Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добрых пунктаў захаваньня радыеактыўных адходаў нідзе не існуе. А кепскія існуюць», — экспэрт пра пляны на могільнік у Беларусі


Як вынікае з прэс-рэлізу беларускага Міністэрства энэргетыкі, цяпер вядзецца распрацоўка «канцэптуальнага праекту» магільніку нізка- і сярэднеактыўных радыеактыўных адходаў БелАЭС, якую плянуюць запусьціць ужо праз два гады.

Чаму задумаліся толькі цяпер?

Пазыцыя Беларусі наконт захаваньня радыеактыўных адходаў называлася розная. У 2008 годзе гаварылася, што захоўваць на тэрыторыі краіны будуць у тым ліку высокаактыўныя адходы, у 2012-м ужо казалі, што ніякіх адходаў на тэрыторыі краіны захоўваць ня будуць, у 2013-м гаварылася пра складаваньне сярэдне- і нізкаактыўных адходаў на Беларусі і перапрацоўку высокаактыўных у Расеі.

Могільнік радыеактыўных адходаў у Беларусі збудуюць толькі к 2030 году, — Мінэнэрга

У 2015-м была зацьверджаная «Стратэгія абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі» (PDF), дзе зноў гаварылася пра могільнік для ў тым ліку высокаактыўных радыеактыўных адходаў, і на той могільнік меркавалася патраціць 60 млн даляраў.

Андрэй Ажароўскі, архіўнае фота
Андрэй Ажароўскі, архіўнае фота

«Агульная практыка любых атамшчыкаў — гэта намагацца ў момант прыняцьця рашэньня аб будаўніцтве атамнай станцыі паменей казаць аб радыеактыўных адходах і аб тым, што зь імі рабіць, бо абыходжаньне з радыеактыўнымі адходамі — рэч дарагая і небясьпечная і ні ў адной краіне сьвету да канца ня вырашаная», — кажа Свабодзе інжынэр-фізык, экспэрт Расейскага экалягічна-сацыяльнага саюзу Андрэй Ажароўскі, якому за «дробнае хуліганства» падчас удзелу ў мерапрыемствах Беларускага антыядзернага руху быў на 10 гадоў забаронены ўезд у Беларусь.

Прыкладаў добрага захаваньня радыеактыўных адходаў няма

«Добрых пунктаў захаваньня радыеактыўных адходаў цяпер нідзе не існуе, — заяўляе Ажароўскі. — А кепскія існуюць.

Магу назваць аб’ект Asse II у Нямеччыне, дзе ў 1960-я пачалі захоўваць сярэдне- і нізкарадыеактыўныя адходы ў саляных шахтах — і цяпер там ёсьць працёкі. Яны вымушаныя выпампоўваць некалькі кубамэтраў радыеактыўнай вады штодня.

Складаваньне ня выканала сваю ролю, не ізалявала радыеактыўныя адходы ад навакольнага асяродзьдзя. У Расеі я нядаўна быў побач з горадам Обнінскам, дзе працавала першая ў сьвеце атамная станцыя — яе адходы дагэтуль ляжаць сховішчах, што працякаюць, на беразе ракі Пратва. Думалі, што сховішча будзе бясьпечным...

На сховішчы адходаў Asse II у Нямеччыне, ілюстрацыйнае фота
На сховішчы адходаў Asse II у Нямеччыне, ілюстрацыйнае фота

Прычына простая: спачатку атамная станцыя пачынае работу, потым назапашваецца нейкая колькасьць радыеактыўных адходаў, толькі потым іх трэба складаваць. Гэта палітычная маніпуляцыя, калі пры рашэньні пра будаўніцтва атамнай станцыі пра адходы не казалі.

Мы ў беларускай антыядзернай кампаніі якраз гэтае пытаньне падымалі. У заключэньні Грамадзкай экалягічнай экспэртызы (DOC) напісана, што мы хочам бачыць доўгатэрміновы плян, хоць нейкія разьлікі ў абыходжаньні з экалягічнымі адходамі.

Мы ведаем, што Літва свае адходы з закрытай Ігналінскай АЭС зьбіраецца разьмяшчаць пакуль проста на прамысловай пляцоўцы. І некаторы час беларускае сховішча радыеактыўных адходаў будзе разьмяшчацца проста на пляцоўцы Беларускай АЭС.

А пастаяннага доўгатэрміновага рашэньня ў сьвеце не існуе. Працягваюцца нават спрэчкі, якая парода для зьмяшчэньня лепшая: граніты, гліны, саляныя пласты... Ня думаю, што Беларусь вельмі багатая на гранітныя масівы, дзе можна будаваць доўгатэрміновыя пункты складаваньня, таму ў прынцыпе гэта можа быць зроблена ў любым месцы. Таксама, як усунулі гэтую АЭС пабліжэй да Вільні, хутчэй за ўсё, сховішча адходаў будзе проста там, каб мінімізаваць выдаткі на перавозку».

Расея верне Беларусі перапрацаваныя высокаактыўныя адходы

«Па-другое, рашэньня наконт абыходжаньня з высокаактыўнымі радыеактыўнымі адходамі цяпер няма, — працягвае Ажароўскі. — У крайнім выпадку мо на нейкі час вывезуць адпрацаванае ядзернае паліва на перапрацоўку ў Расею. Але расейскае заканадаўства прадугледжвае вяртаньне другасных адходаў перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва назад у краіну паходжаньня. Гэта значыць, у Беларусь.

Акрамя месца разьмяшчэньня нізка- і сярэднеактыўных адходаў, пра якое мы цяпер гаворым, Беларусі давядзецца думаць і пра абыходжаньне з высокаактыўнымі адходамі: як гэта будзе адбывацца, ці будзе гэта часовае сховішча, як у Нідэрляндах, ці будуць гэта спробы закапаць кудысьці, як гэта адбываецца цяпер у Фінляндыі, мы ня ведаем».

Справа на пару мільярдаў, а не на дзясятак мільёнаў даляраў

«Трэба, каб улады гэта ўсё пралічылі, — дадае Ажароўскі. — Для двухблёкавай станцыі кшталту беларускай ацэнка ўсяго кошту абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі дае суму 1–2 млрд даляраў.

Акцыя пратэсту супраць сховішча радыеактыўных адходаў у Нямеччыне, 2010 год, ілюстрацыйнае фота
Акцыя пратэсту супраць сховішча радыеактыўных адходаў у Нямеччыне, 2010 год, ілюстрацыйнае фота

Гэта немалыя грошы. Цяпер беларускія ўлады, безумоўна, будуць спрабаваць „прадаваць па частках“, выдаваць нейкае маленькае часовае сховішча за канчатковае рашэньне. Гэта мы праходзілі.

Але пытаньне менавіта ў тым, што ў Беларусі не атрымаецца пазбавіцца адходаў. Калі станцыя пачне працаваць, у чым я асабіста сумняваюся, то многім пакаленьням беларусаў давядзецца жыць у краіне, дзе знаходзіцца небясьпечнае сховішча радыеактыўных адходаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG