Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае слова 2025 году — мяжа


Cлова году — мяжа
Cлова году — мяжа

Сьцісла

  • „Беларускае слова году“ вызначаецца 12-ы раз. Пачатковы сьпіс вылучаюць журналісты Радыё Свабода, экспэрты, галасуюць чытачы сацыяльных сетак.
  • Сёлета наперадзе слова мяжа.
  • Мяжа можа быць і знакам айчыны, і злучвом з добрым суседам, але можа быць і сымбалем ізаляцыі.
  • На другім месцы слова вызваленьне — станоўчае, а ў фінальнай васьмёрцы яшчэ два словы, на жаль, нэгатыўныя, — экспатрыяцыя і выправаджэньне.
  • Трэцяе месца ў слова талака; цяпер гэта — дапамога беларусаў тым , каму яна найбольш патрэбная.
  • Рэальнасьць вярнула ва ўжытак словы балён ‘надзіманая сфэра’ і ўгода (=зьдзелка).

„Словы году“ вызначаюць для розных моваў, у тым ліку беларускай.

„Беларускае слова году“ вызначаем ужо 12-ы раз. Гэта або зусім новае слова, або з істотна зьмененым значэньнем, або ў крайнім выпадку вельмі важнае сёлета. Журналісты Радыё Свабода і экспэрты вылучаюць пачатковы сьпіс словаў, чытачы сацыяльных сетак разам зь імі фармуюць „кароткі сьпіс“, за які і галасуюць.

„К чорту іх межы!“ vs „Родна межанька“

Сёлета наперадзе з істотным адрывам — слова мяжа. За яго аддала галасы трэць тых, хто выбіраў „Слова году“ на васьмі плятформах розных сацыяльных сетак.

Памежны пункт пропуску Беняконі. 20 лістапада 2025 году
Памежны пункт пропуску Беняконі. 20 лістапада 2025 году

Слова мяжа ў беларускай мове шматзначнае і архаічнае, паходзіць яшчэ ад індаэўрапейскага кораня для ‘сярэдзіны’ (параўн. лацінскія medium, mediana).

Перш азначала палоску неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Памежнікі ці сумежнікі — даўнейшая назва суседзяў (добрых ці ня надта) па той бок. А зь цягам часу — усялякія лініі падзелу: у пачатку ХХ стагодзьдзя зьявіўся тэрмін дзяржаўная мяжа, выраз „за мяжой“ стаў азначаць тое, што азначае, а слова памежнікі надзела ўніформу. У знакамітым Коласавым вершы супраць падзелу Беларусі 1921 г. „К чорту іх межы! К дяблу граніцы!“ гэта сынонім „граніцы“. Слова мяжа ў дзяржаўным значэньні адрозьнівае нашу мову ад усіх суседніх.

У пераносным сэнсе мяжа — норма. Нельга пераступаць мяжу прыстойнасьці!

Урэшце, мяжа — гэта і сынонім Бацькаўшчыны. У Купалавым вершы „А ў бары, ў бары тры дарожанькі“, які стаў песьняй, апошні радок пра гэта:

Выбіраў жаўнер трэцьцю сьцежаньку,
Бо вяла яна ў родну межаньку.

Таму сэмантыка мяжы шматстайная. Яна можа быць і знакам айчыны, і злучвом з добрым суседам, але можа быць і непраходнай „граніцай“, сымбалем ізаляцыі. Відавочна, акурат апошняе значэньне слова сёлета актуалізавалася так, што яно стала „Словам году“.

Вызваленьне і/ці выправаджэньне

На другім месцы слова вызваленьне з прыблізна чвэрцю галасоў, на некаторых плятформах бальшыня чытачоў аддала яму першынство.

Хутчэй за ўсё, людзі зьвязваюць гэтае станоўчае слова з выхадам з турмаў некаторых беларускіх палітычных зьняволеных. Але ў фінальнай васьмёрцы да таго ж адсылаюць яшчэ два словы, на жаль, нэгатыўныя — экспатрыяцыя і выправаджэньне (адпаведна 6 і 7 месцы). То можна зразумець, што да гэтых юрыдычных тэрмінаў выклікаў увагу вываз з радзімы (часта без дакумэнтаў) вызваленых у выніку перамоваў уладаў Беларусі і адміністрацыі прзыдэнта ЗША. Дарэчы, дэпартацыяй гэтую працэдуру назваць нельга, бо, паводле закону, дэпартуюць толькі іншаземцаў.

Трэцяе месца ў слова талака, зноў жа пазытыўнага — бо гэта назва беларускай народнай традыцыі ўзаемадапамогі ў гаспадарцы.

Талака ў Мірскім замку, 1987 год
Талака ў Мірскім замку, 1987 год

Слова пэрыядычна асэнсоўваецца наноў, узбагачаецца значэньнямі: так, у 2-й палове 1980-х знакамітай была „Талака“ — згуртаваньне нацыянальна сьведамай беларускамоўнай моладзі, якое фактычна стала агульнабеларускім рухам; цяпер талака — узаемная дапамога беларусаў тым, хто ў бядзе і ў патрэбе як на радзіме, так і на чужыне.

На 4-м месцы балён, слова францускага паходжаньня, якое і ў гаворках, і ў беларускай літаратурнай мове дарусыфікацыйнае пары азначае надзіманую лёгкім газам сфэру. Паветраныя балёны з цыгарэтнай кантрабандай, якія лятуць зь Беларусі ў бок Віленскага аэрапорту і спыняюць яго працу, сталі штодзённай рэальнасьцю апошняга часу, адпаведна слова ўспомнілася.

Літоўскія памежнікі перанялі кантрабандныя цыгарэты, якія прыляцелі зь Беларусі на балёнах
Літоўскія памежнікі перанялі кантрабандныя цыгарэты, якія прыляцелі зь Беларусі на балёнах

Далей ідзе рэальна новае ў беларускай мове слова — ШІ-памочнік (дарэчы, пакуль не замацаваўся стандарт вымаўленьня скароту для штучнага інтэлекту, які ўваходзіць у гэтае слова). А ўжо згаданая экспатрыяцыя — слова адносна новае, хоць форма гэтага міжнароднага тэрміну з лацінскімі фармантамі зусім празрыстая: экс-патрыя-цыя, вываз з радзімы ці прымус яе пакінуць, антонім рэ-патрыя-цыі.

На восьмым месцы „бюлетэню для галасаваньня“ — слова ўгода, трохі прызабытае, бо яго актыўна выціскалі русыцызмам „зьдзелка“. Яго сёлета ўжывалі часта, бо ўгоды сталі атрыбутам міжнароднае палітыкі.

А што ў іншых?

У ангельскамоўным сьвеце „Словы году“ звычайна выбіраюць найраней. Прэсу ўжо абышлі вэрсія Кембрыдзкага слоўніка — parasocial, прыметнік (для „слова году“ гэта нязвыкла) пра адчуваньне повязі з кімсьці знакамітым, зь літаратурным пэрсанажам і нават з штучным інтэлектам. Такія вось праблемы ангельскамоўнага сьвету адлюстраваў нэалягізм-чэмпіён.

А ў Швайцарыі „Словамі году“ сталі лексэмы з больш канкрэтным і змрочным значэньнем: для тамтэйшых носьбітаў францускае мовы гэта génocide, для італамоўных швайцарцаў — dazi 'тарыфы'. Затое ў верхнефранконскім дыялекце Баварыі „Слова году — 2025“ сымпатычнае: гэта Rowern — дыялектная назва тачкі-аднаколкі, безь якой працавіты селянін там не ўяўляе сваёй традыцыйнай гаспадаркі.

Ёсьць і конкурсы выключна для наватвораў. Новае харвацкае слова году традыцыйна выбірае часопіс Jezik. Сёлета першае месца ў слова plovopis для мастацкага твору пра падарожжа на караблі ці чаўне. На другім месцы čvornik, харвацкі эквівалент для тэрміну hub (пункт сувязі, лучнасьці; čvor гэта вузел). Сярод прэтэндэнтаў быў і jelokrug — каб назваць па-свойму ангельскамоўны food court. Мо і беларусы дажывуць да раскошы выбіраць „Слова году“ проста паводле ягонай мілагучнасьці й прыдатнасьці.

Даведка пра „Слова году“

„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана); ужо наяўнае ў мове слова мае істотна памяняць значэньне або прынамсі быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў).

„Беларускія словы году“

Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы розных сацыяльных сетак. Апошнія і выбіраюць галасаваньнем „Слова году“.

„Беларускімі словамі году“ былі:

2014 — вышымайка

2015 — набэлістка

2016 — беларусафоб

2017 — дармаед

2018 — БНР

2019 — Каліноўскі

2020 — Жыве!

2021 чабор

2022 — вайна

2023 — мова

2024 — інкамунікада

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG