Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не згарым і не патонем — сыноптыкі распавялі, як закране Беларусь глябальнае пацяпленьне


Пара купаецца на захадзе сонца ў возеры пад Менскам
Пара купаецца на захадзе сонца ў возеры пад Менскам

«Ні жахлівая засуха, ні ўсясьветныя патопы нам не пагражаюць», — кажуць сыноптыкі.

Але тэмпэратура паветра ў Беларусі ў першым паўгодзьдзі 2019 году істотна адрозьнівалася ад звычайнай.

  1. Сярэдняя тэмпэратура паветра была на 2,3 градуса вышэйшая за кліматычную норму;
  2. У сярэднім па краіне так цёпла бывае адзін раз на 30–35 гадоў. Апошнім разам такое назіралася аж у 1989 годзе, калі сярэдняя тэмпэратура складала плюс 7,4 градуса. Сёлета — 7,1 градуса;
  3. Калі браць кожны месяц паасобку, то пяць месяцаў з шасьці тэмпэратура была вышэйшая за звычайную. Халодным быў толькі студзень. А такога цёплага чэрвеня не было аж з 1945 году;
  4. Вільгаці нашмат менш за звычайныя нормы. Напрыклад, такога сухога красавіка як сёлета, не было ўжо 75 гадоў.

Пра гэта распавяла журналістам 19 ліпеня начальнік аддзелу Рэспубліканскага цэнтру гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Натальля Клявец.

«Аднак усё гэта і цяпер, і на пэрспэктыву не пагражае сур’ёзнымі кліматычнымі зьмяненьнямі», — запэўніла Натальля Клявец:

«Тэндэнцыя да павелічэньня тэмпэратуры і ападкаў у нашай краіне апошнім часам назіраецца. Растуць сярэднія тэмпэратуры, колькасьць ападкаў павялічваецца. Але мы не згарым і не патонем. Хоць усясьветная тэндэнцыя да пацяпленьня надвор’я захоўваецца, але яна нязначная. Таму ні жахлівая засуха, ні ўсясьветныя патопы нам не пагражаюць».

Канец ліпеня будзе цёплы

А начальнік службы мэтэаралягічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Бяганскі нарэшце паабяцаў беларусам пацяпленьне. Cярэдзіна ліпеня сёлета была самая халодная за 20 гадоў.

«У трэцяй дэкадзе ліпеня прагназуецца падвышэньне тэмпэратуры. У гэтыя выходныя (20 і 21 ліпеня) тэмпэратура паветра ў бальшыні раёнаў чакаецца ў межах ад 22 да 29 градусаў цяпла, ападкаў будзе няшмат, — кажа Бяганскі. — Тэмпэратурны фон будзе блізкі да кліматычнай нормы: да канца ліпеня ў начны час 10–17 градусаў вышэй за нуль, удзень — ад 21 да 28 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах у асобныя дні да плюс 30. Пэрыядычна будуць ісьці кароткачасовыя навальнічныя дажджы».

Што тычыцца жніўня, то ў гэтым месяцы, на думку Аляксандра Бяганскага, надвор’е будзе традыцыйнае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG