Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: ці быў ён заснавальнікам усходнеславянскага друку


Музэй беларускага кнігадрукаваньня ў Полацку.

500 год беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня – чарговая частка цыклю.

Пра імя першага ўсходнеславянскага друкара навукоўцы спрачаюцца да сёньня. Два полюсы тут прадстаўляюць беларус Георгі Галенчанка і расеец Яўген Неміроўскі. Першы лічыць, што Скарына быў заснавальнікам ўсходнеславянскага кнігадрукаваньня, а другі — аддае першынство немцу Швайпальту Фіёлю.

Кнігадрукаваньне ў Эўропе наагул вынайшаў ураджэнец нямецкага гораду Майнц Ёган Гутэнбэрг. Гэта адбылося ў 1440 годзе, калі Гутэнбэрг працаваў на мануфактуры па вырабе люстраў. Як вядома, друкарскі шрыфт — гэта люстраны адбітак друкаваных літараў. Гутэнбэрг вырашыў не разгалошваць сваё вынаходніцтва, атрымаў на яго сакрэтны патэнт, знайшоў фінансавых партнэраў і 13 гадоў распрацоўваў і ўдакладняў тэхналёгію. Кнігі ён пачаў друкаваць у 1453 годзе і да 1456 году пасьпеў выдаць лацінскую граматыку, некалькі папскіх дакумэнтаў і дзьве лацінскія Бібліі.

Скарына ня быў пачынальнікам славянскага кнігадрукаваньня як такога. Славянскае кнігадрукаваньне заклаў немец Швайпальт Фіёль у польскім горадзе Кракаў. Першая кніга Фіёля на царкоўнаславянскай мове выйшла ў 1491 годзе і называлася «Актоіх». Да 1493 году Фіёль выдаў яшчэ тры кніжкі.

Навукоўцы дагэтуль спрачаюцца на прадмет таго, для каго менавіта прызначаў свае кнігі Швайпальт Фіёль. Дакладнай інфармацыі на гэты конт няма. Яўген Неміроўскі кажа пра вялікую колькасьць кніг Фіёля ў бібліятэках Расеі і робіць выснову, што іх там здаўна чыталі. Але Георгі Галенчанка адказвае, што большасьць гэтых кніг трапілі ў Расею пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае і ў выніку замежных паходаў расейскай арміі.

Дакладна вядома, што працы Швайпальта Фіёля перашкаджала каталіцкая герархія Кракава.

У 1494-95 гадах дзьве царкоўнаславянскія кніжкі выйшлі у чарнагорскім горадзе Цэтыне.

А у 1508, 1510 і 1512 гадах тры царкоўнаславянскія кніжкі выйшлі ў румынскім горадзе Тыргавіштэ.

Скарына, такім чынам, стаў чацьвёртым выдаўцом славянскіх кніг, але першым сярод усходніх славян, які выдаваў друкаваныя тэксты на нацыянальнай мове.

Таму для нас Скарына, безумоўна, першы выдавец сярод усходніх славян. А ці лічаць яго такім расейцы і ўкраінцы — ня так і важна.

За што мы яго шануем

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG