Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на бабіна лета. Валянціна Трыгубовіч: «Тысячу гадоў таму Ўсяслаў Чарадзей мог тут глядзець на Менку, як мы...»


Валянціна Трыгубовіч
Валянціна Трыгубовіч

У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Валянціна Трыгубовіч.

Хто гэта?

Знаная грамадзкая, культурніцкая ды палітычная дзяячка. Нарадзілася ў Бабруйску. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, журналістыку. Працавала ў рэдакцыях газэт «Слава працы» (Капыль), «Голас Радзімы» і часопіса «Мастацтва», супрацоўнічала зь іншымі выданьнямі, з радыё й тэлевізіяй як у Беларусі, так і за межамі краіны. Сябра Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» з пачатку яго стварэньня: сябра Сойму, старшыня камісіі замежных сувязяў. Была сярод стваральнікаў і кіраўнікоў «Беларускай пэрспэктывы» ды іншых грамадзкіх арганізацыяў.

Сямейныя абставіны змусілі ў 2008 годзе паехаць у Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе ад 2014 году яна ў радзе дырэктараў Беларускай фундацыі Крачэўскага ды яе архівістка.

Валянціна Трыгубовіч у Суле
Валянціна Трыгубовіч у Суле

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі аднойчы ў пачатку 1990-х вярталася зь нейкай цяжкай паездкі ў грамадзкіх справах, ехала з старога аэрапорту, і раптам у поле зроку трапіў бел-чырвона-белы сьцяг, які вольна лунаў над Домам ураду. Спыніла таксі ды пастаяла, быццам прысягаючы. Гэта маё! І стала так лёгка на душы...

2. Які ваш найбольшы страх?

Памерці ў адзіноце і без пакаяньня.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Мы плывём у чоўне па цёмнай вадзе, вакол вялізныя дрэвы... Маці мне потым казала, што такое магло быць у Шчорсах, дзе мы жылі вельмі кароткі час.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Самаедзтва.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Хлусьня без патрэбы.

Салігорск. Зь сёстрамі Раісай і Сьвятланай
Салігорск. Зь сёстрамі Раісай і Сьвятланай

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Вой, такіх хапала!

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Царскі залаты чырвонец, які дзед Сьцяпан зьбярог пры калектывізацыі, высылцы, жыцьці ў няшчымніцы ды падарыў сваёй першай унучцы, калі брала шлюб.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Бачыць, што будзе зь Беларусьсю й сьветам гадоў праз 50 або 100.

9. Што робіць вас няшчаснымі?

Немагчымасьць быць побач з роднымі й блізкімі, калі яны маюць у тым патрэбу.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Крыўдаваць і злавацца на сябе, а часам і на тых, хто побач, калі праца ідзе ня так, як плянавалася, хацелася, меркавалася.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Уключыць які-небудзь сэрыял («мыладраму», як гаворыць мой малодшы сын) або ўзяць кніжку ды ляжаць на канапе хоць бы й цэлы дзень.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У сваіх дзяцей — Сержа і Яна. Бясконца занятая працаю дзеля хлеба штодзённага ды грамадзкімі клопатамі, я ня мела дастаткова часу на іх, не заўсёды была побач, калі яны мелі ў тым патрэбу. Дзякуй Богу, сыны вырасьлі прыстойнымі людзьмі.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Першы студэнцкі.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

У калегах па грамадзкай працы (не называю іхных імёнаў), якія з трыбуны гаварылі правільныя і патрыятычныя словы, а за ёю дбалі выключна пра свае прыватныя інтарэсы.

Менск. Музэй ката. З наймалодшым унукам і дырэктарам — катом Пончыкам
Менск. Музэй ката. З наймалодшым унукам і дырэктарам — катом Пончыкам

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

О, такіх жаданьняў шмат! Напрыклад, вывучыла б якую замежную мову, пераадолела свой дзіцячы страх (ледзь не патанула ў Прыпяці) і навучылася б плаваць, пабудавала дом і разьвяла вялікі кветнік. Або выбрала іншую прафэсію. Аднак я веру ў наканаванасьць.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У якой ролі? Кухаркі ці каралевы? Жаночая доля й сёньня даволі няпростая, а раней, мяркую, была яшчэ цяжэйшай. Таму лепш застануся ў сучаснасьці. Тым больш што ў 1990-я мне выпала спрычыніцца да лёсавызначальных для нацыі падзеяў.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

У часе першых родаў. Толькі сучасная мэдыцына й донарская кроў пакінулі мяне на гэтым сьвеце.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Грошы на камфортнае падарожжа па сьвеце.

Нью-Ёрк. Валянціна Трыгубовіч з Джэймсам Мэлінсанам і Вольгай Арахоўскай сьвяткуе 25 Сакавіка
Нью-Ёрк. Валянціна Трыгубовіч з Джэймсам Мэлінсанам і Вольгай Арахоўскай сьвяткуе 25 Сакавіка

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Хіба чалавек сам гэта вызначыць слушна? Можа, яно наперадзе?

20. Што вам не дае спаць па начах?

Усьведамленьне, што раблю менш, чым хацелася б.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Бадзяньне па гарадзішчы з Глебам Лабадзенкам. Тысячу гадоў таму Ўсяслаў Чарадзей мог тут глядзець на Менку, як мы... І сонечны дзень у парку-музэі «Сула», з сынам і ўнукамі, якія першы раз праплылі на дракары ды вучыліся страляць з лука пад наглядам рыцара.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Была. Жыла. Любіла жыцьцё, а найбольш — шчырых людзей і сваіх унукаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG