Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета пасьля лета. Зіна Гімпелевіч: «Я казала гэбэшніку: можаш мяне забіць, але я вам ня здамся»


Зінаіда Гімпелевіч

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Зіна Гімпелевіч.

Хто гэта?

Знаная беларусістка, ганаровая (Emerita) прафэсарка Канадыйскага ўнівэрсытэту Ватэрлоо, былая, а цяпер ганаровая прэзыдэнтка Канадыйскай асацыяцыі славістаў, ганаровы сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, былая віцэ-прэзыдэнтка Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ), прэзыдэнтка Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе (2002–2017).

Нарадзілася ў Менску ў 1949 годзе. Эмігравала ў Канаду ў 1979-м зь першым мужам і дачкой. Сумесна з Івонкай Сурвілай і Паўлінай Сьміт-Пашкевіч арганізавала адну зь першых у сьвеце фундацыяў па дапамозе ахвярам Чарнобылю ў Беларусі і шмат гадоў была першай віцэ-прэзыдэнткай фонду (CRFCVB). Аўтарка 8 манаграфій, у тым ліку пра творчасьць Васіля Быкава, 17 разьдзелаў у калектыўных акадэмічных выданьнях.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі нарадзілася дачка (маё першае дзіця, хлопчык, памерла пры родах.)

2. Які ваш найбольшы страх?

Здароўе родных і блізкіх сяброў.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Мне каля трох гадоў, у мяне пнэўманія, і тата выцягвае са скрыначкі з-пад дзіцячых боцікаў жывога маленькага шчанючка і кладзе яго побач са мной.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Бывае, што патрабую ад людзей больш, чым яны могуць даць для працы.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

«Хворы» эгаізм і адсутнасьць шчырасьці.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Ды шмат было. Вось калі паступала на працу на беларускае тэлебачаньне, вытрымала іспыт (напісала праграму, якую прынялі), але мяне не ўзялі, калі ўбачылі, што запісана ў пашпарце габрэйкай. Прычыну адкрытым тэкстам выдалі і мне, і майму айчыму, беларускаму кампазытару Дзьмітрыю Камінскаму. Прапанавалі, каб я ўзяла яго нацыянальнасьць. Ён настойваў, я не згадзілася. Тады ён патрабаваў (калі нарадзілася дачка), каб мы пакінулі краіну. Я згадзілася пры ўмове, што яны з мамай да нас далучацца ў наступным годзе.

Ці вось такі выпадак, толькі ён, канечне, не лёсавызначальны, як першы, а, хутчэй, трагікамічны. З Канады я шмат прыяжджала ў Беларусь па справах фундацыі і для навуковай працы. Шмат працавала і ў расейскіх архівах, Расейскай акадэміі навук і даволі часта ў Расейскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ў Маскве і Ленінградзе. Знайшла ў Маскве сшытак-альбом Валянціна Крывіча (беларус па маці і адзіны сын слаўнага расейскага паэта-мадэрніста Інакенція Аненскага). Вырашыла апрацаваць і надрукаваць.

Пайшла па дазвол зрабіць копіі да дырэктаркі архіву. Яна пахваліла мой густ і сказала, што дазволіць, але што я павінна заплаціць 100 даляраў за кожную копію бачынкі. Я засьмяялася, думала, што яна жартуе. А яна раззлавалася. Кажа: «Чаму вы радуецеся? Ці мала запрасіла?» Я кажу, што паміж Канадай і Расеяй ёсьць дагавор, што максымум за копію кожны бок плаціць 1 даляр і 25 цэнтаў. Мой былы студэнт быў канадыйскім амбасадарам у СССР, галавой Canada Coincil (аналяг міністра культуры ў Беларусі), і ён устанавіў гэтую праграму. І я казала, што гэтую суму я заплачу са сваёй кішэні. Яна кажа: не, так справа ня пойдзе, заплаціце як замежніца. Я падзякавала за яе час і пайшла да дзьвярэй. А яна мне гэбісцкім голасам крычыць: «Вярніцеся. Вы вось там на Захадзе надрукуеце і атрымаеце мільёны даляраў, а ў мяне няма грошай, каб плаціць працаўнікам». Я кажу, што я спачуваю, але калі б мяне тут не было, чым бы яна плаціла? Спрабавала растлумачыць, што аўтары ў Канадзе атрымліваюць у лепшым выпадку 10 асобнікаў (зараз менш), а грошы атрымлівае выдавецтва. І таксама няшмат, таму што такія кнігі купляюць толькі бібліятэкі.

Праўда ў тым, што пісаць навуковыя творы і выступаць на канфэрэнцыях ёсьць частка нашай працы, такая ж, як выкладаць і рабіць адміністрацыйную працу. Калі мы добра выконваем гэтыя тры рэчы, нам дабаўляюць зарплату. Калі не, дык не дабаўляюць. Я дадала, што арыгінал застаецца ў архіве і гніе там. Вы ж ведаеце, у якім ён стане. Я хачу вам выратаваць гэтую цудоўную рэч, прашу толькі копіі. Астатняе — мая праца. А яна мне: «У савецкія часы я б вам дала бясплатна». Тут і я ўжо раззлавалася і кажу: «У савецкія часы ні я, ні такія, як я, не дапускаліся да РГАЛІ на стрэл». Яна спусьціла суму платы спачатку да 50 даляраў за бачынку, а ўрэшце дамовіліся на 5,50. Цяпер мне казалі сябры, што ўжо 2 доктарскія тэзы напісаны па матэрыялах майго выданьня.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Жыцьцё, як ува ўсіх.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Ведаць добра яшчэ 5–10 моваў і валодаць электроннай тэхнікай.

9. Што робіць вас няшчаснай?

Калі дзеці і ўнукі хварэюць.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Я палю...

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Цыгарэты, на маю думку, ну і не дурніца да добрай чаркі віна.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У таты, мамы і айчыма. Трэба было больш і лепш іх даглядаць. Ня мела на тое дастаткова часу.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Іх шмат: ад бацькоў, дзяцей, мужа, сяброў і, канешне, унукаў.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Ня маю.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Нічога. Я шчыра ўдзячна за ўсе ўрокі жыцьця і ўсё яшчэ вучуся...

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У Вэнэцыі.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Некалькі разоў. Першы раз у Берасьці на мяжы, калі гэбэшнікі спрабавалі зламіць маю волю. Насамрэч, гэта ўжо быў трэці раз, калі яны спрабавалі са мной «працаваць.» Але гэты быў найбольш трагічны. Яны адпусьцілі мужа з дачкой, а ад мяне спрабавалі (пасьля амаль 3-х гадзін маральных зьдзекаў) адабраць усе грошы (нам на сям’ю дазвалялі тады 250 даляраў) і дамагаліся, каб падпісала ліст, што я раблю гэта добраахвотна, як штраф за тое, што не заявіла пра завушніцы. Гэта яны хлусілі, я запісала маміны завушніцы ў дэклярацыю. Ну вось яны ўсіх прапусьцілі, і я засталася адна зь імі на мытні. Іхні начальнік мне казаў, што калі не падпішу, згноіць у турме. Дадаў, што ён са мною расправіцца таму, што мае «шмат мэтадаў для такіх, як я».

Я запаліла новую цыгарэту (амаль блёк тады скурыла) і кажу, што ён і ягоныя памагатыя, магчыма, трапяць туды раней, чым я. Ён кажа: а як жа гэта? А я адказала: гэта ж не апошняе дазнаньне, праўда? А сядзець будзеш таму, што ты і твае атрымалі ад мяне барыш. І гэта таксама была праўда. Усе, хто тады ад’яжджаў, плацілі насільшчыкам. А тыя дзяліліся з мытнікамі. Тады ён загадаў зрушыць цягнік (я бачыла праз вакно, як ён рушыў і празь некалькі хвілін спыніўся). За гэтыя хвіліны ў мяне амаль зьнерухомела сэрца, ён жа паабяцаў, што ніколі ня ўбачу дачку. І я яму казала: можаш забіць, але я вам ня здамся. Верыла, што заб’е, але адпусьціў. Грошы аддаў, ліста не падпісала. Да вагону трэба было ісьці па шпалах, таму што цягнік адышоў ад вакзалу. Двое салдат-памежнікаў дапамагалі ісьці (у мяне аслаблі ногі).

А другі раз была блізка да сьмерці, калі трапіла ў шпіталь — барахліла сэрца. Але скорая хутка прыехала і прывяла ўсё ў норму. Страху не было ў гэтым выпадку.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Як ува ўсіх: здароўе і грошы. Мне хапае на сябе і сям’ю. А дапамагчы старым і сіротам у Беларусі ўжо не магу.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Адкуль жа мне ведаць? Я гэтыя катэгорыі не разумею. Ну, можа што яшчэ жывая.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Не пасьпяваю зрабіць усяго, што хачу.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

У траўні быў форум пры Калюмбійскім унівэрсытэце ў Нью-Ёрку. Маёй апошняй кнізе далі поўную сэсію (panel). Калегі вельмі добра яе прынялі. Было вельмі прыемна.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Я хачу, каб памяталі характары і працу герояў маіх твораў. Каб ведалі пра іх у англамоўным сьвеце. Кожны зь іх гэтага заслугоўвае. А я хто? Маленькая частка мезенчыка Рукі Божай, якая мяне накіроўвае рабіць, як магу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG