Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на лета. Вольга Глухоўская: «Спаць па начах не дае інтэрнэт»


Вольга Глухоўская
Вольга Глухоўская

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Вольга Глухоўская.

Хто гэта?

Дырэктарка кнігарні «Акадэмічная кніга», якая лічыцца сярод найбуйнейшых у Беларусі, адна з арганізатараў фэсту інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», ініцыятарка і арганізатарка шматлікіх іншых літаратурных імпрэзаў. Маці траіх дзяцей.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі нарадзіліся мае дзеці.

2. Які ваш найбольшы страх?

Сьмерць ці хвароба маіх дзяцей.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Як я ў 4 гады прачынаюся раніцай летам у бабулі і сьпяваю песьні.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Тое, што я не займаюся фізкультурай.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Подласьць.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Калі мой муж згубіў мяне ў іншым горадзе, і цэлыя суткі мяне шукалі зь міліцыяй. (Мы зь ім разьмінуліся, я яго чакала на вакзале, а ён прыляцеў самалётам).

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Мая сям’я.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Вечнае здароўе.

9. Што робіць вас няшчаснай?

Тое, што зараз ідзе так шмат войнаў.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Цяжка адказаць.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Зносіны ў сацыяльных сетках.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У маіх дзяцей, за тое, што я шмат часу прысьвячаю працы.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Першы пацалунак з маім мужам. Мы зь ім пазнаёміліся ў 16, а пажаніліся ў 18 гадоў, і нашаму шлюбу больш за 25 гадоў.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Тое, што для таго, каб разьвівацца, чалавеку і грамадзтву неабходныя сур’ёзныя ўзрушэньні і пэрыяды няшчасьця.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Тое, што я хацела б зьмяніць, не ў маіх сілах.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У горадзе, у якім я нарадзілася і вырасла, у Грозным, але таго гораду ўжо няма.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Пасьля нараджэньня маёй першай дачкі, з прычыны лекарскіх памылак.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Экалёгія.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Мая сям’я і мая кар’ера.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Інтэрнэт.

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Спадзяюся, што тое, што я раблю ў сям’і і на працы, заслугоўвае добрых успамінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG