Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на лета. Юры Зісер: «Калі мне загоняць іголкі пад ногці, я раскажу тое, чаго ня ведаю»


Юры Зісер, архіўнае фота

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наш сёньняшні рэспандэнт — Юры Зісер.

Хто гэта?

Вядомы беларускі бізнэсовец і мэцэнат. Заснавальнік і суўладальнік беларускага інтэрнэт-рэсурсу Tut.by, старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Тут бай медыа». Працаваў дацэнтам Беларускага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, быў трэнэрам беларускіх бізнэс-школаў. Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ і кнігі «Маркетинг on-line». Падтрымлівае шматлікія сацыяльныя і культурніцкія праекты.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі ўпершыню плаваў у моры. Мне было шэсьць гадоў. Цудоўная захмеленасьць. Быў на сёмым небе ад шчасьця. Да гэтага часу вельмі люблю мора і плаваньне.

2. Які ваш найбольшы страх?

Мабыць, фізычны боль і нямогласьць. Калі мне загоняць іголкі пад ногці, я, напэўна, раскажу ўсё, нават тое, чаго ня ведаю. Хоць фізычных катаваньняў яшчэ не зазнаў.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Прыватная кватэра, дзе мы жылі ў Львове на вуліцы Акружной, 77. Мне было гады два. Памятаю калідор, кухню і люстру, якую мама зрабіла сама зь нітак, паперы і клею, выкарыстаўшы мячык у якасьці формы.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Вельмі лёгка купляюся на абаяньне хлусаў.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Хлусьлівасьць.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Калі цягалі ў КДБ.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Такіх матэрыяльных прадметаў няма. Усё, што мне дарагое, — у маёй галаве і любові. Усё астатняе можна купіць ці захаваць у памяці. Скажам, у мяне ёсьць фатаздымкі маіх памерлых бацькоў. Але мне ня трэба на іх глядзець і трымаць у руках. Цалкам дастаткова, што я ўзгадваю бацькоў шмат разоў на дзень.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Лекаваць людзей ад невылечных хваробаў. Увогуле, у дзяцінстве я марыў стаць лекарам і нават рыхтаваўся да паступленьня ў мэдынстытут. Але потым зразумеў, што зь «пятай графой» не паступлю. Скончыў біямэдыцынскую кібэрнэтыку і праштудыяваў усе мэдынстытутаўскія падручнікі, яшчэ ў 1980-х вывучаў прымяненьне штучнага інтэлекту ў мэдыцыне. Таму можна сказаць, што я на васьмушку лекар.

9. Што робіць вас няшчасным?

Напэўна, нічога. Я зь дзяцінства шчасьлівы чалавек і такім застаюся да гэтага часу.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Неахайнасьць. Лёгка расплюхваю ежу, выпускаю з рук рэчы, урываюся ў асабістую прастору іншых людзей, калі можна было б гэтага пазьбегнуць.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Люблю вострую ежу ☺.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Раней хацелася, але потым зразумеў, што прабачэньнямі свае памылкі ня выправіш. Ні пра што не шкадую.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Першы.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Што ўсе маюць рацыю. Нікога ні ў чым нельга пераканаць, кожны праўдзівы ў сваім уласным вымярэньні. «И не оспоривай глупца» — праўду Пушкіна я зразумеў толькі гадоў у сорак.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Нічога не хачу мяняць. Жыву без чарнавіка, набела. Мой лёс мяне задавальняе.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У дзяцінстве, калі ты ні пра што і ні пра кога не павінен быў клапаціцца і хацелася бясконца чытаць кнігі і слухаць музыку.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Думаю, гэты час яшчэ наперадзе.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Вяртаньне ў мае 25 гадоў.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

TUT.BY.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Памятаеце анэкдот пра вар’ята, які лічыў сябе Леніным: «А мыслишки куда девать пгикажете?»

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Хацеў бы пакінуць пасьля сябе тое, чым доўга будуць карыстацца людзі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG