Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніцай выкіду рутэнію, воблака зь якім прайшло над Беларусьсю, назвалі спадарожнік


Выкід рутэнію-106 у атмасфэру мог адбыцца ад спадарожніка, які згарэў у ёй. Гэтую вэрсію лічыць прыярытэтнай расейская міжведамасная камісія, якая высьвятляе акалічнасьці выкіду рутэнію-106 на Паўднёвым Урале, паведамляе ТАСС.

Працёк ізатопаў гэтага радыеактыўнага рэчыва на пачатку лістапада зафіксавалі эўрапейскія спэцыялісты. Яны выказалі здагадку, што крыніца выкіду знаходзіцца ў Чалябінскай вобласьці.

Акадэмік Расейскай акадэміі касманаўтыкі імя Цыялкоўскага Аляксандар Жалезьнякоў сказаў РБК, што падзеньне спадарожніка, нават сьпісанага, заўважылі б загадзя. Паводле ягоных слоў, усе арбіты пахаваньня старых касьмічных апаратаў такога тыпу старанна адсочваюцца ЗША.

Рутэній-106 атрымліваюць для выкарыстаньня ў мэдыцыне і энэргетыцы, у прыродзе гэтага рэчыва не існуе. Зьяўленьне рутэнію ў атмасфэры можна растлумачыць выключна ўплывам чалавека.

«Карысных радыянуклідаў не бывае». Навукоўцы пра рутэній-106, воблака зь якім прайшло над Беларусьсю

У выніку магчымага выкіду радыяцыі пад расейскім Чалябінскам у верасьні-кастрычніку радыяактыўнае воблака прайшло над Браславам і Пінскам, але радыяцыйнага забруджаньня тэрыторыі Беларусі не адбылося. Так Свабодзе сказалі ў Белгідрамэце.

«Росгидромет» паведаміў пра «экстрэмальна высокае» забруджаньне ізатопам рутэнія-106

20 лістапада ў афіцыйнай зводцы «Росгидромет» заявіў пра перавышэньне ўзроўняў радыяцыі на ўсіх пастах Паўдёвага Ўралу і фіксацыю «экстрэмальна высокага» забруджаньня радыяактыўным ізатопам рутэнія-106 з 25 верасьня па 1 кастрычніка, і згадаў, што радыяактыўны рутэній фіксаваў шэраг эўрапейскіх краінаў.

Перавышэньне фону зафіксавалі ў пасёлках пад Чалябінскам, побач зь якімі знаходзіцца вытворчае аб’яднаньне «Маяк», што займаецца вытворчасьцю кампанэнтаў ядзернай зброі, захаваньнем і перапрацоўкай адпрацаванага радыяактыўнага паліва. Менавіта на «Маяку» ў 1957 годзе адбылася першая ў СССР тэхнагенная радыяцыйная аварыя (ніхто не загінуў, але тысячы людзей перасялілі зь небясьпечнай зоны).

Хімічны камбінат «Маяк», Чалябінская вобласьць, 1990 год

Раней у Расеі не прызнавалі ніякіх здарэньняў у сувязі зь фіксаваньнем радыяактыўнага рутэнію эўрапейскімі маніторынгавымі станцыямі. «Росатом» заяўляў, што абстаноўка ў раёне расейскіх ядзерных аб’ектаў нармальная. З чым зьвязаныя падвышаныя ўзроўні радыяактыўнага рэчыва, афіцыйна нічога не тлумачылі.

«Грынпіс» зьвярнуўся да расейскіх уладаў з патрабаваньнем расьсьледаваць магчымае здарэньне са спасылкай на зьвесткі «Росгидромета». Міністар грамадзкай бясьпекі Чалябінскай вобласьці ў адказ заявіў «РИА Новости», што гідрамэтцэнтар не перадаваў зьвестак пра скачкі радыяцыі.

Французы фіксавалі ўцечку радыяцыі ў Расеі або Казахстане

Францускія навукоўцы раней падкрэсьлівалі, што калі б аналягічная ўцечка адбылася ў Францыі, уладам давялося б эвакуяваць людзей, якія жывуць на адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад месца выкіду. Аднак пра тое, што падобныя эвакуацыі ў верасьні адбываліся ў Расеі (або суседнім Казахстане), да гэтага часу невядома. Як сьцьвярджалася раней, здароўю людзей у Эўропе ўцечка не пагражала.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG