Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: чые партрэты ён зашыфраваў у Бібліі


Тытульны ліст Кнігі «Другазаконьне», дзе пад выглядам біблейных пэрсанажаў намаляваныя рэальныя сучасьнікі Скарыны.

500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Раней некаторыя навукоўцы лічылі, што Скарына сам ствараў гравюры для сваіх кніг. Сёньня ўжо вядома, што гравюры да Бібліі Скарыны рабілі чэскія і нямецкія майстры, якіх ён наймаў і якім даваў непасрэдныя заданьні.

Зьмясьціў у Бібліі два сваіх партрэты

Навукоўцы даўно падазравалі, што ў Бібліі ёсьць не адзін партрэт Скарыны. Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі прафэсар Кіеўскага ўнівэрсытэту Пётар Уладзіміраў пісаў, што на каляровай ілюстрацыі ў Кнізе Прамудрасьці Божай пад назвай «Бласлаўленьне» ў вобразе апостала Яна, які моліцца да Хрыста, можа быць выяўлены сам Скарына.

Беларускі мастацтвазнавец Мікола Шчакаціхін лічыў, што на гравюры «Бласлаўленьне» выяўлены цар Салямон. Але гэты біблейны пэрсанаж заўсёды маляваўся ў царскім аблачэньні. Малады ж чалавек на гравюры апрануты ў чырвоную доктарскую мантыю часоў Скарыны — чырвоны колер у тыя часы быў адзнакай вучонасьці.

Таму ідэю, што гэта сам малады Скарына ў доктарскай мантыі, падтрымлівалі і беларускія мастацтвазнаўцы Лявон Баразна і Віктар Шматаў.

Да іх думкі летам 2017 году далучыўся і чэскі гісторык-скарыназнавец Пэтр Войт. І вось якраз з працамі Пятра Войта і зьвязаныя новыя адкрыцьці ў вывучэньні Скарынаўскіх ілюстрацый. Як аказалася, Скарына зьмясьціў у Бібліі ня толькі два свае партрэты.

За выявамі біблейных пэрсанажаў схаваў партрэты рэальных гістарычных асобаў

Беларускі асьветнік стаў другім чалавекам у сьвеце пасьля нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра, хто за выявамі кніжных пэрсанажаў схаваў партрэты рэальных гістарычных асобаў.

Выявы людзей на кніжных ілюстрацыях у часы Скарыны былі тыпізаваныя, ня мелі пэрсанальных адрозьненьняў і былі ўсе падобныя паміж сабой. У Скарыны ж, як заўважылі навукоўцы, выявы маюць рэзка індывідуальныя рысы — яны ўсе адрозьніваюцца адна адной.

У Пятра Войта зьявілася падазрэньне, што за выявамі біблейных пэрсанажаў у кнігах Скарыны стаяць рэальныя гістарычныя асобы. Такія выявы называюць крыптапартрэтамі, бо яны не падпісаныя. Войт стаў больш пільна вывучаць некаторыя Скрынаўскія ілюстрацыі і сапраўды здолеў ідэнтыфікаваць каля дзесяці тагачасных гістарычных дзячаў.

Сярод іх чэскі кароль XV стагодзьдзя Іржы з Падэбрад, кароль і Вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары, чэскія каралі з дынастыі Ягайлавічаў Людвік і Ўладзіслаў ІІ, папа рымскі Юлій ІІ, чэская каралева Ганна дэ Фуа — жонка Ўладзіслава ІІ Ягайлавіча і т.д. На думку гісторыка, Скарына мог рабіць гэта на знак падзякі за дапамогу або апекаваньне.

Чэскія каралі Людвіг Ягайлавіч (зьлева) і Іржы з Падэбрад (справа) пад сваімі біблейнымі крыптапартрэтамі. Каляж Пятра Войта.
Чэскія каралі Людвіг Ягайлавіч (зьлева) і Іржы з Падэбрад (справа) пад сваімі біблейнымі крыптапартрэтамі. Каляж Пятра Войта.

Пэтр Войт лічыць, што ў будучым трэба стварыць міжнародны калектыў гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, які зрабіў бы параўнаньне герояў усіх скарынаўскіх ілюстрацый зь вядомымі выявамі тагачасных гістарычных асобаў.

Мог зашыфраваць партрэты арыстакратаў ВКЛ і сваіх сваякоў

Але ёсьць у справе ідэнтыфікацыі прататыпаў на гравюрах нашай першай друкаванай Бібліі і чыста беларускі аспэкт. Навукоўцы ўжо даўно заўважылі, што на некаторых малюнках у Бібліі Скарыны можна бачыць гербы тагачасных беларускіх дзяржаўных і вайсковых дзеячаў. У прыватнасьці на гравюры «Людзі Ізраілевы з палкамі каля Храму Божага» з тытульнага ліста Кнігі «Лічбы» (1519) гісторык Генадзь Лебедзеў ідэнтыфікаваў гербы Радзівілаў, Гаштольдаў і Астроскіх.

Тытульны ліст Кнігі Лічбаў. Гравюра "Людзі Ізраілевы з палкамі каля Храму Божага". У верхнім шэрагу на сьцяжках рыцараў гербы Радзівілаў, Гаштольдаў і Астроскіх. Ніжэй відаць герб Скарыны і чорны двухгаловы арол — герб Сьвятой Рымскай імпэрыі. Аблачэньне рыцараў — сучаснае Скарыну эўрапейскае.
Тытульны ліст Кнігі Лічбаў. Гравюра "Людзі Ізраілевы з палкамі каля Храму Божага". У верхнім шэрагу на сьцяжках рыцараў гербы Радзівілаў, Гаштольдаў і Астроскіх. Ніжэй відаць герб Скарыны і чорны двухгаловы арол — герб Сьвятой Рымскай імпэрыі. Аблачэньне рыцараў — сучаснае Скарыну эўрапейскае.

І тут паўстае пытаньне: а ці не схаваў Скарына за вобразамі біблейных пэрсанажаў партрэты некага зь беларускіх дзяржаўных, вайсковых і рэлігійных дзеячаў таго часу, сваіх мэцэнатаў, а можа і сваякоў? Партрэты ня ўсіх з гэтых людзей захаваліся. Але, напрыклад, сваякоў першадрукара можна было б ідэнтыфікаваць паводле ўскосных прыкметаў — напрыклад, тагачаснага мяшчанскага адзеньня. Можа быць, у нейкай партрэтнай групе знойдзецца і яшчэ адна выява самога Скарыны.

Асьветнік вельмі любіў і паважаў свайго бацьку Луку Скарыну, меў блізкія дачыненьні зь сям’ёй брата Рамана. Ці няма ў Бібліі Рускай і іх партрэтаў або партрэтаў іншых сваякоў?

Некалі гісторыкі адкажуць і на гэтае пытаньне.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG