Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговае здарэньне на будпляцоўцы АЭС: супраць прадстаўніка «Атомстройэкспорта» пачалі крымінальную справу

абноўлена

БелАЭС
БелАЭС

Начальнік упраўленьня вэнтыляцыі і сыстэмы пажаратушэньня расейскага прадпрыемства «Атомстройэкспорт» Дзьмітрый Зіноўеў выдалены з будаўнічай пляцоўкі Беларускай АЭС.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў інфацэнтры РУП «БелАЭС».

Адносна Дзьмітрыя Зіноўева Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 252 (камэрцыйны подкуп) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Расейская кампанія «Атомстройэкспорт» (структура «Росатома») зьяўляецца генэральным падрадчыкам, які будуе Беларускую АЭС.

«У нас такі парадак, калі чалавек не спраўляецца са сваімі абавязкамі. Ён выдалены з пляцоўкі, ён больш у нас ня зьявіцца і працаваць на пляцоўцы ў нас ня будзе», — сказаў начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Эдуард Сьвірыд.

Зь якой прычыны Дзьмітрыя Зіноўева выдалілі з пляцоўкі, паводле Эдуарда Сьвірыда, гэта трэба ўдакладніць на расейскім прадпрыемстве «Атомстройэкспорт», бо «гэта іхны супрацоўнік».

«Гэта я камэнтаваць не магу, а тое, што ён выдалены, мы пацьвярджаем», — сказаў Эдуард Сьвірыд.

На прадпрыемстве «Атомстройэкспорт» карэспандэнту Свабоды сказалі, што камэнтаваць сытуацыю ня будуць.

Эдуард Сьвірыд таксама не сказаў, ці затрыманы Дзьмітрый Зіноўеў, і параіў зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт.

У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што адносна гэтага чалавека УСК па Горадзенскай вобласьці насамрэч расьсьледуе крымінальную справу па арт. 252 (камэрцыйны подкуп) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Дзеяньні, у якіх яго вінавацяць, «зьвязаныя з парушэньнем парадку эканамічнай дзейнасьці».

«Па дадзеных сьледзтва, мужчына не зьяўляўся службовай асобай, а быў супрацоўнікам арганізацыі. Ён незаконна атрымліваў грашовыя сродкі за дзеяньні, зьвязаныя з паскораным афармленьнем дакумэнтаў. Да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе закладу», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.

Тэлеграм-канал NEXTA раней апублікаваў ліст з подпісам гендырэктара БелАЭС Міхаіла Філімонава, у якім паведамляецца, што 6 красавіка Дзьмітрый Зіноўеў быў затрыманы, супраць яго распачата крымінальная справа за камэрцыйны подкуп.

Як гаворыцца ў дакумэнце, які распаўсюдзіў тэлеграм-канал, Зіноўева затрымалі, калі ён атрымліваў «незаконнае грашовае ўзнагароджаньне» ад прадстаўніка ТАА «НВА Вентэхсэрвіс» і ТАА «Леванта Груп».

Беларуская АЭС узводзіцца ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласьці паводле расейскага праекту «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энэргаблёка заплянаваны на 2019 год.

Калі ў 2016 годзе ўпаў і быў пашкоджаны корпус рэактара, расейская кампанія «Атомстройэкспорт» выступіла з заявай, што «інфармацыя аб надзвычайным здарэньні на будоўлі ў Астраўцы Беларускай АЭС не адпавядае рэчаіснасьці».

І толькі праз два тыдні, калі ўжо літоўцы забілі трывогу, улады вымушаныя былі прызнаць факт аварыі.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG