Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць важных пытаньняў да бясьпекі БелАЭС


Пытаньне бясьпекі Беларускай АЭС чарговы раз трапіла ў парадак дня пасьля скандалу з расейскімі рабочымі, якія працавалі на будоўлі ў Астраўцы і паскардзіліся на нявыплату заробкаў. Свабода прыгадала асноўныя праблемныя пытаньні, зьвязаныя зь бясьпекай АЭС.

Беларускую АЭС ад 2011 году будуюць пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці. Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Многія беларусы і нават жыхары суседніх краінаў ня хочуць, каб гэтыя запускі адбыліся. Чаму?

Сумнеўныя рабочыя ў сумнеўных умовах

БелАЭС распрацоўвала і будуе расейская кампанія «Росатом». Яе і іншых расейскіх «ядзершчыкаў» ня раз падазравалі ў розных парушэньнях і здарэньнях у час будаўніцтва ядзерных аб’ектаў і іх эксплюатацыі.

На будаўніцтве БелАЭС працуе ня менш як шэсьць тысяч чалавек — і некаторыя скардзяцца на ўмовы працы.

Каля 50 рабочых з Расеі 15 жніўня 2019 году выйшлі на галоўную плошчу Астраўца — патрабавалі разьліку за два месяцы працы. Яны кажуць, іх «набіралі па абвестках».

Хадзілі не пацьверджаныя, але і не абвергнутыя чуткі, што на БелАЭС працуюць гастарбайтэры з так званых «ДНР» і «ЛНР» на тэрыторыі Ўкраіны.

Свабода накіравала запыт з пытаньнямі што да прававога статусу і ўмоў працы расейскіх рабочых на будаўніцтве БелАЭС у Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларуская атамная электрастанцыя». Адказаў на момант публікацыі мы не атрымалі.

Ужо былі інцыдэнты

Адзін корпус рэактара падаў зь невядомай дакладна вышыні, другі ўдарылі аб слуп.

10 ліпеня 2016 году падчас пробнага трэніровачнага ўсталяваньня рэактара 330-тонны корпус сарваўся і ўпаў уніз з вышыні 2–4 мэтры. Гэта афіцыйна пацьвердзілі толькі пасьля розгаласу ў недзяржаўных СМІ і міжнароднага ціску. Корпус вырашылі замяніць, але «Росатом» зьбіраецца выкарыстаць пашкоджаны корпус на іншай АЭС.

26 сьнежня 2018 году, калі на БелАЭС везьлі другі корпус рэактара, на станцыі Слаўнае «падчас выкананьня манэўровых апэрацый» адбыўся «нязначны дотык ахоўнага мэталічнага транспартнага кажуха да апоры кантактнай сеткі». Гэты корпус вырашылі не мяняць — заявілі, што пашкоджаньняў ня выявілі.

Вядома пра чатыры выпадкі гібелі рабочых на будаўніцтве АЭС, яшчэ прынамсі адзін памёр, як сьцьвярджаецца, ад натуральных прычын. Т

олькі за 2018 год на будаўнічай пляцоўцы выявілі 1200 парушэньняў заканадаўства аб ахове працы.

Пра здарэньні бракуе інфармацыі

Большая частка здарэньняў трапляе ў навіны з ананімных крыніц. І нават калі пра здарэньне ўжо становіцца вядома, яго не заўсёды пацьвярджаюць адразу.

Пра падзеньне першага корпусу афіцыйнае пацьверджаньне ад Мінэнэрга зьявілася толькі праз 16 дзён — у той жа дзень, калі генпадраднік будоўлі яшчэ адмаўляў факт здарэньня.

І нават паведамленьні зь неафіцыйных крыніц не заўсёды зьяўляюцца апэратыўна. Так, Telegram-канал Nexta 18 жніўня 2019 году знайшоў у дакумэнтах энэргетыкаў зьвесткі пра пажар на будоўлі, які адбыўся яшчэ 12 траўня. Пра такое здарэньне ўсе тры месяцы да таго не расказвалі.

Ці аптымальная пляцоўка?

Калі на пачатку 1990-х у Беларусі разглядалі магчымасьць будаўніцтва АЭС, выявілі 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая мела найгоршую ацэнку.

Навукоўцы ў 1993 годзе адзначалі, што Астравецкі пункт «перасякае сыстэма рэгіянальных разломаў (Ашмянскі і іншыя), якія выяўляюць тэктанічную актыўнасьць да нашых дзён». Згадвалася, што ў 1908 годзе быў зафіксаваны 7-бальны землятрус з эпіцэнтрам каля станцыі Гудагай. Спэцыялісты зьвярталі ўвагу, што пры наяўнасьці на пляцоўцы тэктанічна актыўных у апошнія 2 млн год разломаў, а тым больш на месцах структурных вузлоў такіх разломаў, разьмяшчаць АЭС лічыцца недапушчальным.

Але дзяржаўная камісія ў 2008 годзе выбрала менавіта Астравецкую пляцоўку — «пасьля паглыбленага вывучэньня» заявілі, што іншыя пляцоўкі нават горшыя ў якасьці грунту.

Эўрапейская група рэгуляваньня ядзернай бясьпекі ENSREG адзначала, што праект БелАЭС быў распрацаваны паводле старых стандартаў яшчэ «дафукусімскай эры» — да аварыі на АЭС Фукусіма-1 у Японіі ў 2011 годзе. Да таго ж атамных станцыяў, збудаваных паводле гэтага праекту — расейскага АЭС-2006 — яшчэ наогул нідзе не запускалі.

Ядзернае паліва застанецца ў Беларусі

Нават калі нічога ня здарыцца на самой станцыі, застанецца пагроза экалёгіі: адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі.

Дагэтуль — за месяцы да запуску АЭС — невядома, дзе і як гэта будзе. Да красавіка не было вядома нават, ці будзе яно перапрацоўвацца ў Расеі і вяртацца ў Беларусь, ці будзе захоўвацца неперапрацаваным.

Адпаведна, невядома, як сховішча ядзерных адкідаў будзе ўплываць на людзей і прыроду. Экспэрты ж адзначаюць, што цалкам бясьпечнага спосабу захоўваць гэтыя адкіды не існуе.​

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле падобнага праекту расейцы ўжо збудавалі Цяньваньскую АЭС у Кітаі, але менавіта такіх станцыяў яшчэ не запускалі.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • 100% паліва для БелАЭС будзе з Расеі. Але беларускае Мінэнэрга заяўляе, што «АЭС — гарантыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі».
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энэргіі, пакуль ня вырашылі. Суседнія краіны не зацікавіліся пакупкай электраэнэргіі зь БелАЭС, а Літва заклікае байкатаваць энэргію са станцыі.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG