Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярніце, гэта наша. 5 каштоўнасьцяў, якія забралі зь Беларусі


Шмат гадоў пры Беларускім фондзе культуры працавала камісія «Вяртаньне», якую ачольваў прафэсар Адам Мальдзіс. Камісія выдала 7 тамоў вопісаў тысяч артэфактаў, вывезеных у розныя часы зь Беларусі.

Свабода сабрала топ-5 каштоўнасьцяў, якія вяртаць ніхто не зьбіраецца.

1. Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Зьнік у 1941-м. Дзе знаходзіцца: невядома

Крыж Эўфрасіньні Полацкай — рэлігійная і духоўная сьвятыня беларусаў. Крыж вырабіў у 1161 годзе полацкі ювэлір Лазар Богша на замову Эўфрасіньні Полацкай.

Сьвятыня неаднойчы пакідала межы Беларусі, нягледзячы на запаветны надпіс на тарцах, які забараняў выносіць Крыж з манастыра. Але рознымі спосабамі яго ўдавалася вярнуць. Некаторы час Крыжам валодаў Іван Грозны, але збаяўся надпісу-праклёну і вярнуў яго ў Беларусь.

У 1921 годзе бальшавікі экспрапрыявалі рэліквію, у 1928-м перадалі ў Менск, у Беларускі дзяржаўны музэй. На пачатку 1930-х, калі рыхтаваліся пераносіць сталіцу ў Магілёў, туды зьвезьлі амаль усе каштоўнасьці Беларусі.

У сярэдзіне ліпеня 1941 году скарбы з Магілёва эвакуавалі ў Расею па маршруце Магілёў — Горкі — Смаленск — Мажайск — Масква. На гэтым сьлед Крыжа губляецца.

Існуюць тры галоўныя вэрсіі зьнікненьня нацыянальнай рэліквіі:

  • заходняя, «нямецка-амэрыканская»;
  • усходняя, або маскоўская;
  • і мясцовая, або полацкая вэрсія.

Іх сфармуляваў прафэсар Адам Мальдзіс. Паводле заходняй вэрсіі, Крыж Эўфрасіньні Полацкай у Магілёве трапіў спачатку ў рукі нямецкага афіцэра, а потым — у ЗША, у калекцыю Моргана.

Усходні сьлед «вядзе» ў Маскву і Санкт-Пецярбург, Эрмітаж. Называюцца таксама гарады Ўфа і Самара, дзе ў часе вайны захоўваліся магілёўскія архівы. Ня выключана і тое, што Крыж знаходзіцца ў адным з царкоўных збораў Расеі.

2. Поўны камплект Бібліі Францішка Скарыны. Дзе знаходзіцца: пераважна ў Расеі

Скарынава Біблія — гэта 20 кніг (або 23, калі лічыць кожную кнігу Царстваў паасобку) Старога Запавету аб’ёмам 2400 старонак пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людем посполитым к доброму научению». Яшчэ адна кніга Скарынавай Бібліі — «Апостал» з новазапаветнымі Дзеямі і Лістамі апосталаў.

​Цяпер у сьвеце вядома пра 519 асобнікаў кніг Скарыны. 353 зь іх знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, 47 — ва Ўкраіне, па 28 — у Беларусі і Польшчы, 20 — у Славеніі, 18 — у Даніі, 11 — у Брытаніі і Нямеччыне.

У Беларусі захоўваецца толькі адзін збор з 10 кніг, набыты ў 1925 годзе ў ленінградзкага калекцыянэра Камарніцкага.

3. Слуцкія паясы. Дзе знаходзяцца: у Расеі, Украіне, Польшчы

У Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагмэнты, а большая частка — у музэйных і прыватных калекцыях Расеі.

Слуцкія паясы ёсьць у Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве, Рускім музэі ў Санкт-Пецярбургу. Вялікая калекцыя слуцкіх паясоў — у Дзяржаўным гістарычным музэі ў Маскве, іх падараваў музэю вядомы калекцыянэр Пётар Шчукін. Ён зьбіраў паясы па ўсёй Расеі, былі ў яго агенты і ў Беларусі. Вярнуць слуцкія паясы з гэтай калекцыі на Беларусь немагчыма. Праўда, расейскі бок дазваляе пазычаць іх на часовае экспанаваньне.

Слуцкія паясы. Здымак Георгія Ліхтаровіча ў Дзяржаўным гістарычным музэі Расеі
Слуцкія паясы. Здымак Георгія Ліхтаровіча ў Дзяржаўным гістарычным музэі Расеі

Слуцкія паясы ёсьць ва Ўкраіне — у Львове, Чарнігаве, Кіеве. Багата слуцкіх паясоў у Польшчы.

У Менску два слуцкія паясы ёсьць у Нацыянальным гістарычным музэі. Адзін — у Музэі старажытнабеларускай культуры Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — яго падараваў беларусам вядомы польскі мэцэнат Анджэй Цеханавецкі. А вось у Нацыянальным мастацкім музэі цэлых паясоў наагул няма, захоўваюцца толькі два фрагмэнты. Усяго ў музэйных калекцыях Беларусі набярэцца ня больш як трыццаць слуцкіх паясоў ці іх фрагмэнтаў.

4. Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музэю. Зьнікла ў 1941 годзе. Дзе знаходзіцца: розныя месцы

У калекцыю Нацыянальнай мастацкай галерэі, створаную ў 1939 годзе, зьбіралі творы з музэяў Менску, Віцебску, Магілёва і Гомля. Некалькі твораў падаравалі Трацьцякоўская галерэя і Рускі музэй, Музэй выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна, Дзяржаўны Эрмітаж. Туды зьвезьлі каштоўнасьці зь сядзіб і замкаў, частку калекцыі палаца Радзівілаў у Нясьвіжы. Там быў багаты збор слуцкіх паясоў, францускіх габэленаў XVIII стагодзьдзя, партрэтнага жывапісу XVI—XIХ стагодзьдзяў. На пачатку 1941 году фонды налічвалі 2711 твораў мастацтва.

У 1941 годзе калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі, але не змаглі вывезьці.

Не захаваўся і каталёг даваенных экспанатаў музэю. У «Вопісе музэйных каштоўнасьцяў, вывезеных гітлераўцамі ў Нямеччыну і ў краіны яе саўдзельнікаў і зьнішчаных у выніку разбойніцкіх дзеяньняў» 1944 году — музэйныя супрацоўнікі, і ў першую чаргу дырэктарка Алена Аладава, склалі яго па памяці, — значацца 223 творы расейскага жывапісу, 32 — заходнеэўрапейскага (у тым ліку працы флямандзкіх майстроў), мэбля зь «Сіняй спальні» Аляксандра II у Зімовым палацы, 60 абразоў XVI–XVIII стагодзьдзяў, 48 слуцкіх паясоў, шыкоўныя калекцыі заходняй і эўрапейскай парцаляны, старажытнага ўрэцкага шкла, 200 посьцілак, вытканых беларускімі ткачыхамі, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя.

Пасьля вайны ў Беларусь была вернута толькі невялікая частка твораў, якія былі напярэдадні вайны на выставах у Расеі або якія пазнаходзілі савецкія салдаты ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі, а таксама ў Менску (да прыкладу, «Восень» Левітана ды іншыя палотны былі кінутыя ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).

5. Скарбы музэю Івана Луцкевіча у Вільні. Дзе знаходзяцца: у Літве і Расеі

Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музэй імя Івана Луцкевіча — адна з галоўных навуковых і асьветніцкіх устаноў у гісторыі Беларусі. Музэй працаваў у 1921–1945 гадах, знаходзіўся ў Вільні на вуліцы Вастрабрамскай, 9 у будынку былога базыльянскага кляштара разам зь Беларускім навуковым таварыствам і Беларускай гімназіяй.

Экспанаты паходзілі галоўным чынам з калекцыі Івана Луцкевіча, які ў тэстамэнце перадаў яе музэю.

Музэй меў 5 экспазыцыйных заляў, архіў і бібліятэку, археалягічную, сфрагістычную, нумізматычную калекцыі. Былі там слуцкія паясы, вырабы Нясьвіскай дывановай мануфактуры, беларускія народныя музычныя інструмэнты, старажытная зброя, абразы, палотны мастакоў XVI–XVIII стагодзьдзяў, працы Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча ды іншых.

У музэі Луцкевіча было каля 14 тысяч рукапісаў і старадрукаў: частка праскай Бібліі 1517 году Францішка Скарыны, Статут ВКЛ 1588 году, Наваградзкае эвангельле XIV стагодзьдзя, «Аль-Кітаб» XVI стагодзьдзя, іншыя рэдкія кнігі.

Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музэй імя Івана Луцкевіча быў ліквідаваны ў канцы 1944 году. Тое, што захавалася пасьля вайны, было падзелена супольнай камісіяй паміж Літоўскай і Беларускай ССР. Зь беларускага боку камісія адабрала толькі тыя экспанаты, якія былі на беларускай мове. Усё зьвязанае з ВКЛ было адкінута, таму найбольш каштоўныя экспанаты засталіся Літве або трапілі ў Маскву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG