Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканы Скарына: як ён знайшоў беларусам антычнасьць


500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

Усе выданьні Скарыны маюць рэлігійны характар і прызначаныя або для выкарыстаньня падчас царкоўнага набажэнства, або для прыватнай малітвы і чытаньня. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо рэдка які тагачасны чалавек ня мысьліў сябе бяз веры і рэлігіі.

Думка і мастацтва Рэнэсансу спачатку былі пераважна хрысьціянскімі паводле формы і зьместу, і толькі паводле духу яны паступова станавіліся гуманістычнымі. Дух выданьняў Скарыны (найперш форма іх падачы), а таксама ягоныя прадмовы і пасьляслоўі не пакідаюць ніякага сумненьня ў іх рэнэсансна-гуманістычнай скіраванасьці.

Але тут ёсьць пэўная асаблівасьць. Аб’яднаныя ў гурткі-акадэміі італьянскія гуманісты пагарджалі сваёй барбарскай, як яны лічылі, сучаснасьцю і тужылі па часах росквіту Рыму, па рымскай клясыцы. Архітэктарам, напрыклад, не падабалася цесната гарадоў, вузкасьць вуліц. Яны езьдзілі ў Рым, раскопвалі руіны, апісвалі і абмяралі іх, каб пасьля паўтарыць у новых праектах. І Раманскі стыль, і стыль Рэнэсанс, і Клясыцызм былі вяртаньнем да архітэктуры антычнага Рыму. Тое самае рабілася і ў іншых галінах мастацтва. Мастакі вярталі антычную пэрспэктыву і аб’ёмы, скульптары — антычную дасканаласьць формаў і прапорцый, замілаваньне чалавекам і т.д.

У італьянцаў была свая клясыка — часы антычнасьці, калі разьвівалася як рэлігійнае, так і сьвецкае мастацтва. У беларусаў сьвецкай клясыкі не было. Уся наша клясыка пачалася пасьля прыняцьця хрысьціянства ў Х стагодзьдзі і насіла амаль выключна рэлігійны характар.

Цяпер гісторыкі дакладна ня ведаюць, ці была ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў у Беларусі хоць адна школа апрача школы пры каталіцкай катэдры ў Вільні. Некаторыя мяркуюць, што школа магла быць і пры полацкім Сафійскім саборы.

З пункту гледжаньня ўнівэрсытэцкіх гарадоў Эўропы, з пункту гледжаньня Вэнэцыі, дзе Скарына на той час ужо пабываў, беларускі народ інтэлектуальна яшчэ спаў. І абудзіць яго магла толькі самая важная і самая распаўсюджаная кніга таго часу — Біблія. Таму Скарына і ўзяўся за яе пераклад і выданьне.

Пачаў ён 6 жніўня 1517 году з выданьня Псалтыры. Гэта кніга Старога запавету, якая складаецца са 150 старажытных гімнаў. Скарына сам гэтыя тэксты пераклаў і пракамэнтаваў.

Пасьля Скарына выдаў у Празе 23 кнігі Старога запавету, першай зь якіх стала Кніга Ёва на 52 лістах. Яна ўбачыла сьвет 10 верасьня 1517 году.

У 1522 годзе ў Вільні Скарына выдаў «Малую падарожную кніжку» — гэта зборнік рэлігійных тэкстаў, у які ўваходзяць Псалтыр, Часаслоў, а таксама восем Акафістаў (кароткіх набажэнстваў у гонар Багародзіцы, апосталаў і розных сьвятых, па адным на кожны дзень і два на чацьвер) і зьвязаныя зь імі Каноны (або Кандакі).

У 1525 годзе сьвет пабачыў «Апостал», у які ўвайшлі «Дзяяньні апосталаў», саборныя пасланьні апосталаў Якуба, Пятра, Яна і Юды, а таксама пасланьні апостала Паўла.

Але выдаваў Скарына свае рэлігійныя кнігі зь вельмі важнай асаблівасьцю, якая хаваецца ў шрыфтах.

Фрагмэнт тытульнага ліста Бібліі Скарыны
Фрагмэнт тытульнага ліста Бібліі Скарыны

Ужо згаданы тут вялікі італьянскі матэматык Люка Пачолі ў 1509 годзе надрукаваў у Вэнэцыі сваю славутую працу пад назвай «Боская прапорцыя». Яна прызначалася для ўсіх, хто займаўся жывапісам, графікай, скульптурай, архітэктурай, музыкай і філязофіяй — усе гэтыя мастацтвы Пачолі лічыў матэматычнымі. У «Боскай прапорцыі» быў разьдзел і пра пабудову гарманічнага друкарскага шрыфту, вельмі папулярны сярод тагачасных друкароў.

Скарына ў Вэнэцыі мог пазнаёміцца з гэтай кнігай, якая выйшла ўсяго тры гады перад яго прыездам туды. На жаль, прапорцыі шрыфтоў Скарыны добра ня вывучаныя, асабліва калі мова ідзе пра іх адпаведнасьць і сувязь з ідэямі Леанарда да Вінчы, якія ў «Боскай прапорцыі» разьвіваў ягоны сябар Люка Пачолі.

Затое дакладна вядома, што шрыфты Скарыны зазналі вялікі заходні ўплыў. Паводле Віктара Шматава, на іх адчуваецца моцнае ўзьдзеяньне лацінскай антыквы, у прыватнасьці італьянскай і нямецкай.

Вэнэцыянскае выданьне Гарацыя. Выдавец Альд Пій Мануцый
Вэнэцыянскае выданьне Гарацыя. Выдавец Альд Пій Мануцый

Эўрапейскія друкары часоў Скарыны выкарыстоўвалі антыкву (тып шрыфтоў з характэрнымі засечкамі, прыдуманы ў Вэнэцыі ў 1470 годзе Нікаля Жансонам) для выданьня антычных тэкстаў і твораў сучасных гуманістаў, а для царкоўных, рэлігійных кніг ужывалі гатычныя шрыфты. Гэты падзел быў вельмі важны — для велічнай антычнай спадчыны і яе сучасных адэптаў быў патрэбны асобны шрыфт.

Скарына ня мог пра гэта ня ведаць і, тым ня менш, зьвярнуўся да антыквы і выкарыстаў яе элемэнты пры выданьні менавіта рэлігійных тэкстаў. Цяжка сумнявацца, што зрабіў ён гэта сьвядома. Гэта дадатковы доказ гуманістычных матываў і гуманістычнай скіраванасьці яго творчасьці.

Гісторыю і сюжэты антычнасьці для беларусаў, якія сваёй антычнасьці ня мелі, Скарына вырашыў замяніць сюжэтамі і гісторыяй біблейнымі. Расказваючы пра герояў Старога Запавету і цытуючы, напрыклад, Кірылу Тураўскага, ён вяртаў беларусам іх клясыку і адначасова абуджаў народ да новага інтэлектуальнага і культурнага жыцьця.

Таму мы і называем яго асьветнікам-гуманістам. Такога тытана ніхто з нашых суседзяў ня мае.

Чаму яго навучыла Вэнэцыя

Ці быў ён у Вэнэцыі

У якую царкву ён хадзіў

Ці належаў ён да залатой моладзі

Колькі ўнівэрсытэтаў ён скончыў

Дзе ён натхніўся на выданьне кніг

Ці быў ён гуманістам

Ці быў ён заснавальнікам усходнеславянскага друку

За што мы яго шануем

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

XS
SM
MD
LG