Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пакоі, дзе памёр Стэфан Баторы, зробяць прыбіральню. Хібы, якія чакаюць палац у Горадні


Стары замак у Горадні
Стары замак у Горадні

На месцы сьмерці караля Рэчы Паспалітай хочуць арганізаваць санвузел. Гісторык Мікола Волкаў прааналізаваў памылкі, якія могуць зьявіцца пры наступным этапе рэканструкцыі Старога замка ў Горадні — у аднаўленьні каралеўскага палаца і флігеля. Свабода занатавала за навукоўцам дзесяць хібаў, якія яшчэ можна прадухіліць.

Двор Старога замка ў Горадні (палац зьлева), рэканструкцыя Паўла Татарнікава
Двор Старога замка ў Горадні (палац зьлева), рэканструкцыя Паўла Татарнікава

На другую чаргу рэканструкцыі, да якой адносіцца самая каштоўная частка Старога замка — каралеўскі палац і флігель, неўзабаве, паводле неафіцыйнай інфармацыі, выдзяляць грошы. Пакуль рэалізуецца першая чарга: брама, галерэя, сьцяна над Нёманам, сярэдняя вежа, камяніца.

Цяпер аднаўляюць браму, мост, сярэднюю вежу, камяніцу пры сярэдняй вежы і ўсю сьцяну над Нёманам (на схеме яна зьнізу). Да другой чаргі адносіцца палац і дом адміністратара
Цяпер аднаўляюць браму, мост, сярэднюю вежу, камяніцу пры сярэдняй вежы і ўсю сьцяну над Нёманам (на схеме яна зьнізу). Да другой чаргі адносіцца палац і дом адміністратара

Перад тым, як архітэктары ўсур’ёз возьмуцца за палац і ўзгодняць праект ягонага аднаўленьня, навуковец вырашыў засьцерагчы ад магчымых памылак.

Мікола Волкаў
Мікола Волкаў

Мікола Волкаў параўнаў эскізны праект рэканструкцыі з гістарычнымі крыніцамі і зрабіў выснову, што рэальны замак, які можна ўбачыць на інвэнтарах і плянах, істотна адрозьніваецца ад таго, што прапануе навуковы кіраўнік рэканструкцыі Ўладзімер Бачкоў.

Памылка 1. Паблыталі дзьверы на першым паверсе

На першым паверсе палаца было некалькі пакояў, дзе пасьля сьмерці Баторыя сабралі ўсе ягоныя каштоўнасьці. Гэтыя пакоі, перакрытыя скляпеньнямі, называлі склепы.

Схема першага паверху палаца паводле інвэнтароў 1650-1730-х гадоў
Схема першага паверху палаца паводле інвэнтароў 1650-1730-х гадоў

У адным зь іх, «скарбцы», захоўваліся самыя каштоўныя рэчы. Гэта было адзінае ўнутранае памяшканьне на першым паверсе, якое зачынялася дзьвярыма, акаванымі жалезам. Потым гэты пакой прыстасавалі для пекара. Другі склеп выкарыстоўваўся як архіў для захоўваньня судовых кніг. У іншым склепе ў 1652-1653 гадах паставілі перагародку, а адгароджанае памяшканьне аддалі нейкім «срэбравым». Хто гэта, цяпер невядома. Частка яшчэ аднаго склепа займаў «пан шатны», які адказваў за каралеўскі гардэроб. У адным з памяшканьняў нават ставілі коней, а гной проста скідвалі ў падвалы.

Паводле інвэнтароў, уваходы ў склепы былі толькі з боку двара, а паміж сабой яны не былі злучаныя.

Бачкоў прапануе, наадварот, зьвязаць склепы паміж сабой дзьвярыма, але шэраг іх пазбавіць уваходаў звонку. Гэтую памылку ён, верагодна, пераняў ад польскага дасьледчыка Яраслава Вайцяхоўскага. Дзе менавіта дзьверы знаходзіліся звонку, трэба дасьледаваць на самым палацы, перакананы Волкаў.

Выгляд палаца з боку двара, рэканструкцыя Паўла Татарнікава
Выгляд палаца з боку двара, рэканструкцыя Паўла Татарнікава

Так выглядае палац з боку двара цяпер
Так выглядае палац з боку двара цяпер

Дарэчы, паводле эскізнага праекту Бачкова, ні ў адным памяшканьні першага паверху не плянуецца ствараць экспазыцыю, зьвязаную зь першапачатковымі функцыямі гэтых пакояў.

Памылка 2. Пашырылі сенцы

Пры ўваходзе на другі паверх палаца, згодна з інвэнтарамі, былі доўгія вузкія сенцы, а побач — пакой для вартаўнікоў («драбантаў»).

Схема другога паверху паводле інвэнтароў 1650-1653 гадоў
Схема другога паверху паводле інвэнтароў 1650-1653 гадоў

Польскі гісторык мастацтваў Анджэй Фішынгер беспадстаўна зрабіў дапушчэньне, што гэтыя два памяшканьні былі аб’яднаныя і ўтваралі вялікія сенцы. Бачкоў пераняў менавіта гэтае бачаньне, не пацьверджанае аргумэнтамі.

Памылка 3. Сталовы пакой ператварылі ў залю аўдыенцый

Самым прадстаўнічым пакоем, паводле інвэнтароў, на другім паверсе быў сталовы. У канцы 1670-х яго павялічылі за кошт суседніх памяшканьняў і стварылі сэнатарскую залю.

Схема 2-га паверху палаца паводле інвэнтароў 1680-1730-х гадоў
Схема 2-га паверху палаца паводле інвэнтароў 1680-1730-х гадоў

Фішынгер выказаў думку, што вялікая заля была там ад пачатку, але ніякіх аргумэнтаў зноў не прывёў. Да таго ж ён замяніў арыгінальную назву «сталовы пакой» на «залю аўдыенцый». Бачкоў пераняў канцэпцыю Фішынгера.

Прапанова Ўладзімера Бачкова ў пляніроўцы другога паверху
Прапанова Ўладзімера Бачкова ў пляніроўцы другога паверху

Магчыма, на думку Волкава, больш абгрунтавана будзе аднавіць сэнатарскую залю, каб прадставіць гісторыю Горадні як соймавай сталіцы.

Памылка 4. Дадалі бібліятэку

На другім паверсе ў паўночным куце Бачкоў разьмясьціў бібліятэку (фота 6). Аднак у пісьмовых крыніцах няма згадкі пра яе.

Памылка 5. Санвузел у пакоі, дзе спачыў Баторы

На месцы малога пакоя, дзе правёў свае апошнія дні і памёр Стэфан Баторы, плянуецца санітарны вузел (фота 6).

Плян 2-га паверху палаца ў 1586 годзе, калі памёр Стэфан Баторы. Кароль правёў апошнія дні ў сваёй спальні, або малым пакоі
Плян 2-га паверху палаца ў 1586 годзе, калі памёр Стэфан Баторы. Кароль правёў апошнія дні ў сваёй спальні, або малым пакоі

«Узьнікае пытаньне маральна-этычнага характару: ці магчыма рабіць санвузел на месцы, дзе памёр заснавальнік замка і адна з ключавых пэрсон у гісторыі Горадні? Акрамя таго, мэмарыялізацыя памяці аб адным з найбольш значных манархаў Рэчы Паспалітай менавіта ў тых пакоях, дзе ён жыў і правёў апошнія дні, магла б стаць адным з найбольш „моцных“ элемэнтаў экспазыцыі музэю», — заўважае Мікола Волкаў у сваім артыкуле.

Памылка 6. Палацу дадалі лішні паверх

На эскізным праекце Бачкова палац мае тры паверхі. Волкаў мяркуе, што трэці паверх у выглядзе высокага атыка пераняты ад Вайцяхоўскага. Прыняты праект пярэчыць гравюры Макоўскага.

Гісторык перакананы, што трэцяга паверху не было. У інвэнтарах няма зьвестак пра памяшканьні трэцяга паверху, там было звычайнае паддашша.

Выгляд каралеўскага палаца з боку двара пасьля рэканструкцыі, варыянт Уладзімера Бачкова
Выгляд каралеўскага палаца з боку двара пасьля рэканструкцыі, варыянт Уладзімера Бачкова

Выгляд каралеўскага палаца з боку двара пасьля рэканструкцыі, рэканструкцыя Паўла Татарнікава
Выгляд каралеўскага палаца з боку двара пасьля рэканструкцыі, рэканструкцыя Паўла Татарнікава

7. Наблыталі з паўночнай вежай

Паўночная вежа, убудаваная ў аб’ём палаца, будзе мець няправільнае завяршэньне.

Выгляд паўночнай вежы паводле рэканструкцыыі польскага дасьледчыка Яраслава Вайцяхоўскага і паводле Ўладзімера Бачкова
Выгляд паўночнай вежы паводле рэканструкцыыі польскага дасьледчыка Яраслава Вайцяхоўскага і паводле Ўладзімера Бачкова

Выгляд паўночнай вежы, прапанова Міколы Волкава
Выгляд паўночнай вежы, прапанова Міколы Волкава
Паўночная вежа, рэканструкцыя Паўла Татарнікава
Паўночная вежа, рэканструкцыя Паўла Татарнікава

У эскізным праекце Бачкова верхні паверх вежы мае адкрытую тэрасу, з агароджай і дахам, які абапіраецца на калёны.

Волкаў усьлед за Вайцяхоўскім перакананы, што тэрасы не было. Замест яе месьцілася заля з 12 вокнамі, як згадваецца ў інвэнтарах. Дзе менавіта яны разьмяшчаліся, трэба дасьледаваць, але, паводле крытыка, лягічна, што на адным паверсе. Бачкоў фактычна перасунуў залю з 12 вокнамі на паддашша палаца.

8. Флігель павялічылі

Будынак, прыбудаваны да палаца з паўночнага боку, меў толькі адзін паверх і гарышча. У Бачкова ён двухпавярховы. Азначэньне яго як «дом адміністратара» памылковае. Больш апраўдана, мяркуе Волкаў, выкарыстаць тэрмін «флігель» — дапаможная прыбудова да дома.

9. Замак Баторыя — недабудаваны замак

Наагул ідэя аднавіць замак менавіта часоў Баторыя спрэчная. Ёсьць шэраг рэчаў, якія сьведчаць, што Баторы мог толькі пачаць адбудоўваць замак, а заканчвалі будоўлю ўжо пасьля ягонай сьмерці.

Волкаў мяркуе, што пры распрацоўцы праекту рэканструкцыі варта арыентавацца на пэрыяд, калі замак выконваў функцыі каралеўскай рэзыдэнцыі (канец XVI — сярэдзіна XVII стагодзьдзяў) з апорай на інвэнтарныя апісаньні замка 1650-1653 гадоў.

10. Ці мае дачыненьне Гучы?

Сьцьверджаньне Бачкова пра тое, што замак будаваў італьянскі архітэктар Санці Гучы, таксама сумнеўнае. У дакумэнтах ёсьць згадкі толькі пра іншых майстроў, якія займаліся горадзенскім замкам, Ёзафа Райсьціна і Антоніё дэ Грыпа. Верагодна, над замкам працавала група архітэктараў. Таму арыентавацца на тое, як будаваў іншыя замкі ў Польшчы Санці Гучы, або пераймаць стылістыку нейкага аднаго архітэктара можа быць памылковым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG