Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць новых падыходаў да захаваньня архітэктурнай спадчыны Горадні


Ілюстрацыйнае фота. Горадня. Cавецкая плошча. Касьцёл Сьвятога Францыска Ксавэрыя
Ілюстрацыйнае фота. Горадня. Cавецкая плошча. Касьцёл Сьвятога Францыска Ксавэрыя

Погляд на праблему гісторыка і антраполяга Сьцяпана Стурэйкі.

«Спадчына — не камяні, а сэнсы»

У гістарычнай забудове Горадні нямала камяніц, якія падоўгу не выкарыстоўваюцца — стаяць пустыя і псуюцца. Яны належаць дзяржаве. Шмат якія зь іх — помнікі архітэктуры, занесеныя ў адпаведныя сьпісы.

Гісторык і антраполяг Сьцяпан Стурэйка перакананы, што «сьпіс спадчыны найчасьцей выступае бар’ерам для інвэставаньня ў гэтую спадчыну, для яе аднаўленьня. Як у лепшы, так і ў горшы бок. Чым больш ахоўных абавязаньняў там будзе, тым цяжэй аднаўляць, падтрымліваць». Карацей, лічыць ён, стары інструмэнтарый не адпавядае новай сытуацыі, не спрыяе таму, каб гістарычныя камяніцы выглядалі і выкарыстоўваліся належным чынам.

Сьцяпан Стурэйка
Сьцяпан Стурэйка

Новая філязофія дыктуе, што рэстаўрацыя — не аднаўленьне ў літаральным сэнсе слова. Рэальна гэта тое, што мы робім з помнікам тут і цяпер. Гэта наш сучасны твор, гэта погляд сучасьнікаў на спадчыну. Ён павінен адпавядаць часу, быць чытэльным, кажа Сьцяпан Стурэйка:

«Аднаўленьне, захаваньне — не самамэта сёньня. Гэта — інструмэнт, сродак. Галоўнае — жыхары. Спадчына — не камяні, а сэнсы». Неабходна зьмяніць свой погляд на спадчыну, бачыць у ёй магчымасьць камунікацыі паміж рознымі людзьмі, — кажа Стурэйка і зазначае, што ён адным зь першых у Беларусі зьвяртае на гэта ўвагу — зыходзячы з досьведу, які прайшлі на сваім шляху эўрапейскія краіны.

Драўляная сьцяна Каложы — учорашні дзень?

Каложа
Каложа

​Каложа — самы старажытны будынак у Горадні, самы знакаміты, гэта яе візытоўка. Яна належыць усім гарадзенцам, ня толькі царкве і прыходу. Адбылася важная для гораду падзея: зроблены грунтоўны рамонт драўлянай сьцяны храма, якая больш за сто год замяняла страчаную частку Каложы.

Сьцяпан Стурэйка лічыць, што ўзровень абмеркаваньня, узаемадзеяньня спэцыялістаў і грамадзкасьці вакол Каложы для гораду быў узорны. Ніколі такога раней не было: два міжнароднага ўзроўню круглыя сталы, грамадзкія слуханьні, зацятыя спрэчкі. І станоўчы вынік.

Аднак Горадня да сучаснасьці пакуль не гатовая, кажа ён. Чаму? Для пасьпяховай рэстаўрацыі патрэбны менавіта наш сёньняшні даробак. Яна павінна быць нашым дасягненьнем. А драўляную сьцяну для Каложы вымысьлілі больш за сто год таму. Тады гэта было навіной, удалым перадавым рашэньнем. Дрэва падкрэсьлівае вартасьць той часткі, якая захавалася — аўтэнтычнай.

Сёньня, аднак, нічога прынцыпова новага ня зроблена. Уласна рэстаўрацыю пакуль адклалі. Якой яна можа быць у будучыні? Рашэньні магчымыя розныя, кажа Стурэйка. Ад цэласнай адбудовы страчанай сьцяны, напрыклад, на момант разбурэньня ў 1853 годзе (частка храма, што стаіць на высокім беразе, абрынулася ў Нёман падчас моцнай паводкі). А можа быць і нешта сучаснае. Белая сьцяна, на якую можна праектаваць нейкія выявы, фатаздымкі гарадзенцаў. Асабліва калі Каложа — кандыдат на ўнясеньне ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Або на новай сьцяне маглі б рабіць росьпіс вядомыя мастакі. Такая незвычайная магчымасьць: храм ХІІ стагодзьдзя!

Патрэбна будзе менавіта новае слова, перакананы Сьцяпан Стурэйка. І такі новы падыход мае на ўвазе дасягненьні ХХІ стагодзьдзя.

Стары замак: аўтэнтычныя часткі

​«Рэстаўрацыя — складаны гадзіньнік, у якім процьма шасьцярэнек», — кажа Сьцяпан Стурэйка. Распачатая перабудова Старога замка — першая маштабная рэстаўрацыя ў Горадні. Яна выклікае шмат спрэчак. Але гораду патрэбны такі вопыт. Так, спадчына з поля камунікацыі становіцца полем канфлікту. Аднак любы буйны рэстаўрацыйны праект выклікае бурныя дыскусіі. Нашы рэстаўратары гэтага, бадай, не прадугледзелі, лічыць гісторык: «Хоць спрэчкі — гэта нармальна. І зусім ня значыць, што нехта хоча зьнішчыць замак, а нехта не дае. Яны азначаюць працяг камунікацыі».

Можна пачуць як галоўны аргумэнт, што пад пагрозай аўтэнтыка. Гэта сапраўды так. Але насамрэч немагчыма нічога адрэстаўраваць, не пашкодзіўшы яе, лічыць гісторык. Бо насамрэч мы маем дачыненьне з будоўляй, нярэдка зь перайначваньнем будынка, наданьнем яму новых функцый, новых магчымасьцяў выкарыстаньня.

Ці не выклікае ў яго пытаньні тое, што вырашана аднавіць замак менавіта адпаведна часам караля Стэфана Баторыя?

Адказаць складана, паколькі гэты праект яшчэ ня быў прадстаўлены адпаведным чынам, лічыць Сьцяпан Стурэйка. І ў гэтым таксама праблема. Бо рэстаўрацыя — гэта працэс судакрананьня розных мэтаў і задач. Існуюць тры абавязковыя часткі, якія сьведчаць пра якасьць. Першая — кансэрвацыя аўтэнтыкі. Затым — новая функцыя ці аптымізацыя ранейшай. У выпадку з замкам надта мала гаворыцца пра новую канцэпцыю экспазыцыі, а ў публічнай прасторы — фактычна нічога. Цяпер у Старым замку музэй, але ў будучыні ён ня можа быць савецкім музэем, як сёньня, кажа гісторык. Трэцяе: абавязковая мэта — паказаць пачаткі помніка і гісторыю перабудовы — розныя тыпы муроўкі, цэглы. У Горадні ёсьць прынамсі адзін удалы прыклад гэтага — колішняя касьцельная камяніца, якую прыстасавалі пад банк.

Бронзавыя вершнікі састарэлі

Сьцяпан Стурэйка перакананы, што бронзавыя конныя статуі нават у гістарычнай частцы Горадні ня будуць выглядаць цалкам натуральна. Чаму? Конныя помнікі ў Беларусі часам зьяўляюцца, пагаджаецца ён: «Але яны не працуюць, бо наша гарадзкое асяродзьдзе ня створанае для конных статуй, як у Празе. Тыя бронзавыя помнікі паўсталі ў свой час, яны адпавядалі яму».

Суразмоўца — за сучасную скульптуру: для новага асяродзьдзя, новага часу трэба шукаць сваю форму. (Яму адпавядае каменная выява Давыда Гарадзенскага, якую рыхтуюцца паставіць у Горадні). І перакананы, што клясычны помнік папросту ўжо вельмі моцна дэвальваваны. Гэта прыдумка ХІХ стагодзьдзя. Помнік як нацыянальны манумэнт, нешта, што мы стварылі, каб яно стаяла. Сучасны манумэнт павінен адпавядаць цяперашняму гарадзкому асяродзьдзю, ляндшафту. Вершнікі не здаюцца яму такімі. Хоць сёньня ў Вільні, дзе ён жыве, на былым Лукіскім пляцы рыхтуюцца паставіць новы помнік. Былі вялікія спрэчкі. І, хутчэй за ўсё, пераможа конная скульптура, хоць прафэсійная супольнасьць яе не прымае, кажа Стурэйка.

Чаго не хапае Савецкай плошчы?

Савецкая плошча ў Горадні
Савецкая плошча ў Горадні

​Дзесяць год таму адбылася рэканструкцыя цэнтральнай плошчы Горадні — Савецкай. Аднак не аднавілі ніводнага зруйнаванага будынка. А сярод іх ратуша, палац Радзівілаў, Фара Вітаўта. Вялікая прастора застаецца пустой і безаблічнай.

Сьцяпан Стурэйка, аднак, стрымана глядзіць на пэрспэктыву адбудовы ўсіх гістарычных будынкаў. Фару Вітаўта — так, трэба вярнуць, хоць не абыдзецца бяз спрэчак. Патрэбна аднавіць саму плошчу, некалі рынкавую. Гэта быў важны элемэнт пляніроўкі. Някепска было б мець утульную эўрапейскую плошчу. Ясна: яе павінны замыкаць будынкі. Ці аднаўляць былыя? Ці няхай гэта будзе сучасная архітэктура? Стурэйка за сучасную. Патрэбны конкурс, рэспубліканскі ці міжнародны, якасныя сучасныя пабудовы. Месца павінна дыктаваць якасьць.

Што датычыць палаца Радзівілаў ці ратушы, Стурэйка настроены больш скептычна.

Бо якой можа быць іх цяперашняя функцыя, чаго гораду не хапае? Што нам так трэба, каб іх адбудаваць? Гандлёвы цэнтар? Але шкада псаваць плошчу гандлёвым цэнтрам у выглядзе палаца Радзівілаў. Тады што? Гатэль, музэй?

Аднак у любым разе перш патрэбны замоўца, грошы. А без патрэбы ў вялікім дарагім будынку ў цэнтры нічога ня будзе, кажа ён. «Горад — жывая матэрыя, якая ўвесь час зьмяняецца. Я за аднаўленьне плошчы, а не за адбудову ўсіх гістарычных будынкаў», — падсумоўвае Сьцяпан Стурэйка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG