500 найлепшых кніг за 500 гадоў

Міхась Скобла

6 жніўня 1517 году ў Празе Чэскай Францыск Скарына надрукаваў першую беларускую кнігу. З таго часу – вось ужо больш за паўтысячагодзьдзя – яго друкарскі варштат спраўна працуе, выпусьціўшы ў белы сьвет піраміды кніг.

Часам той варштат з размахам грукатаў на ўсю ваколіцу, часам заціхаў, прыхаваны дзе-небудзь у лясной зямлянцы, часам абзываўся адкульсьці зь Нью-Ёрку ці Жыровічаў, але – ніколі не спыняў сваёй працы.

Ён і сёньня не маўчыць, хоць і працуе далёка не на поўную магутнасьць. Падлічыць і пералічыць мільёны надрукаваных ім за пяць стагодзьдзяў кніг наўрад ці магчыма. Але акінуць вокам абсягі айчыннага кнігадрукаваньня, выбраўшы найцікавейшае, – чаму не? Тым больш, нам у гэтым дапамаглі дасьведчаныя экспэрты – Ірына Багдановіч, Натальля Гардзіенка, Аксана Спрынчан, Вячаслаў Чамярыцкі, Ціхан Чарнякевіч, Сяргей Чыгрын і Язэп Янушкевіч. Такім чынам, да ўвагі чытачоў Свабоды – Беларускае Пяцісоткніжжа, пяцьсот найлепшых кніг за пяцьсот гадоў.

1517—1788

Сьвітаньне беларускага кнігадруку. Друкарні зьяўляюцца ня толькі ў буйных гарадах, але і ў паселішчах, якія сёньня ледзь прыкметныя на мапе — у Еўі, Лоску, Супрасьлі. Росквіт на беларускіх землях лацінамоўнай літаратуры, corona astralis якой — «Песьня пра зубра» М. Гусоўскага — да масавага чытача прыйдзе толькі ў 1980 г. Біблія Скарыны, Статут ВКЛ, «Гіпіка» К. Дарагастайскага — кнігі-помнікі, якія заслужана прычакалі факсымільных перавыданьняў.

Усе выданьні пэрыяду.

1818—1897

Пярэдадзень новай беларускай літаратуры. Фэномэн А. Міцкевіча як самага “беларускага” іншамоўнага паэта. Пасьля паўстаньня 1831 г. яму не пісалася ў Парыжы, а беларуская шляхцянка Габрыэля Гюнтар даслала яму кварту нёманскай вады, і — зьявіліся “Дзяды”. Беларусь паўстае цікавай і прывабнай ня толькі ў фантастычных апавяданьнях Я. Баршчэўскага, але і ў краязнаўчых кнігах А. Кіркора, К. Тышкевіча і П. Шпілеўскага. Слоўнік І. Насовіча, па якім вучыліся беларускай мове будучыя клясыкі, а пра межы Беларусі дазнаваліся з прадмоваў Ф. Багушэвіча да “Дудкі беларускай”, якую прыхільнік беларушчыны З. Нагродзкі прадаваў у сваіх сельскагаспадарчых крамах разам зь сячкарнямі.

Усе выданьні пэрыяду.

1903—1940

Першая кнігавыдавецкая легальная суполка «Загляне сонца ў наша ваконца». Выданьні БНР, сярод якіх «Матчын дар» А. Гаруна. Засеяны нашаніўцамі нацыянальны палетак дае багаты ўраджай — знакавыя для беларускай літаратуры кнігі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага. Заходнебеларуская літаратура, якая ўся прайшла праз польскія турмы. Дакумэнтальная аповесьць Ф. Аляхновіча «У капцюрох ГПУ», зь якой Эўропа ўпершыню даведалася пра савецкі ГУЛАГ.

Усе выданьні пэрыяду.

1941—1990

Беларуская кніга пад нямецкім кантролем — «Ад родных ніў» Л. Геніюш, «Сягоньня» Н. Арсеньневай, «Граматыка» Б. Тарашкевіча (наклад апошняй — 100 000 асобнікаў). Ажыўленьне кнігавыданьня на эміграцыі — клясыка ў бесцэнзурным выглядзе (У. Жылка, Л. Калюга, А. Мрый). Шматспадзеўныя 60-я і застойныя 70-я, калі кнігі У. Караткевіча і В. Быкава, што прабіваліся ў сьвет праз цэнзурныя рагаткі, расхопліваліся з прылаўкаў. Зьяўленьне альманаху «Далягляды», які знаёміў айчыннага чытача з сусьветнай клясыкай.

Усе выданьні пэрыяду.

1991—1999

Першыя гады незалежнасьці, якія запомніліся кнігавыдавецкім бумам. Выхад раней забароненых кніг — «Споведзь» Л. Геніюш, «Змагарныя дарогі» К. Акулы, «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» Ю. Туронка. Якаснае папаўненьне старых і заснаваньне новых кніжных сэрый — першыя выданьні па-беларуску Ж. П. Сартра, А. Камю, Ф. Ніцшэ, В. Шымборскай. Згортваньне нацыянальнага кнігавыданьня, закрыцьцё дзяржаўных выдавецтваў «Юнацтва», «Полымя», «Ураджай».

Усе выданьні пэрыяду.

2000—2017

Разьвіцьцё сеткі незалежнага кнігавыданьня і распаўсюду. Выхад у сьвет выніковых анталёгій — «Краса і сіла», «Галасы-за небакраю», «Расстраляная літаратура». Беларуская «Калевала» і зборнік спазнавальных эсэ П. Севярынца" «Люблю Беларусь: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі». Вяршыня духоўнай паэзіі — «Ксты» Р. Барадуліна і першы беларускі Нобэль. Ліквідацыя ўладай сотняў кнігарняў і тысячаў бібліятэк па ўсёй краіне. Пяцісотгодзьдзе кнігавыданьня, на жаль, ня стала па-сапраўднаму нацыянальнай падзеяй.

Усе выданьні пэрыяду.

Поўны сьпіс Беларускага Пяцісоткніжжа глядзіце тут. Маеце іншае меркаваньне наконт сьпісу? Пішыце свае прапановы ў камэнтарах!

Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе