Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на лета. Віталь Радзівонаў: «Спадзяюся, што свой сьлед мне яшчэ выпадзе пакінуць»


Віталь Радзівонаў, архіўнае фота
Віталь Радзівонаў, архіўнае фота

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Сёньняшні рэспандэнт — беларускі футбаліст Віталь Радзівонаў.

Хто гэта?

Былы футбаліст БАТЭ і нацыянальнай зборнай. Разам з барысаўскім клюбам (правёў 412 матчаў, забіў 161 гол) стаў дванаццаціразовым чэмпіёнам краіны. Двойчы называўся найлепшым футбалістам чэмпіянату, тройчы — найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі, шэсьць разоў — найлепшым нападнікам чэмпіянату. У студзені 2018 году абвясьціў пра завяршэньне футбольнай кар’еры. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі і прафэсіі трэнэра па футболе і мэнэджэра, зь якімі зьвязвае сваю будучыню.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Тады, калі ўсе блізкія здаровыя, на працы ўсё ладзіцца (ёсьць плён), калі пераадольваеш вялікія цяжкасьці. Вось калі ўсё гэта супадае, тады і настаюць самыя шчасьлівыя хвіліны і ўнутраная задаволенасьць.

2. Які ваш найбольшы страх?

Апынуцца ў абстаноўцы вайны.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Адпачынак на Чорным моры ва Ўкраіне з бацькамі і братам. Мне было дзесьці блізу трох.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Прага да салодкага :)

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Такой дакладна выражанай рысы няма.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Падман, які потым выявілі і які прывёў да сьлёз прыяцеля. Самы яркі ўспамін з нэгатыўным адценьнем.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Фатаздымкі зь дзяцінства.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Прадказваць будучыню.

9. Што робіць вас няшчасным?

Адсутнасьць мэты і руху.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Піць ваду з пляшкі :) Жонка заўжды наракае на гэта і кажа, што рабіць так непрыгожа.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Люблю смачна паесьці :)

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У сваёй маці за тое, што часам бываю рэзкі.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Пацалункі маіх дзяцей, калі яны мяне праводзяць.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Няма такога. Падобныя моманты запісваю на досьвед.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у ранейшым жыцьці, што б гэта было?

Аддаў бы больш увагі адукацыі.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Хацеў бы пабачыць старажытныя цывілізацыі.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Некалькі разоў мяне зьбівала машына, зімою зьлятаў на машыне ў кювэт, заскокваў на хаду ў цягнік.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Такой рэчы не існуе. Не хачу ў гэтай якасьці разглядаць выключна грошы.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Сям’я, сябры і мой унутраны сьвет.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Адсутнасьць стомы :)

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Спадзяюся, што свой сьлед мне яшчэ выпадзе пакінуць, бо пакуль што памятаць асабліва няма пра што.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG