Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелАЭС і расейская пагроза — літоўскі палітоляг пра беларускія выклікі для Літвы


Віціс Юрконіс

Адносіны паміж Беларусьсю і Літвой апошнім часам складаюцца няпроста, складанасьці выклікае і сытуацыя з Астравецкай АЭС, і стасункі Беларусі і Расеі. Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс прапануе сваё бачаньне пэрспэктывы двухбаковых адносінаў.

— Якім чынам Літва магла б падтрымаць беларускую незалежнасьць?

— Тое, што задаецца гэтае пытаньне, паказвае сутнасьць праблемы. Мы можам перажываць за незалежнасьць Беларусі, але калі яна сама пра гэта ня рупіцца, то нічога з гэтым ня зробіш. Ніхто ня можа быць больш беларусамі, чым самі беларусы. Гэта, здаецца, простая формула. Так ці інакш, нам абавязкова трэба падтрымліваць пытаньне Беларусі на парадку дня ў Эўразьвязе і ня толькі па кароткатэрміновых пытаньнях (як зьменшыць уплыў Расеі, бо ўплыў ЭЗ у гэтым пляне вельмі абмежаваны), але і па больш доўгатэрміновых пэрспэктывах — гэта пытаньні правоў чалавека, справядлівых выбараў і гэтак далей. Менавіта гэта стварае фундамэнт для эўрапейскай будучыні Беларусі.

— Які, на Ваш погляд, рэалістычны шлях вырашэньня канфлікту паміж Літвой і Беларусьсю наконт Беларускай АЭС?

— Наогул, хапала б таго, каб Беларусь абавязалася ў поўнай меры прытрымлівацца парадаў па атамнай бясьпецы. Але ня трэба ўсё зводзіць да двухбаковых адносінаў, бо само пытаньне АЭС — гэта пытаньне рэгіянальнай бясьпекі, у тым ліку і бясьпекі самой Беларусі. Іншае пытаньне — якое месца Астравец займае ў двухбаковых адносінах Беларусі і Расеі. Варта паглядзець на праблему АЭС праз прызму сувэрэнітэту і захаваньня незалежнасьці. АЭС толькі ўзмацняе ўплыў Расеі. У Беларусі няма ніякай адкрытай і празрыстай дыскусіі наконт Астравецкай АЭС.

Калі дзяржаўныя інстытуты, грамадзтва і экспэрты жывуць ва ўмовах цэнзуры і непразрыстасьці, дыскусія, як мінімум, ня можа быць публічнай. Што тычыцца літоўскага боку — усе патрабаваньня Літвы былі агучаныя ўжо не адзін раз. Былі і парады ад ЭЗ і іншых міжнародных арганізацый. Нежаданьне прыслухацца да гэтых рэкамэндацый ці вельмі сэлектыўны падыход да гэтага, можа зрабіць з Астраўца атамную бомбу.

Неяк усе вельмі лёгка і проста забылі пра Чарнобыль, ды і пра тую самую Ігналіну (АЭС у Літве, на мяжы з Беларусьсю і Латвіяй, якая ў 2009 годзе спыніла сваю працу — РС). Пабудаваць АЭС шмат каштуе, але і закрыць яе нятанна і патрабуе часу. Нешта мне падказвае, што Астравец будуецца за грошы Расеі, але калі давядзецца яго закрываць, то гэта зробяць за грошы ЭЗ. Наўрад ці гэта можна называць двухбаковай справай.

— Паводле меркаваньняў некаторых экспэртаў, Літва заблякавала заключэньне пагадненьня аб асновах адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Ці лічыце Вы, што Літве варта зьмяніць пазыцыю ў гэтым пытаньні?

— А тое, што казала амбасадарка ЭЗ Андрэа Віктарын — для вас не паказчык? Пытаньні былі і ў суседзяў-палякаў, але калі вам больш зручна ўсё вешаць на Літву, то няхай будзе так. Я толькі скажу, што Літва, як ніхто іншы ў ЭЗ, хацела б бачыць Беларусь краінай, якая паважае правы чалавека, мае эўрапейскія стандарты жыцьця, краінай мірнай і квітнеючай. Але для гэтага нейкага пагадненьня мала. Гэта як правы кіроўцы не заўсёды зьяўляюцца паказчыкам таго, што ты сапраўды ўмееш кіраваць машынай. Для Літвы больш важны зьмест, чым «галачкі» насупраць патрабаваньняў на паперцы. Але і «галачак» у пытаньні бясьпекі БелАЭС ня тое каб хапала.

Віціс Юрконіс — літоўскі палітоляг, прадстаўнік амэрыканскай дасьледчай арганізацыі Freedom House. Нядаўна Юрконіс узяў удзел у сустрэчы новага прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы зь вядучымі палітычнымі экспэртамі краіны, на якой абмяркоўвалі пытаньні стасункаў зь Беларусьсю

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG