Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае «Слова 2016 году» ў вэрсіі Радыё Свабода — «беларусафоб».


У розных моўных супольнасьцях сьвету традыцыйна выбіраюць „слова году“. Беларускае „Слова 2016 году“ ў вэрсіі Радыё Свабода – „беларусафоб“. У лідэрах таксама „травень“ і „БЧБ“.

Усё пачалося ў 1971 году, калі Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache) зь сядзібаю ў Вісбадэне выбрала нямецкае слова году. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых і выдавецкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня зь іх не вымагае, каб слова было зусім новым (хаця і гэта пажадана), але яно мае быць часта ўжываным і важным у адпаведным годзе; бывае і так, што раней вядомае слова істотна мяняе значэньне.

Сёлетняе ангельскае слова году, паводле оксфардзкіх лексыкографаў, – прыметнік post-truth. Літаральна – ‘пост-праўдзівы’, які пасьля праўды. Навукоўцы даюць азначэньне: ‘Які апісвае акалічнасьці, у якіх аб’ектыўныя факты менш уплываюць на фармаваньне грамадзкай думкі, чым зварот да эмоцыяў і асабістай перакананасьці’:

Сапраўды, 2016 год, які прынёс некалькі тэктанічных зрухаў у эўраатлянтычны палітычны краявід, такіх, як сыход Брытаніі з Эўразьвязу ці выбар Трампа, засьведчыў перавагу эмоцыі перад рацыяй, а таксама новыя магчымасьці для папулісцкае маніпуляцыі грамадзкай думкай.

Вось і Таварыства нямецкай мовы агаласіла Словам 2016 году таксама прыметнік — postfaktisch. Думаю, і перакладаць ня трэба. Старшыня Таварыства прафэсар Peter Schlobinski сказаў, што прыметнік адлюстроўвае глыбокія зьмены ў настроях: шырокія пласты насельніцтва гатовыя ігнараваць факты і прымаць відавочную няпраўду. Дадам – пад уплывам прапаганды.

Рэакцыю амэрыканскае ангельскае мовы на палітычныя падзеі адлюстраваў выбар слова году выдаўцамі слоўнікаў Merriam-Webster's. Гэта прыметнік surreal ‘нерэальны, дзіўны’.

Крыху больш аптымістычнае слова выбралі 10000 аўстрыйцаў, якія галасавалі за сьпіс, прапанаваны лінгвістамі з унівэрсытэту Грац. Слова таксама зьвязанае з палітычнымі выклікамі, азначае перанос паўторнага галасаваньня ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў і выглядае так:

Bundespräsidentenstichwahlwiederholungsverschiebung.

51 літара, найдаўжэйшае стабільнае слова нямецкай мовы. А чаму аўстрыйцы яго выбралі — бо было вельмі шмат напружаньня вакол аўстрыйскіх выбараў, на якіх ішлося фактычна пра зберажэньне заходніх каштоўнасьцяў.

А што ў нас

У нас лінгвісты пакуль не дамовіліся пра крытэры і мэханізм выбару беларускага Слова году (а варта). Радыё Свабода ў 2014 годзе вызначала гэтае слова журналісцкім апытаньнем. Тады гэта былі вышыванка і вышымайка, названыя некалькімі мовазнаўцамі ды грамадзкімі актывістамі. У 2015-м, на маю асабістую думку, беларускім словам году стаў назоўнік набэлістка.

Сёлета “Беларускае слова 2016 году” вызначалі ўжо галасаваньнем. Журналісты і аўтары Радыё Свабода намінавалі 10 словаў і галасавалі за іх. І бясспрэчным лідэрам аказаўся беларусафоб.

Што ж, слова ня самае пазытыўнае. Але, як мы з вамі пераканаліся, і ў шырокім сьвеце словамі году сёлета сталі апісаньні не шчасьлівых мараў, а змрочных рэаліяў.

Слова беларусафоб ня новае, яно ўжывалася ў беларускай мове і раней, але частотнасьць яго ў грамадзкіх дыскусіях непараўнальна вышэйшая, чым папярэднімі гадамі. Пара ўключаць у слоўнікі. У цяперашніх афіцыйных слоўніках, скажам, русафоб ёсьць, а беларусафоба няма. Зьява ёсьць, а слова няма (Фаіна Ранеўская падобна казала пра іншую рэалію).

Слова зь дзьвюх частак. Першая ўласнабеларуская, і, дарэчы, пры перадачы на іншыя мовы, скажам, на расейскую, у ім трэба захоўваць каранёвую літару А. Другая частка грэцкая, таго ж кораню словы фобія і Фобас — імя грэцкага бога, супольніка бога вайны Арэса, і адпаведна назва аднаго з спадарожнікаў плянэты Марсу.

Ян Пятроўскі ў сваім клясычным Грэцка-беларускім слоўніку (Сырак’юз, 1983) перакладае старажытнагрэцкае φόβος беларускімі ‘страх, жах, боязь, спуд’; але таксама і ‘тэрор’; а ў 2-м значэньні гэта ‘ўцёкі з прычыны страху’.

Што да слова фобія, то Тлумачальны слоўнік беларускай мовы падае для яго значэньне ‘Неадчэпны, назойлівы страх пры некаторых псыхічных захворваньнях’. Ангельскія энцыкляпэдыі раскрываюць значэньне адпаведнага слова як ‘надзвычайны страх ці антыпатыя да пэўнай рэчы ці сытуацыі, асабліва без рацыянальнага вытлумачэньня’.

Слову беларусафоб у нашай гісторыі папярэднічаюць іншыя, ня менш яскравыя. Гэта найперш беларусажэрца. Яго ўжывалі ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час. Так, у „Беларускай газэце“ ў 1933 годзе пішуць: „...віленскія беларусажэрцы з-пад знаку «Dziennika Wileńskiego»“.

Але патрэба ў слове ня зьнікла і ў новы час.

Ніл Гілевіч
Ніл Гілевіч

Ніл Гілевіч у 1995 годзе напісаў балючы верш “Новаабраным акадэмікам АНБ”, прысьвечаны выдатным навукоўцам і патрыётам Беларусі — Уладзімеру Конану, Генадзю Кісялёву, Мікалаю Крукоўскаму, Адаму Мальдзісу і Леаніду Лычу. Не, тая акадэмія за іх не прагаласавала. Але Гілевіч перакананы: у акадэмікі іх усё ж прынялі. Прынялі Ластоўскі, Ігнатоўскі, Купала ды Колас:

Вось бачыце, сябры! А вы — ня верылі!

А вы ўсё думалі, з тугой у сэрцы,

Што мы і сёньня пад пятой імпэрыі,

Што ў нас пануюць беларусажэрцы.

Папраўдзе надалей пануюць — не пакідае сумневу Гілевіч.

Беларусажэрца знаходзіцца ў адным словаўтваральным шэрагу зь людажэрцам, мадэль, відавочна, у беларускую мову прыйшла з польскай. У польскай мове здаўна бытуе востры выраз polakożerca. А больш па-беларуску будзе беларусажэр, так, як людажэр.

Уладзімер Жылка ў 1928 годзе трапна і вобразна зазначаў:

„Што? Беларуская опэра? «Фаўст» Гуно на беларускай мове i сiламi музтэхнiкума? ах! цi ня праўда, гэта мусiць быць вельмi весела!“ — Гэтак скажа ня толькi зацяты беларусажэр, a i кожны скептык у адносiнах да беларускай культуры, a ix... так, ix у нас хапае, ix, з тонкай саркастычнай усмешкай: «ах, цi ня праўда?» i з вузкiм лобам (вузкi лоб псыхалягiчна, ад вялiкадзяржаўнасьцi: спадчына царызму).

Словы беларусажэрца, беларусажэр, а таксама папулярнае ўжо ў наш час слова беларусаед (ужываў Сакрат Яновіч; відаць, успрымаў такую мадэль як больш свойскую) часьцей абазначаюць людзей, надзеленых уладай, здольных зжэрці або зьесьці. Беларусафоб нібыта спакайнейшае слова, такімі могуць быць асобы, пакуль не надзеленыя ўладаю, але могуць быць і тыя, у чыіх руках адміністрацыйныя рычагі, інфармацыйная палітыка ды танкі.

***

Калі прыпомнім, якія словы году выбралі ангельцы і немцы, мусім прызнаць: патрэба ў нэгатыўных словах, адлюстроўвае рэальнасьць, поўную трывогі. Трывогі найперш за лёс такіх фундамэнтальных каштоўнасьцяў, як праўда і як Беларусь.

Зрэшты, у беларускай моўнай галасаванцы на другім месцы аказалася старая добрая назва пятага месяца травень, якая нарэшце трапіла без абмежавальных пазнакаў у афіцыйныя слоўнікі, яе відаць і на кішэнных ды насьценных календарох.

Сярод словаў-лідэраў шорт-ліста на слова году — таксама скарот БЧБ. Людзі клясычнае традыцыі цяжка пагаджаюцца з такой скарочанай назвай колераў нашага нацыянальнага сьцяга. Але скарот не парушае піетэту перад сьцягам. У ім узьнікла прыктычная патрэба: ён асабліва сёлета імкліва пашырыўся ў кароткіх паведамленьнях — твітах, СМСах. Ён спатрэбіўся людзям, бо набыла размах справа папулярызацыі, кампанія вяртаньня беларускага нацыянальнага сьцяга. Адно што пісаць яго трэба паводле правілаў беларускай мовы і зь піетэтам — вялікімі літарамі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Глядзець камэнтары (4)

XS
SM
MD
LG