Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў падпісаў ухвалены парлямэнтам закон аб выкарыстаньні атамнай энэргіі ў мірных мэтах, піша UzReport.news.
У законе замацаваныя прынцыпы выкарыстаньня атамнай энэргіі — прынцыпы бясьпекі, здароўя людзей і аховы навакольнага асяродзьдзя, дзяржаўнага рэгуляваньня, «адкрытасьці і галоснасьці». Апісаныя і прадугледжаныя аб’екты: ядзерныя ўстаноўкі і рэактары, пункты захаваньня матэрыялаў, ядзернае паліва, радыяактыўныя адкіды.
Гэта чарговы крок да пабудовы атамнай электрастанцыі. У канцы 2017 году Ўзбэкістан падпісаў з Расеяй пагадненьне пра пабудову АЭС з двума энэргаблёкамі ВВЭР-1200 пакаленьня «3+» магутнасьцю 1200 МВт кожны.
Якраз такія энэргаблёкі маюць працаваць у Астраўцы на Беларускай АЭС. Будаўніцтва ва Ўзбэкістане раней ацэньвалі ў 11 млрд даляраў — прыблізна той жа кошт, што і ў БелАЭС.
Узбэцкую АЭС зьбіраюцца будаваць у Фарыскім раёне Джызацкай вобласьці, ля возера Тузкан, прыблізна за 175 км ад сталіцы, за 60 км ад найбліжэйшага буйнога гораду. Запусьціць АЭС мяркуюць у 2028 годзе.
Будаваць АЭС ва Ўзбэкістане задумалі яшчэ ў 1980-я гады, але працяглы час лічылася, што ў краіне занадта моцная сэйсьмічная актыўнасьць, каб узводзіць атамную станцыю.