Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навабуды ў горадзенскім Старым замку. ФОТА


Так выглядае Стары замак у Горадні ў чэрвені 2019 году
Так выглядае Стары замак у Горадні ў чэрвені 2019 году

У Горадні працягваецца рэканструкцыя Старога замка. Ужо відаць будынкі, якіх, па словах гісторыкаў, раней тут, можа, і не было. Архітэктар, адказны за рэканструкцыю, тлумачыць, што ўсё робіцца як мае быць.

Цяпер замак, у якім жыў кароль Стэфан Баторы, больш нагадвае навабуд, бо зьявілася шмат новай муроўкі, якой гарадзенцы раней ня бачылі і якая выглядае нязвыкла. Некаторыя пачалі называць яго ня «замкам Баторыя», а «замкам Бачкова», па імені навуковага кіраўніка рэканструкцыі.

Так мае выглядаць замак пасьля рэканструкцыі
Так мае выглядаць замак пасьля рэканструкцыі

1. Барбакан, або абарончае збудаваньне

Барбакан відаць справа ад уязной брамы
Барбакан відаць справа ад уязной брамы

Барбакан звычайна быў дадатковым фартыфікацыйным збудаваньнем на ўваходзе ў замак. Зь яго, у прыватнасьці, абаранялі мост.

На ўваходзе ў горадзенскі Стары замак барбакан будуюць справа ад брамы. Ён закрывае сабой галерэю, што злучае браму і каралеўскі палац.

Паводле гісторыка Міколы Волкава, які займаўся дасьледаваньнем горадзенскага замка, дакладных зьвестак пра збудаваньне ў гэтым месцы няма. Волкаў спасылаецца на інвэнтары і пляны. Кажа, што насамрэч на гэтым месцы была нейкая сьцяна, а на ёй памяшканьні.

Барбакан
Барбакан

Аднак, на ягоную думку, мала верагоднасьці, што гэта была абарончая вежа. Па-першае, горадзенскі замак не будаваўся як абарончы, хутчэй як рэзыдэнцыя з абарончымі прыстасаваньнямі. Па-другое, побач былі каралеўскія пакоі зь вялікімі вокнамі, капліца, дзе маліўся кароль. Вокны гэтых памяшканьняў, паводле апісаньняў у інвэнтарах, выходзілі ў каралеўскі сад. То бок гэтая пляцоўка больш нагадвала месца для адпачынку. Па-трэцяе, назва «барбакан» зьяўляецца толькі ў працах польскага навукоўца Яраслава Вайцяхоўскага, якія вывучаў Стары замак у першай палове XX стагодзьдзя. На думку Волкава, гэта фантазія Вайцяхоўскага, якая ня мае пад сабой грунту.

«Яны даюць будынкам такія назвы, каб звычайныя людзі, якія ня цямяць у гэтым, не зразумелі», — мяркуе Волкаў.

Адтуліны ў барбакане, празь якія раней нібыта стралялі па ворагу
Адтуліны ў барбакане, празь якія раней нібыта стралялі па ворагу

Паводле галоўнага архітэктара праектаў з інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алега Шымбарэцкага, які займаецца рэканструкцыяй Старога замка, умоўная назва «барбакан» узьнікла яшчэ ў 1980-я гады для азначэньня нейкага збудаваньня, якое не было ў чыстым выглядзе барбаканам. Яно мелася злучаць каралеўскія пакоі з капліцай і іншымі памяшканьнямі. Сувязь была аформленая ў выглядзе галерэі і прыбудовы, якая па форме моцна нагадвае «барбакан». Гэтае збудаваньне не выконвала чыста абарончай функцыі.

Шымбарэцкі патлумачыў, што архітэктура замка — пераходная ад замкава-палацавай архітэктуры да чыстай палацавай, гэта кампраміс паміж абарончымі функцыямі і палацавай архітэктурай.

«У гэтай архітэктуры вы можаце бачыць і кантрафорсы, і высокія сьцены, і сьцены таўшчынёю каля 3 мэтраў, драўляны мост, які можна было скінуць. Палацавая архітэктура не прадугледжвае такой таўшчыні сьценаў. У галаве архітэктара сядзела думка, што гэты замак, цалкам магчыма, давядзецца абараняць. Хоць ён і ня быў пабудаваны як чыста абарончы», — кажа галоўны архітэктар праектаў.

У дакумэнтах, дадае ён, ёсьць згадкі пра тое, што ў замку была артылерыя, хоць і не дакладна ў гэтым месцы. Але, на ягоную думку, функцыянальна гэты дворык пасуе, каб у ім стаялі гарматы.

Шымбарэцкі кажа, што вырашыў не ламаць традыцыі, прынятыя ў літаратуры да яго, хоць гэтае збудаваньне хутчэй можна было б назваць галерэяй. Аднак у праекце і так шмат галерэяў. Каб не было блытаніны з галерэямі, пакінулі назву «барбакан».

2. Мерная ізба

Мерная ізба
Мерная ізба

Гэта аднапавярховы будынак, які можна ўбачыць зьлева ў двары старога замка.

Выраз «мерная ізба» ўзяты з польскамоўных інвэнтароў. Як Уладзімер Бачкоў раней казаў журналістам, там захоўваліся прылады для вымярэньня, напрыклад, вагі або мэтар.

Адна зь першапачатковых схем рэканструкцыі: мерная ізба (7), сярэдняя вежа (5), камяніца пры сярэдняй вежы (6). Барбакана на схеме няма
Адна зь першапачатковых схем рэканструкцыі: мерная ізба (7), сярэдняя вежа (5), камяніца пры сярэдняй вежы (6). Барбакана на схеме няма
Першая чарга рэканструкцыі
Першая чарга рэканструкцыі

Як тлумачыць Мікола Волкаў, у перакладзе з польскай мовы «mierna izba» значыць памяшканьне сярэдняга памеру.

«То бок яны самі не разумеюць, што будуюць», — абураецца гісторык.

Паводле яго, на гэтым месцы было прынамсі дзьве «мерныя ізбы» — шэраг жыльлёва-гаспадарчых пабудоваў для абслугі, гаспадарчых працаў. Яны былі драўляныя. Археолягі ў гэтым месцы падмуркаў не знайшлі. Цяпер жа «мерную ізбу» збудавалі з газасылікатных блёкаў і цэглы.

Шымбарэцкі пагаджаецца, што «мерная ізба» — гэта гаспадарчая пабудова, якая зьмяняла свае функцыянальныя прызначэньні і не абавязкова выкарыстоўвалася для вымярэньня.

Ён патлумачыў, што на месцы драўлянай пабудовы вырашылі будаваць цагляную, бо трэба было недзе разьмясьціць інжынэрныя збудаваньні, у тым ліку цеплавы вузел. Лепшых месцаў не знайшлося.

Па словах Алега Шымбарэцкага, драўляныя пабудовы на сёньня не адпавядаюць будаўнічым нормам, у тым ліку па бясьпецы. Таму драўляныя комплексы могуць выносіцца ў асобныя формы ў выглядзе скансэнаў. Але на такім невялікім участку двара Старога замка няма месца для драўляных пажаранебясьпечных збудаваньняў.

«Калі б мы гэтага не зрабілі, усё аднаўленьне першай чаргі ня мела б сэнсу. Гэта была б проста абарончая сьцяна Лідзкага замка за шмат мільёнаў даляраў», — кажа Алег Шымбарэцкі.

3. Камяніца пры сярэдняй вежы

Камяніца пры сярэдняй вежы (па цэнтры)
Камяніца пры сярэдняй вежы (па цэнтры)

Гэта самы вялікі абʼём, які, па словах гісторыкаў, прыдумаў Бачкоў. Камяніца ідзе адразу за «мернай ізбай», займае плошчу каля ста квадратаў і мае некалькі паверхаў увышыню. Падмуркаў на гэтым месцы археолягі таксама не знайшлі. На гэта Бачкоў раней казаў, што папярэдняя камяніца была фахвэркам, то бок была зробленая зь лёгкіх матэрыялаў, а ня каменю. Абрысы камяніцы Бачкоў бачыць і на гравюры Цюндта.

Двор старога замка ў Горадні. Рэканструкцыя Паўла Татарнікава. Камяніцы на ёй няма. Справа відаць сярэдняя вежа, далей «мерная ізба», проста — брама
Двор старога замка ў Горадні. Рэканструкцыя Паўла Татарнікава. Камяніцы на ёй няма. Справа відаць сярэдняя вежа, далей «мерная ізба», проста — брама

Мікола Волкаў перакананы, што тая пабудова з гравюры тапографа Томаша Макоўскага (1600 г.)​ — гэта вонкавая лесьвіца, якую дабудавалі пры Баторыі. Яна вяла ў каралеўскую лазьню, што месьцілася ў сярэдняй вежы. Абʼём лесьвіцы быў у разы меншы, чым сьвежаўзьведзеная камяніца.

Алег Шымбарэцкі адзначыў, што мяжа камяніцы з боку двара недакладная, незадакумэнтаваная. Пры гэтым яна магла быць фахвэркавай (то бок з аблегчаных канструкцый, без фундамэнта). Каб знайсьці яе дакладныя межы, трэба было выканаць археалягічныя працы на гэтым участку на 100%, а Мінкульт ня даў такога дазволу.

Ён мяркуе, што ў чарцяжах XVII стагодзьдзя, якія ён дасьледаваў, ёсьць грубыя памылкі.

4. Памер вежаў

Вежа пры браме, паводле Бачкова, будзе мець тры паверхі, сярэдняя вежа — чатыры паверхі, бо такія дадзеныя згадваюцца ў інвэнтарах. Волкаў мяркуе, што паверхаў павінна быць два і тры адпаведна.

Вежа пры браме
Вежа пры браме

Сярэдняя вежа (на дальнім пляне). Перад ёй відаць сьвежы абарончы мур, які не захаваўся да нашых дзён
Сярэдняя вежа (на дальнім пляне). Перад ёй відаць сьвежы абарончы мур, які не захаваўся да нашых дзён

Гісторык мяркуе, што Бачкоў дадаў лішні паверх у абедзьве вежы, бо немцы і палякі, якія дасьледавалі замак, па-іншаму адлічваюць паверхі будынкаў, чым беларусы.

Цяпер ідзе першая чарга рэканструкцыі. Усяго плянуецца тры чаргі
Цяпер ідзе першая чарга рэканструкцыі. Усяго плянуецца тры чаргі

Замак такі вялікі, што яго аднаўленьне вырашылі разьбіць на тры этапы. Цяпер ідзе першы, які закранае ўязную браму, галерэю, абарончы мур з боку Нёмана, сярэднюю вежу і камяніцу пры ёй.

Горадзенскі замак унікальны для Беларусі. У адрозьненьне ад Мірскага ці Нясьвіскага, ён каралеўскі. Гэта адзіная захаваная каралеўская рэзыдэнцыя часоў Рэчы Паспалітай пасьля кракаўскага Вавэлю. Тут бывалі вядомыя асобы і адбываліся важныя гістарычныя падзеі.

У замку гаспадарылі князь Вітаўт, Стэфан Баторы, дынастыя Вазаў. Тут праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. Замак значны ня толькі для сучаснай Беларусі, але і для Польшчы, і для Літвы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG