Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дадатковыя 10 дрэваў — і вы пачуецеся на 7 гадоў маладзейшым (або на $10.000 багацейшым)


Зялёныя пасадкі ў навакольлі могуць значна палепшыць ня толькі зьнешні выгляд вуліцы, але і ваша самаадчуваньне, да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Таронта.

Пасьля аналізу дадзеных, дасьледчыкі паведамляюць, што дадатковыя 10 дрэваў могуць палепшыць самаадчуваньне чалавека так, быццам бы гэты чалавек атрымаў дадатковыя 10000 даляраў на год ці стаў на сем гадоў маладзейшым.

Што паляпшаецца

Дасьледаваньне таксама паказала, што жыхары раёнаў з большай шчыльнасьцю дрэваў менш схільныя да сардэчна-мэтабалічных захворваньняў, такіх як гіпэртанія, атлусьценьне і дыябэт.

І справа ня ў тым, што багатыя людзі, якія жывуць у фэшанэбельных зялёных раёнах, могуць дазволіць сабе больш здаровы лад жыцьця. Дасьледчыкі аналізавалі дэмаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя фактары і выявілі, што жыцьцё каля дрэваў так ці інакш ўплывае на здароўе і стаўленьне чалавека да яго.

У чым прычына

Нягледзячы на тое, што даследваньне выявіла суадносіны паміж здароўем і пражываньнем на вуліцы з дрэвамі, навуковага тлумачэньня чаму так адбываецца— няма.

Паводле папярэдніх дасьледаваньняў, адной з прычын можа быць тое, што дрэвы чысьцяць паветра, робячы людзей больш здаровымі. Ня выключана, што вялікая колькасьць дрэваў падахвочвае людзей выходзіць на вуліцу і займацца актыўнай дзейнасьцю. Нарэшце, магчыма і тое, што здаровыя людзі проста выбіраюць зялёныя раёны для жыцьця.

Але пасадка дрэваў у гарадзкім ляндшафце ў любым выпадку не пашкодзіць — асабліва калі гэта азначае памяншэньне візытаў да лекараў.

Падрыхтавала Кацярына Яроміч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG