Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сустрэўся з новым амбасадарам Беларусі ў Літве, Валерыем Бараноўскім. Яны абмеркавалі пытаньня бясьпекі Беларускай АЭС і сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляе delfi.lt
Лінкявічус заявіў, што Беларусі трэба супрацоўнічаць зь міжнароднымі экспэртамі і пачаць выконваць парады Эўразьвязу па стрэс-тэстах — зрабіць усё магчымае, каб дасягнуць дастатковага ўзроўню бясьпекі на АЭС яшчэ да яе запуску.
«Ядзерная бясьпека і праблема Астравецкай АЭС зьяўляюцца для Літвы аднымі з галоўных пытаньняў у двухбаковых адносінах і на міжнародным парадку дня» — сказаў міністар замежных спраў Літвы.
Паводле яго, ня толькі выконваньне міжнародных абавязкаў у галіне ядзернай бясьпекі, але і патэнцыйнае палепшаньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне маглі б стварыць моцны станоўчы ўплыў на адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
«Літва і Беларусь — суседзі, і для нас важны ўсе пытаньня. Як і раней, мы будзем прагматычнымі і падтрымаем тыя праекты і ініцыятывы, якія пайдуць на карысьць як ЭЗ, так і нашым двухбаковым адносінам» — сказаў Л. Лінкявічус.
Падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі Лінас Лінкявічус таксама падняў тэму далейшага разьвіцьця супрацоўніцтва паміж краінамі ў сфэрах эканомікі, транспарту, культуры, адукацыі і ня толькі.
«Літва зацікаўлена ў павелічэньні колькасьці турыстаў зь Беларусі і ў спрашчэньні візавага рэжыму паміж Эўразьвязам і Беларусьсю», — сказаў міністар.