Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на лета. Ірына Халіп: «А клёвая была дзеўка!»


Ірына Халіп
Ірына Халіп

У новым летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Першы наш рэспандэнт — вядомая беларуская журналістка, уласная карэспандэнтка «Новой газеты» (Расея) Ірына Халіп.

Хто гэта

Ляўрэатка журналісцкіх прэмій Дзьмітрыя Завадзкага (Расея), Генры Нанэна (Нямеччына), «Герой Эўропы» (Вялікая Брытанія), Гаральда Пінтэра «За пісьменьніцкую мужнасьць» (Вяліка Брытанія), «Залатое пяро Расеі», «Мужнасьць у журналістыцы» (ЗША), Германа Кестэна (Нямеччына). Неаднаразова арыштоўвалася, зазнала крымінальны перасьлед і пагрозы. Была асуджаная за падзеі 19 сьнежня 2010 году на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай. Муж — палітык Андрэй Саньнікаў; мае сына Данііла 12 гадоў; бацька — вядомы публіцыст і кінадакумэнталіст Уладзімір Халіп; маці — Люцына Бяльзацкая, дачка вядомага піяніста і кампазытара Юрыя Бяльзацкага.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Я ня ведаю наконт найбольшага. Але памятаю найвастрэйшае, кароткае, як выбліск, адчуваньне абсалютнага шчасьця. Канец лета 2013 году, мая адтэрміноўка выкананьня выраку скончылася, і я паехала ў Крым, куды мае бацькі вывезьлі майго сына Даніка адпачыць на моры. Туды ж прыехаў і Андрэй. І вось уявіце: Алушта, вечар, адкрытая кіназаля на беразе, і мы глядзім нямое кіно. Чорнае неба, нямое кіно, тапэр, вострыя начныя пахі паўднёвых расьлін, у мяне на каленях сьпіць шасьцігадовы Данік, накрыты пледам, і шэпт хваляў, і ўсе разам, і змаглі перажыць пекла. (Зараз яшчэ добра дадаць «і Крым яшчэ не анэксаваны».) Тое пачуцьцё памятаю дагэтуль.

2. Які ваш найбольшы страх?

Страх сьмерці блізкіх.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Тата ноччу расказвае казкі — дагэтуль памятаю, яны былі аб прывідах: добрыя прывіды Міця і Пафнуцьевіч і злосны прывід Імпадыставіч.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Лянота.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Адсутнасьць пачуцьця гумару.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Аднойчы ў юнацтве я нахаміла бацькам — дробна, гнюсна, а потым марыла праваліцца пад зямлю, так было сорамна.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Аднавокае асьляня на бірульцы — на ім калісьці бабуля ключы насіла. Яно ўжо тады было аднавокім і падрапаным, і я зь дзяцінства яго шкадавала. Так і захавала, шкадуючы.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Хацела б мець здольнасьці Вольфа Мэсінга.

9. Што робіць вас няшчаснымі?

Пакуты блізкіх.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

У вольны дзень магу хадзіць у піжаме да вечара.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Курэньне. Але ўжо другі месяц я не куру, хоць і даецца мне гэта вельмі цяжка. Сын папрасіў кінуць у якасьці падарунка на дзень народзінаў.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У бабулі. Я не была побач зь ёй у апошнія дні яе жыцьця.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Вядома ж, пацалунак маленькага сына, калі ён зразумеў, што гэта такое.

15. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Сутыкненьне з антысэмітызмам.

16. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Я б не чакала 40 гадоў, каб нарадзіць дзіця.

Ірына Халіп з мужам Андрэем Саньнікавым і сынам Данікам
Ірына Халіп з мужам Андрэем Саньнікавым і сынам Данікам

17. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У стаўцы Гітлера, ды са здольнасьцямі Вольфа Месінга з аднаго з папярэдніх пытаньняў. Я б яго абясшкодзіла.

18. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Магчыма, калі атрымлівала сьмяротныя пагрозы. Тады мне здавалася, што калі пагражаюць, проста палохаюць, сурʼёзныя хлопцы палохаць ня будуць, а адразу будуць дзейнічаць. Лёс Ганны Паліткоўскай прадэманстраваў, што гэта ня так. Калі пагражаюць сьмерцю — гэта заўсёды сурʼёзна.

19. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Дэмакратычныя выбары.

20. Ваша найбольшае дасягненьне?

Спадзяюся, яно яшчэ наперадзе.

21. Што вам не дае спаць па начах?

Сьпякота і ўспаміны.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

«А клёвая была дзеўка!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG