь нічога. Праблема Беларусі, што нам удзёўбвалі ў галаву, што наша гісторыя пачалася зь 17-га, а тое і з 45-га году.

Наташа і Лукашэнка

— Калі я вучылася ў школе, я марыла займацца міжнародным бізнэсам, — узгадвае Натальля. — І менавіта таму пайшла паступаць у эканамічную гімназію, пачала вывучаць беларускую мову — я яе вывучала з рэпэтытарам, я не размаўляла па-беларуску наогул. Потым пайшла паступаць ва ўнівэрсытэт на зьнешнеэканамічную дзейнасьць, але якраз у той момант Лукашэнка заявіў, што ўсе прадпрымальнікі — зло. І менавіта таму для мяне было абсалютна лягічна, што калі Лукашэнка перашкаджае мне станавіцца прадпрымальнікам — трэба яго здымаць. Нам такі прэзыдэнт не патрэбен! Так я трапіла ў БНФ, а ўжо потым была сярод сузаснавальнікаў Маладога Фронту. Я гэта рабіла з-за таго, што трэба было змагацца з Лукашэнкам.

— А калі б ён цяпер зьвярнуўся да вас з просьбай падшукаць яму замак?

— Ня ведаю, — Натальля задумваецца. — Калі чалавек мне непрыемны, я зь ім ня буду працаваць.

І ўзгадвае пацешную гісторыю:

Грошы — пахнуць

Нарэшце задаю пытаньне, якое мне карцела ад моманту, калі Натальля ўзгадала, што сярод яе кліентаў пераважна расейцы:

— Вы былі ў БНФ, які выступае за дэмакратызацыю, супраць русыфікацыі. Цяпер сярод вашай кліентуры — расейскія алігархі, якіх можна лічыць увасабленьнем усяго таго, з чым вы змагаліся. Як вам удалося прымірыць у сабе гэта?

Усьмешлівая Наташа адказвае гэтым разам надзвычай сур'ёзна:

Вера

— Я лічу, што магу прадаць усё — любы замак. Кожны зь іх мае сваю гісторыю, свайго прывіда, нешта загадкавае, што дапаможа яго прадаць. І кожны замак — я веру — мае свайго пакупніка, толькі трэба знайсьці яго.

Натальлі 39 гадоў. У яе ёсьць сямʼя, бізнэс, рэпутацыя, мэты, мары і вера.