Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета пасьля лета. Ада Райчонак: «Дзесяціклясьнік Гонік аказаўся разумнейшы за мяне, настаўніцу»


Ада Райчонак, архіўнае фота

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Ада Райчонак.

Хто гэта?

Знаная грамадзка-культурніцкая дзяячка. Працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры ў мястэчку Германавічы Шаркоўшчынскага раёну. З пачатку 1990-х актыўна ўключылася ў беларускі адраджэнскі рух. Стварыла этнаграфічны музэй імя Язэпа Драздовіча і прыватны літаратурна-мастацкі музэй імя свайго сына Міхася Райчонка, які памёр заўчасна. З 1999 году — старшыня грамадзкай арганізацыі «Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча». Сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і партыі БНФ. У 2010-м стала ляўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Найбольшае пачуцьцё шчасьця было ў мяне, калі ўдалося прывезьці ў Германавічы шматпакутную скульптуру Ігара Голубева «Вечны вандроўнік», копія якой зараз стаіць у Траецкім прадмесьці.

2. Які ваш найбольшы страх?

Найбольшы мой страх — страта родных.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Самы раньні ўспамін: мне гады тры, хворы бацька-студэнт ляжыць у ложку з канспэктамі, а я поўзаю па ім.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Я заўжды дасягаю пастаўленай мэты.

Ада Райчонак падчас мастацкага пленэру на малой радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, 2014 год
Ада Райчонак падчас мастацкага пленэру на малой радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, 2014 год

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Здрада.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Я дрэнна падрыхтавалася да экзамэну, а здаваць пайшла. Нешта там шчабятала, а выкладчык сказаў: «Стаўлю „тры“ толькі за прыгожыя вочы». Лепш бы ён мяне выгнаў.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Самая дарагая для мяне рэч — кніга сына Міхася, якую я сама набрала і выдала.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Я вельмі хацела б быць музыкай.

У 2010-м Адзе Райчонак уручылі прэмію «За Свабоду думкі»
У 2010-м Адзе Райчонак уручылі прэмію «За Свабоду думкі»

9. Што робіць вас няшчаснай?

Няшчаснай робіць мяне хвароба сына.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Самая непрыгожая ў мяне звычка — некалі грызла пазногці.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Ня ведаю.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Прасіць прабачэньня я хацела б у сваіх вучняў, якім забівала мазгі камуністычнай ідэалёгіяй. У 1967 годзе пісалі сачыненьне на экзамэне па рускай літаратуры. З трох тэмаў мне ўрэзалася ў памяць адна — «Подзьвіг камуністаў па раману Шолахава „Поднятая целина“». Гонік Райчонак напісаў, што камуністы — ворагі народу, і ўсё абгрунтаваў. Гэта быў скандал. Дзесяціклясьнік Гонік аказаўся разумнейшы за мяне, настаўніцу. Таму я і кажу: даруйце мне, Гонікі.

Ада Райчонак на адкрыцьці выставы «Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост» у Віцебску, 2018 год
Ада Райчонак на адкрыцьці выставы «Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост» у Віцебску, 2018 год

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Пацалункі ўнукаў.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Найбольшае расчараваньні ў жыцьці — расчараваньне ў той сыстэме, якая выхоўвала з нас быдла.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Зьмены ў нашай краіне, якія прывялі да сучаснай сыстэмы жыцьця.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Каб можна было вярнуцца ў мінулае, я хацела б вярнуцца ў раньняе дзяцінства ў Віцебск, дзе ў мяне былі тата і мама.

Ада Райчонак, архіўнае фота
Ада Райчонак, архіўнае фота

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Найбліжэй да сьмерці я была летам 1941 году, калі чатырохгадовую дзяўчынку эсэсавец злавіў на вуліцы і за руку пацягнуў у гета.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Ня ведаю.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Стварэньне пяці музэяў.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Па начах не дае спаць страх за будучыню маіх дзяцей і ўнукаў, страх за будучыню Беларусі. Гэта ўзаемазьвязана.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Бульбяны фэст у Германавічах, які я праводзіла 11 жніўня.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Проста каб памяталі, што я жыла на зямлі і нешта карыснае рабіла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG