Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі завод назвалі крыніцай радыяактыўнага воблака над Эўропай у 2017 годзе


Мапа радыяактыўнага воблака восеньню 2017 году
Мапа радыяактыўнага воблака восеньню 2017 году

Міжнародная група дасьледчыкаў апублікавала ў навуковым часопісе PNAS аналіз зьвестак аб радыяактыўным выкідзе, воблака ад якога праплыла над Эўропай восеньню 2017 году. Як расказвае «Настоящее время», крыніцай выкіду назвалі расейскі завод.

3 кастрычніка 2017 году эўрапейскія навукоўцы забілі трывогу, калі выявілі незвычайна высокія ўзроўні радыяцыі ў цэнтральнай частцы Эўропы. Ускосныя зьвесткі паказвалі на імаверны радыяактыўны выкід у Расеі, аднак дзяржаўная карпарацыя «Росатом» заявіла, што апублікаваных зьвестак недастаткова, каб выявіць дакладнае месца паходжаньня працёку ізатопаў радыяактыўнага элемэнту рутэній-106.

Некалькіх тыдняў радыяактыўнае воблака завісала ў розных частках Эўропы, у тым ліку прайшло над Браславам і Пінскам. Узроўні радыяцыі вагаліся, але ўрэшце вярнуліся да нармальных паказчыкаў. Францыя і Нямеччына неўзабаве пацьвердзілі, што менавіта Расея, хутчэй за ўсё, ёсьць месцам выкіду.

Пазьней расейскі бок заявіў, што крыніцай забруджваньня нібыта быў спадарожнік, які згарэў у атмасфэры. У канцы кастрычніка 2017 году з арбіты сышлі два савецкія спадарожнікі: «Маланка-1-44» і «Космас-1461». Адзін апарат згарэў у небе над Зімбабвэ, абломкі другога ўпалі ў акіян непадалёк ад берагоў Антарктыкі. Рутэній-106 сапраўды мог выкарыстоўвацца ў штучным спадарожніку. Гэтае рэчыва выкарыстоўвалі для стварэньня так званых радыяізатопных тэрмаэлектрычных генэратараў — мініятурных электрастанцыяў, якія выпрацоўваюць электрычнасьць за кошт цеплавой энэргіі натуральнай ядзернай рэакцыі.

Цяпер навукоўцы прааналізавалі масіўны аб'ём інфармацыі і прыйшлі да высновы, што выкід «несумнеўна» адбыўся ў Расеі. Ягонай крыніцай было вытворчае абʼяднаньне «Маяк» у Чалябінскай вобласьці недалёка ад мяжы з Казахстанам, дзе вырабляюцца кампанэнты ядзернай зброі.

У справаздачы PNAS паказана, што, нягледзячы на павышаны ўзровень радыяцыі, выкід не ўяўляў пагрозы здароўю людзей за межамі Расеі.

Эўрапейскія навукоўцы выказалі трывогу ў сувязі з адмовай Масквы ўзяць на сябе адказнасьць за радыяактыўны выкід. Навукоўцы разьлічваюць на хуткі збор доказаў пасьля такой падзеі, каб сфармуляваць плян дзеяньня для прадухіленьня падобных здарэньняў у будучыні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG