Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на лета. Уладзімер Арлоў: «Заплываю так далёка, што губляюся зь відавоку»


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наш сёньняшні рэспандэнт — Уладзімер Арлоў.

Хто гэта?

Вядомы беларускі пісьменьнік, аўтар шматлікіх кніг прозы, паэзіі, эсэ. Ляўрэат некалькіх літаратурных прэмій, у тым ліку «Эўрапейскі паэт свабоды» (2010, Польшча), «Алека» (2016, Баўгарыя), імя Ежы Гедройця (2018). Кнігі выходзілі ў перакладах на ангельскую, нямецкую, польскую, украінскую, расейскую мовы.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

На кожнае лета мяне з малодшай сястрыцаю Таняй прывозілі ў маміну родную вёску. Мама ад’яжджала, і ўжо ў наступны вечар мы, малыя, выходзілі яе сустракаць. Дарога ад станцыі да вёскі ішла ў жыце з валошкамі. Мы былі трошкі вышэй за валошкі. Удалечы на дарозе паказваліся некалькі кропак — галовы тых, хто прыехаў на вечаровым цягніку. Толькі ў адзін з кожных трыццаці дзён трох летніх месяцаў адна з далёкіх кропак над жытам ператваралася ў мамін твар. Гэта і было тое найбольшае незабыўнае шчасьце.

Уладзімер Арлоў атрымлівае Літаратурнаю прэмію Ежы Гедройця 2018. Менск, 11 кастрычніка 2018 году
Уладзімер Арлоў атрымлівае Літаратурнаю прэмію Ежы Гедройця 2018. Менск, 11 кастрычніка 2018 году

2. Які ваш найбольшы страх?

Не пасьпець.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Наш сусед па скарбовым драўляным полацкім доме, татаў калега — сьледчы зь сьмешным імем Чаглей падхоплівае мяне на двары дужымі валасатымі рукамі і пачынае падкідваць над галавой. Дрэвы і трава смарагдава-зялёныя. Дзень сонечны і блакітны, як адварот птушынага крыла. Лысая галава суседа блішчыць, як люстэрка.

Маю зусім юную двух-з-паловай-гадовую істоту перапаўняюць радасныя пачуцьці. Ім цесна, яны бруяцца ўва мне, і ўрэшце нараджаецца мой пругкі залацісты струменьчык, які трапляе акурат на суседаву лысіну.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Ува мне ёсьць крыху цыганскае крыві, і, відаць, адтуль у мяне празьмерна багатае ўяўленьне. Для заняткаў літаратурай гэта цудоўна, але апрача прыгожага пісьменства на сьвеце ёсьць рэальнае жыцьцё. А тут высокі палёт уяўленьня часта сканчаецца балючым прызямленьнем.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Канфармізм ува ўсіх ягоных увасабленьнях. Здаецца, гэта Эрых Фром назваў канфармізм адным з мэханізмаў уцёкаў ад свабоды.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Мне ня раз даводзілася бываць на літаратурных фэстах, шмат гадоў удзельнічаць у міжнародным праекце Magnus Ducatus Poesis. І, ведаеце, раз-пораз наведвала шчасьлівае адчуваньне, што сапраўды існуе, існуе ўсясьветнае брацтва паэтаў. А потым адбылося адно з тых прызямленьняў, пра якія я казаў раней.

У 2010-м у гданьскім Тэатры на Ўзьбярэжжы за кнігу Паром празь Ля-Манш, бліскуча перакладзеную на польскую мову Адамам Паморскім, мне ўручылі заснаваную Гданьскай мэрыяй літаратурную прэмію Эўрапейскі паэт свабоды. Гэта зрабіў сам мэр, сьветлай памяці Павал Адамовіч, які сёлета загінуў ад рук забойцы. Памятаю неверагодна камфортную аўру пана Паўла, размовы зь ім на банкеце і на гасьцінах. Але гаворка пра няёмкасьць. Няёмка і гаркавата было праз тое, што зь сямі іншых намінантаў мяне павіншаваў толькі славенскі паэт Прымаж Чучнік, які (я потым даведаўся) на галасаваньні журы адстаў ад мяне на адзін голас. Ну што паробіш... Як некалі напісаў іншы вядомы аўтар: Жылі там паэты, і кожны вітаў калегу пыхлівай усьмешкай.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Апрача маіх кніг, гэта срэбны каваны пярсьцёнак з маім каменем хрызапразам і рачной пэрлінкай. Мой даўні прыяцель мастак-ювэлір Мікола Кузьміч (гэта ён стварыў вобраз Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай) сьцьвярджае, што ў пярсьцёнку — пяць тысяч удараў ягоным малаточкам. Пярсьцёнак даўно стаў працягам маёй істоты. Безь яго не магу працаваць. Аднойчы ён дапамог мне адбіцца ад нападу рабаўнікоў, пакінуўшы адметную пячатку на лобе іхняга верхавода. Двойчы пярсьцёнак кралі, ды ён дакладна паведамляў мне, дзе схаваны. Пра таямнічую сілу сваёй рэліквіі, відаць, здолеў бы ўжо напісаць цэлую аповесьць.

Уладзімер Арлоў на ўручэньні прэміі Адамовіча, 2017 год
Уладзімер Арлоў на ўручэньні прэміі Адамовіча, 2017 год

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Запавольваць свой асабісты час і час блізкіх і дарагіх мне людзей. І — прымушаць час рабіць на працягу майго жыцьця петлі. Ня дзеля таго, каб нешта адкарэктаваць, а каб вяртацца ў дарагія мне моманты. Напрыклад, у татаў пракурорскі кабінэт. Зялёны абажур, залаты сноп сьвятла ад настольнай лямпы. Тата схіліўся над сваімі паперамі, а я ўладкаваўся на скураной канапе. Яшчэ ня ўмею пісаць, таму малюю чалавечкаў, домікі, караблікі. Караблікаў усё больш. Канапа цудоўна грэе, кліча карамэльную дрымоту, сама ператвараецца ў карабель, уздымае ветразі... Здаецца, такія вечары будуць паўтарацца вечна. Але аднойчы мой сонечны акрайчык шчасьця гасьне: канапа зьнікае. У нейкай Маскве прынялі пастанову. Не пра татаў кабінэт і ягоную канапу, а пра ўсе наогул кабінэты і канапы. Як быццам канапы пад сваімі ветразямі плавалі кудысьці не туды. Я ненавіджу тых, хто прыняў пастанову. Я атрымліваю адзін зь першых урокаў таго, што жыцьцё недасканалае.

9. Што робіць вас няшчасным?

Імкнуся ў любой сытуацыі не здавацца і перамагаць гэтае пачуцьцё. Найлепей атрымліваецца — працай.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Я ўвогуле чалавек даволі маўклівы, але, захапіўшыся, магу нагаварыць лішняга, легкадумнага, крыўднага. Мяне цяжка, але магчыма ўцягнуць у марную спрэчку, хоць цудоўна памятаю максыму Лао Цзы: Спрачаецца той, хто ня ведае.

Падчас прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Арлова «Patria Aeterna». 1 чэрвеня 2015
Падчас прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Арлова «Patria Aeterna». 1 чэрвеня 2015

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Я вырас на Дзьвіне ды полацкіх азёрах і нядрэнна плаваю. І вось, нягледзячы на просьбы тых, хто на беразе, не заплываць далёка, заплываю часам так далёка, што губляюся зь відавоку. І маю ад гэтага заганную прыемнасьць.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У мамы за тое, што недастаткова часта прыяжджаў у Полацак, калі яе жыцьцё ўжо сьціскалася, як шчыгрынавая скура. За тое, што некалі, хоць і даўно, быў ня толькі забледышам, але неслухам і ваўчом. За тое, што некалькі разоў павысіў на яе голас. Mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Гэта здарылася, калі дзесяць гадоў таму я прачнуўся ў рэанімацыйнай палаце пасьля тэрміновай апэрацыі на сэрцы. Прачнуўся ад лёгкага пацалунка, але побач нікога не было. Дзяжурная мэдсястра сядзела перад сваімі экранамі далёка за празрыстаю перабойкай. Была шостая гадзіна раніцы, акурат у такі час мама мяне нарадзіла і я, паводле яе словаў, пачухаў сабе ручкаю патыліцу. Нарэшце я зразумеў, што ў тую рэанімацыйную раніцу мяне пацалавала само жыцьцё, і прыняў ягоны мэтафізычны пацалунак як санкцыю: гульня працягваецца.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Таленавітыя літаратары, якія ня могуць своечасова спыніцца і працягваюць пісаць.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Калі я скончыў першы кляс, адышла ў вечнасьць мая бабуля Аўгіньня, вядзьмарка, якая зналася, як я цяпер перакананы, найперш з добрымі трансцэндэнтальнымі сіламі і была для мяне надзвычай важным чалавекам. Аповед пра яе зусім невыпадкова завяршае мае Імёны Свабоды, што выйшлі ў Свабодаўскай бібліятэцы ХХІ стагодзьдзя. Без бабулі Аўгіньні не было б пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Яна дакладна прадказала сваю сьмерць, а мяне ўпершыню пазнаёміла з гэтаю дамай. Але праз колькі дзён пасьля бабулінага пахаваньня я прахапіўся ў яе асірацелай хаце з выразным адчуваньнем, што бабця вярнулася. Я чуў яе крокі за дзьвярыма каля печы, чуў, як яна шамаціць сваімі славутымі на ўсё навакольле зёлкамі. Мне хацелася пабегчы да бабы Жэні, каб яна, як зазвычай ураньні, мяне пацалавала і перажагнала, але канчаткова прачнуўшыся, я ўзгадаў, што бабулю закапалі ў зямлю. Не скажу, што я спалохаўся, бо дзіцячая душа адчувала: аніякага кепства ад бабулі ня будзе. Мне ліхаманкава думалася, што яна чакае мяне там, у пярэдняй хаце, і трэба спускаць ногі з ложка і бегчы туды. Але быў і страх, бо я памятаў маленькую, маўклівую і незварушную бабулю ў труне. Карацей, я накрыўся з галавою коўдрай, і адчуваньне бабцінай прысутнасьці імгненна зьнікла. Каб я мог нешта цяпер зьмяніць, я б скінуў коўдру і пабег.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Апошнім часам — у 1863 годзе.

Уладзімер Арлоў на прэзэнтацыі новай кнігі Свабоды «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца. 8 ліпеня 2019 году
Уладзімер Арлоў на прэзэнтацыі новай кнігі Свабоды «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца. 8 ліпеня 2019 году

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Як я разумею, тут маецца на ўвазе ня сьмерць увогуле, а ўласная верагоднасьць сыходу ў невараць. Сьпярша падумаў пра сваю згаданую ўжо апэрацыю на сэрцы, але адразу ўспомнілася іншае. Зь сябрам Юркам, які стаў потым правобразам героя аднаго з маіх Полацкіх апавяданьняў, мы ў чатырнаццаць гадоў выпрабоўвалі сьмеласьць, пераходзячы Дзьвіну пад мостам — па пакінутым, як казалі старэйшыя, на выпадак вайны ходзе для мінёраў. Гэта былі хісткія жалезныя драбіны з шматлікімі адсутнымі папярочкамі, цесныя праходы ў бэтонных блёках, а часам проста перакінутыя паміж імі шырокія дошкі. Але ў адным месцы, на падыходзе да трэцяга маставога быка дошкі былі чамусьці вузейшыя, танчэйшыя і прыкметна прагіналіся. Прычым далёка ўнізе плыла ня дзьвінская вада, а шарэла бэтоннае ўзножжа быка. Мяне неадольна цягнула стаць на карачкі і такім чынам пераадолець гэтыя мэтры, няхай нават у калені і далоні ўвап’юцца тысячы стрэмак. Мост падаў у бязважкасьць, а мае вантробы падымаліся да горла. Ня памятаю, якая сіла ўсё ж перанесла мяне на той бок прорвы не на чатырох, а на дзьвюх кропках. Дошкі за сьпінай разьехаліся, адна зь іх паляцела долу і бразнулася аб бэтон...

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Упэўненасьць, што зьнікла пагроза для нашай незалежнасьці. Але, маючы такую суседку, як Расея, ніколі ня будзеш спаць спакойна. Калісьці Бісмарк выказаўся пра яе: азіяцкая краіна з эўрапейскай арміяй. Зь нюансамі (асабліва наконт арміі) можна паспрачацца, але па гамбурскім рахунку першы рэйхсканцлер Нямецкай імпэрыі меў рацыю.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Тое, што ў мяне ёсьць чытачы. І — чытачкі.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Адна з маіх літаратурных гераіняў, якая часам здаецца мне ўжо больш рэчаіснай за некаторых рэальных пэрсанажаў. Днямі яна помсьліва скрала мой сьпярэшчаны праўкамі-крамзолямі рукапіс (бо першы варыянт заўсёды ад рукі). Перад гэтым, як вы разумееце, яна ж мяне і закалыхала.

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Хацеў бы, каб памяталі такога пісьменьніка і часам знаходзілі ягоныя кнігі ў сеціве і ў звычайных бібліятэках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG