Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета пасьля лета. Караліна Мацкевіч: «Мае дочкі, народжаныя ў Ангельшчыне, гавораць па-беларуску»


Караліна Мацкевіч

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Караліна Мацкевіч.

Хто гэта?

Знаная біблеістка, дасьледчыца Старога Запавету і дзяячка беларускай дыяспары ў Брытаніі. У канцы 80-х — пачатку 90-х была актывісткай «Талакі», каардынатаркай Канфэдэрацыі беларускіх суполак, працавала ў рэдакцыі часопіса «Унія». Пасьля 1992 году вывучала тэалёгію і біблістыку ў Вялікай Брытаніі і Францыі, абараніла дысэртацыю па біблійнай крытыцы ў Шэфілдзкім унівэрсытэце. Выкладала біблістыку ў Гітрапскім каледжы Лёнданскага ўнівэрсытэту.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Мусіць, гэта шчасьце нараджаць. На розных узроўнях яно — найвышэйшае, ад нараджэньня ідэі да нараджэньня дзіцяці. Такіх стваральных момантаў было дастаткова шмат, але зь іх, напэўна, першая цяжарнасьць застаецца самым шчасьлівым успамінам.

2. Які ваш найбольшы страх?

Лётаць.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

З раньніх успамінаў самы яркі — як я вырашыла заколкай для валасоў прабіцца праз разэтку да суседзяў, каб зрабіць ім сюрпрыз. Памятаю, як токам адкінула ад сьцяны, і абгарэлую разэтку. Суседзі, калі і атрымалі сюрпрыз, нічога нам не сказалі.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Імкненьне дагадзіць іншым. Хаця тут у мяне ў апошнія гады пазытыўныя зрухі.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Няўменьне выслухаць суразмоўцу, няздольнасьць да дыялёгу.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Няёмка сябе адчуваю даволі рэгулярна, але зь нядаўніх на памяць прыйшоў выпадак, калі на адной важнай царкоўнай урачыстасьці лёнданскія беларусы хлебам з сольлю сустракалі кардынала з Ватыкану. Айцец Сяргей папрасіў мяне напярэдадні сьпячы прыгожы бохан. Атрымаўся бохан і праўда прыгожы, але цьвёрды быў, як камень — мусіць, у печцы пераседзеў. Іншага не было, давялося такім сустракаць. Кардынал, небарака, аж узмакрэў, намагаючыся адламаць ад яго кавалак. А я мусіла гасьцінна ўсьміхацца, паднос трымаючы, а самой вельмі хацелася ўцячы як мага далей.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Саматканыя наміткі, што засталіся мне ад маці. Яны ільняныя, вельмі тонкай фактуры, амаль як вэлюм. Маці вырасла на хутары на Палесьсі. Гаспадарка ў іх была самадастатковая, самі вырошчвалі ўсё, што елі і апраналі, і мама, малодшая з шасьці дзяцей, ткала ад пяцігадовага ўзросту. Ёй самой тыя наміткі завіваць не давялося, замуж пайшла ўжо ў горадзе. Але для яе яны былі вельмі каштоўныя.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Ацаляць. Людзей, сытуацыі, жыцьцё.

9. Што робіць вас няшчаснай?

Бездапаможнасьць. Асабліва калі блізкім мне людзям патрэбная дапамога.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Спазьняцца.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Лёгка «падсядаю» на дэтэктыўныя сэрыялы, асабліва па Агаце Крысьці.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Напэўна, у бацькі, за тое, што была далёка ад яго тады, калі была найбольш патрэбная.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

У вагоне цягніка Менск — Масква, улетку 1986-га.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Aдносіны зь людзьмі. Раней імкнулася ў іх спраўдзіцца. Але з часам навучылася спраўджвацца ў сабе і вельмі ўдзячная жыцьцю за навуку.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Пайшла б пасьля школы вывучаць філялёгію, а не эканоміку.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

На хутары на Піншчыне, дзе расла мая маці ў 30-я. Сказала б ёй, што страх ня мае сэнсу, а любоў ня мае межаў.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Як была немаўлём. Бацька даў мне закрыты слоік з моцнымі пігулкамі замест бразготкі (!), ну, а я неяк патрапіла яго адчыніць ды тых пігулак наглытацца. Добра, што маці, мэдык, была дома, яна і ўратавала, але мяне пасьля таго яшчэ доўга ў лякарні трымалі. Сваіх успамінаў пра гэта, натуральна, ня маю, але засталося ў сямейнай хроніцы.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Нязмушанасьць. Так хацелася б гукнуць сяброўку на шпацыр, не дамаўляючыся пра гэта за тыдзень.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Калі прафэсійнае, то, напэўна, гэта мая кніга па біблістыцы, што выйшла сёлета ў выдавецтве Блумсбэры ў Лёндане. Калі асабістае, то гэта кола маіх любімых сяброў. А найбольшым дасягненьнем як маці я ўважаю тое, што мае дочкі, народжаныя ў Ангельшчыне, гавораць па-беларуску.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Сплю я звычайна добра. Калі сабака ня будзіць.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Было шмат падарожжаў, але сярод іх адно надзвычайнае. У ім было ўсё, ад глыбіняў да вяршыняў, як у псальмах. І сад, амаль што райскі.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Сьмех.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG