Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Землятрусаў быць не павінна, а сьмерч для нас звычайная зьява» — кліматоляг пра тое, чаго чакаць беларусам ад прыроды


Пашкоджаны дом у Шаркаўшчыне
Пашкоджаны дом у Шаркаўшчыне

Сьмерч у Шаркаўшчыне руйнуе цэлую фэрму, а ўраган нішчыць вёскі пад Менскам — беларусы напалоханыя надзвычайнымі прыроднымі зьявамі апошніх дзён і кажуць, што такога не было ніколі. Пра шквалістыя вятры, моцныя дажджы і памаранчавы ўзровень небясьпекі рэгулярна папярэджвае Белгідрамет.

Кліматоляг Павал Каўрыга, кандыдат геаграфічных навук і аўтар манаграфіі «Зьмены клімату і выкарыстаньне кліматычных рэсурсаў», патлумачыў Свабодзе, чаму ў нас здараюцца ўраганы і сьмерчы.

Усе ведаюць, што клімат мяняецца, прычым у бок пацяпленьня, падвышэньня тэмпэратуры. Гэтае паўгодзьдзе Сусьветная мэтэаралягічная арганізацыя ацэньвае як найбольш цёплае за ўсю гісторыю назіраньняў. Зрэшты, цяперашнім часам ледзьве не штогод фіксуецца нейкі тэмпэратурны рэкорд.

Падвышаную ў нейкім месцы колькасьць цяпла атмасфэра павінна рэалізаваць — неяк яе расьсеяць і ператварыць у кінэтычную энэргію. Энэргетыка атмасфэры ўраўнаважваецца праз рух паветраных масаў. Калі б гэтых ветравых працэсаў не было, не было цыркуляцыі атмасфэры, гэта магло б прыводзіць да нейкіх надзвычайных зьяваў. Нашмат больш небясьпечных, чым тое, што мы сустракаем у апошнія гады, і сёлета асабліва.

Фэрму сьмерч раскідаў дашчэнту
Фэрму сьмерч раскідаў дашчэнту

Сьмерч — гэта не ўнікальная зьява ў Беларусі. Яна традыцыйная, хоць і нячастая, для летніх месяцаў, а пік сьмерчаў якраз прыпадае на ліпень. Багата сьмерчаў проста ніхто не заўважае, таму што яны праходзяць далёка ад паселішчаў.

А сёлета ў Віцебскай вобласьці наступствы былі вельмі значныя, бо на шляху сьмерчу аказалася Шаркаўшчына. Звычайна сьмерчы ў нас бываюць слабейшыя.

Энэргія нашай атмасфэры можа ўтвараць вось такія віхуры: у дыямэтры яны маюць некалькі сотняў мэтраў, да кілямэтру. І ў вышыню таксама некалькі сотняў мэтраў. Гэтая зьява наўпрост зьвязаная з наяўнасьцю кучава-дажджавых воблакаў.

Віхор моцна круціцца і ў выглядзе слупа апускаецца з кучава-дажджавых аблокаў на зямлю. Патокі паветра ідуць ня толькі ў гарызантальнай плоскасьці, але і ў вэртыкальнай. Таму такія віхры засмоктваюць, нібы помпа, прадметы з паверхні зямлі, зрываюць дахі, перакульваюць цяжкія рэчы.

Залева ў Менску. Відэа з розных раёнаў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

Нам варта рыхтавацца да надзвычайных атмасфэрных падзеяў, а вось землятрусаў у Беларусі быць не павінна. Гэта таму, што мы знаходзімся на раўніннай тэрыторыі, плятформе — устойлівай частцы зямной кары, якая прайшла ўсе этапы геалягічнага разьвіцьця. Тэктанічных разломаў у нас няма.

Здараюцца моцныя вятры, ураганы. Вось учора быў ураган, які захапіў Беларусь франтальным наступам з паўднёвага захаду да паўночнага ўсходу.

З падобным франтальным праходжаньнем мы сутыкаемся ўсё лета — ідуць моцныя дажджы, ліўні, вецер. Учорашні франтальны падзел — сустрэча дзьвюх паветраных масаў з рознымі фізычнымі ўласьцівасьцямі. Тут сутыкнуліся трапічная і субтрапічная паветраныя масы, якія прыйшлі з Чорнага мора, зь Міжземнамор’я, з паветранымі масамі нашых шыротаў, умераных, зь меншай тэмпэратурай, вільготнасьцю. І такія розьніцы, такія франтальныя разьдзелы двух паветраных масаў і прыводзяць да штармавога надвор’я, што мы ўчора ўсе назіралі.

Па ўсіх каналах ідзе прагноз надвор’я, але людзі неяк абыякава да гэтага ставяцца. У нядзелю ўжо было вядома, што гэтыя зьявы прагназаваліся, была абвешчаная небясьпечная сытуацыя ў атмасфэры, штармавое надвор’е.

Але мы, відаць, звыклі да надвор’я нястрашнага, так скажам. Маўляў, дождж прайшоў, сонца вернецца, нікуды ня дзенецца. Відаць, псыхалёгія чалавека склалася так, што ён прызвычайваецца да добрых і спакойных умоваў атмасфэры. А людзі заўжды павінны быць падрыхтаваныя, настроеныя на нечаканасьць прыродных зьяваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG