Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт ня здолеў спыніць спрэчную рэканструкцыю. Як уратаваць Стары замак у Горадні


На вачах у гарадзенцаў будаўнікі разабралі частку каралеўскага замку, якой было 300-400 гадоў. Як так выйшла і што рабіць?

Хто прапусьціў?

«Гарадзенцы, чаму вы дазваляеце руйнаваць спадчыну?» — падобныя закіды пісалі інтэрнэт-карыстальнікі, убачыўшы на замку пэрфаратары і параўнаўшы фота «да» (з дахам і сьценамі) і «пасьля» («абезгалоўленую» каробку).

Выгляд «да»
Выгляд «да»
Выгляд «пасьля»
Выгляд «пасьля»

Дык хто «правароніў» замак, у якім ладзілі соймы Рэчы Паспалітай, які захаваўся лепш за іншыя каралеўскія рэзыдэнцыі таго часу і які так любіў Стэфан Баторы?

Аднаўленьня Старога замку, які пайшоў расколінамі па сьценах, чакалі даўно. Калі ў сярэдзіне «нулявых» гарадзкую архітэктуру пачалі моцна перарабляць (рэканструкцыя Савецкай плошчы, зьнішчэньне драўлянай забудовы Новага сьвету, знос або перабудова старых дамоў да непазнавальнасьці), абаронцы спадчыны дэманстравалі прыгожы эскіз новенькага замку (распрацаваны ў канцы 1980-х) у процівагу такім зьменам.

Схема рэканструкцыі Старога замку
Схема рэканструкцыі Старога замку

Урэшце абласныя ўлады выдзелілі грошы на рэканструкцыю. «Стары замак памаладзее на чатыры стагодзьдзі», «Рэзыдэнцыю адновяць, як пры Стэфане Баторым», «Пачалася рэканструкцыя, якую замак чакаў 30 гадоў» — так пазытыўна мэдыя пісалі яшчэ ў 2015 годзе.

Можа быць, вінаваты Ўладзімер Бачкоў, навуковы кіраўнік рэканструкцыі, ён жа аўтар праекту, вядомы скандальнай рэканструкцыяй яшчэ нясьвіскага замку?

Архітэктар распрацаваў сваё бачаньне адноўленага горадзенскага замку яшчэ за савецкім часам, у канцы 1980-х. Тады «Белрэстаўрацыя» спэцыяльна рабіла вялікае навуковае дасьледаваньне замку, якое і стала падставай для праекту. У 2000-х Бачкоў проста дапрацаваў свае папярэднія эскізы трыццацігадовай даўнасьці, якія абапіраліся на высновы навукоўцаў. Нібыта ўсё слушна.

Можа быць, недагледзелі ўлады, уласна Мінкульт, які зацьвярджаў праект? Але ж яго распрацаваў дасьведчаны архітэктар на падставе дасьледаваньняў навукоўцаў.

Раптам у гэтай гісторыі зьявілася новая постаць — Мікола Волкаў, гісторык Акадэміі навук, які пісаў навуковую працу пра горадзенскі замак і нечакана для сябе заўважыў шэраг памылак у праекце Бачкова. За трыццаць гадоў гістарычная навука зрабіла крок наперад, адкрыліся новыя крыніцы аб замку, раней вядомыя інвэнтары гісторык таксама прачытаў па-іншаму, у тым дзякуючы інтэрнэту, магчымасьці параўноўваць дакумэнты, выявы, апісаньні. Прыкладам, ён ведаў пра розьніцу ў адліку паверхаў у палякаў, якія таксама апісвалі горадзенскі замак.

Мікола Волкаў
Мікола Волкаў

​Волкаў зразумеў, што Бачкоў дадаў лішнія паверхі ў некалькі вежаў, «прыдумаў» вялікую камяніцу там, дзе знаходзіліся проста сходы.

Прыкладна з 2015 году навуковец выступаў са сваімі заўвагамі — на канфэрэнцыях, круглых сталах, у мэдыя. Але аказалася, што ўжо надта позна. Вялікія грошы на праект выдаткаваныя, фінансавая дакумэнтацыя, згодна зь якой ідуць работы, зацьверджаная.

Пасьля рэзанансу праект усё ж накіравалі на перагляд у Мінкульт, але рэкамэндацыі наконт зьменаў былі нязначнымі.

Самай буйной перамогай Волкава і паплечнікаў стала тое, што на замку ня будуць разьбіраць другі паверх прыбудовы пры ўязной браме (гэта, мяркуецца, XVII-XVIII стагодзьдзе).

Другі паверх прыбудовы зьлева ад брамы вырашылі захаваць
Другі паверх прыбудовы зьлева ад брамы вырашылі захаваць

Адметна, што Мінкульт спрабаваў умяшацца ў працэс рэканструкцыі постфактум, але безвынікова.

«Некалькі спробаў спыніць работы празь Мінкульт ня мелі посьпеху. Працу адсочвае старшыня аблвыканкаму (Уладзімер Краўцоў. — РС)», — паведаміла кансультантка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Сьвятлана Краюшкіна падчас чэрвеньскага круглага стала ў Менску, прысьвечанага Старому замку.

Прадстаўніца Мінкульту адзначыла, што ўсё пачалося ў 2008 годзе, калі праект інвэставаньня разглядаўся на паседжаньні рады пры Мінкульце.

«Цяжка сказаць, што тады абмяркоўвалася. Я ня бачыла. Ня ведаю матывацыі, чаму тады гэты праект быў ухвалены. Але ён рэкамэндаваўся для далейшага праектаваньня... На мой асабісты вялікі жаль, канчатковы праект таксама быў ухвалены», — сказала Краюшкіна.

Удзельнікі згаданага круглага стала адзначылі, што пры падпісаных паперах нерэальна нешта зьмяніць. Галоўным чынам гэта датычыць першай чаргі, якая цяпер ідзе (уязная брама, мост, галерэя, сьцяна і сярэдняя вежа над Нёманам, камяніца пры вежы над Нёманам, мерная ізба). Калі «лішняя» камяніца закладзена ў праект, то яна мусіць зьявіцца.

Цяпер ідзе першая чарга рэканструкцыі (зьлева направа: сярэдняя вежа над Нёманам, камяніца пры сярэдняй вежы, сьцяна над Нёманам, прыбудова да ўязной брамы, уязная брама, галерэя)

Да таго ж у ёй запраектаваны цеплавузел. Паводле беларускага заканадаўства, чарга рэканструкцыі ня можа быць завершаная, калі не пабудаваны цеплавузел. Гэта значыць, нават калі гарадзенцы пратэстамі дамогуцца ейнай адмены, гэта будзе значыць спыненьне работ і аўтаматычная адмена другой і трэцяй чаргі рэканструкцыі, што неўзабаве пацягне зьнішчэньне замку ад старасьці.

Выбар паміж: або замку ня будзе, або ён будзе не падобны да першапачатковага.

Плян: выехаць на месца і памяняць ход рэканструкцыі

У той жа час ёсьць шанец паўплываць на другую (каралеўскі палац) і трэцюю (рэшта замкавай сьцяны, дзе цяпер адно руіны, і Ніжняя царква) чаргу рэканструкцыі.

Каралеўскі палац захаваўся даволі добра
Каралеўскі палац захаваўся даволі добра

«Калі выдзеленыя бюджэтныя сродкі, якія трэба засвоіць, то пры ўсім нашым крытычным стаўленьні да гэтых працэсаў, спыніць (рэканструкцыю) на першай чарзе мы ня можам. Трэба засяродзіцца на другой і трэцяй чарзе і паспрабаваць паўплываць на сытуацыю на стадыі распрацоўкі, каб улічваліся ўсе новыя абставіны, якія сталі вядомыя», — адзначыў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

Як паведаміў Свабодзе Юры Кітурка, дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю, які месьціцца ў Старым замку, распрацоўка праекту другой і трэцяй чаргі яшчэ не пачыналіся.

Уваход у гісторыка-археалягічны музэй, які месьціцца ў Старым замку
Уваход у гісторыка-археалягічны музэй, які месьціцца ў Старым замку

У чэрвені абаронцы спадчыны (гісторыкі, архітэктары, чыноўнікі, прадстаўнікі грамадзкасьці) правялі круглы стол, прысьвечаны лёсу замка, які мадэраваў Антон Астаповіч. Дамовіліся да дзьвюх рэчаў.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Па-першае, прыехаць у Горадню «для прыняцьця рашэньня аб праекце на месцы». Верагодна, часткай рашэньня стане правядзеньне дадатковых навуковых дасьледаваньняў аб’екта, бо за апошнія дзесяцігодзьдзі павялічылася колькасьць дадзеных пра замак.

Горадзенскія гісторыкі прапануюць замовіць гэтыя дасьледаваньні ў Міколы Волкава, які раней вывучаў толькі тую частку замку, якая ўвайшла ў першую чаргу рэканструкцыі.

Праўда, галоўны архітэктар праектаў інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі, які займаецца замкам, сьцьвярджае, што дадзеныя зьбіраліся, вывучаліся цягам трыццаці гадоў, а ня толькі ў 1980-х.

«У выніку былі распрацаваныя чатыры варыянты рэканструкцыі. Іх выносілі на раду пры Мінкульце. Чацьвёрты варыянт быў прыняты ў працу», — сказаў Свабодзе Алег Шымбарэцкі.

Па-другое, вырашылі паспрабаваць скарэктаваць «абгрунтаваньне інвэстыцыяў праектаў другой і трэцяй чаргі з улікам найбольш поўнага захаваньня аўтэнтычных элемэнтаў розных пэрыядаў». То бок, каб замак болей не разьбіралі.

Дарэчы, Юры Кітурка сказаў Свабодзе, што «ўсё, што трэба было разабраць, ужо разабралі». Ён запэўніў, што ўсе фрагмэнты, пабудаваныя раней за ХV стагодзьдзе, у часы Вітаўта, разьбірацца дакладна ня будуць.

Гэта датычыць і сьцяны над Нёманам. Зь яе раней зьнялі напластаваньні савецкага і польскага часу. Горадзенскія актывісты турбаваліся, што яе працягнуць разьбіраць ажно да часоў Вітаўта, каб празь яе на схіл Замкавай гары магла прайсьці будаўнічая тэхніка.

Выгляд сьцяны з боку Нёмана (варыянт Уладзімера Бачкова)
Выгляд сьцяны з боку Нёмана (варыянт Уладзімера Бачкова)

«Усё, што вы бачыце на сёньняшні дзень, усё захоўваецца», — пацьвердзіў Свабодзе і Алег Шымбарэцкі.

Горадзенскія гісторыкі мяркуюць, што варта скончыць работы на другой чарзе рэканструкцыі (аднавіць каралеўскі палац, які ёсьць часткай замку), а трэцюю чаргу адмяніць. Да яе адносяцца руіны сьценаў, на якіх сёньня любяць адпачываць гарадзенцы.

Выгляд каралеўскага палаца з боку гораду пасьля рэканструкцыі (варыянт Уладзімера Бачкова)
Выгляд каралеўскага палаца з боку гораду пасьля рэканструкцыі (варыянт Уладзімера Бачкова)
Выгляд каралеўскага палаца з боку двара пасьля рэканструкцыі (варыянт Уладзімера Бачкова)
Выгляд каралеўскага палаца з боку двара пасьля рэканструкцыі (варыянт Уладзімера Бачкова)
Так выглядае каралеўскі палац з боку гораду цяпер
Так выглядае каралеўскі палац з боку гораду цяпер

Замест узьвядзеньня сьценаў-навабудаў на месцы руінаў можна адкрыць археалягічны шкляны павільён са зрэзам археалягічных пластоў у двары замку, пачынаючы ад ХІІ стагодзьдзя.

У падобным, але непразрыстым павільёне захоўваюцца скляпеньні Ніжняй царквы (яна таксама адносіцца да трэцяй чаргі)
У падобным, але непразрыстым павільёне захоўваюцца скляпеньні Ніжняй царквы (яна таксама адносіцца да трэцяй чаргі)
Выгляд замку з боку ракі Гараднічанкі (трэцяя чарга), варыянт Уладзімер Бачкова
Выгляд замку з боку ракі Гараднічанкі (трэцяя чарга), варыянт Уладзімер Бачкова
Частка замку з боку Гараднічанкі захавалася менш за ўсё
Частка замку з боку Гараднічанкі захавалася менш за ўсё
На камянях Старога замку з боку Гараднічанкі любяць адпачываць гарадзенцы, так званае «месца сілы»
На камянях Старога замку з боку Гараднічанкі любяць адпачываць гарадзенцы, так званае «месца сілы»
Горадзенскія гісторыкі прапануюць закансэрваваць гэтую частку, а не ствараць на ейным месцы навабуд
Горадзенскія гісторыкі прапануюць закансэрваваць гэтую частку, а не ствараць на ейным месцы навабуд

Якія пытаньні засталіся?

Прэтэнзіі гісторыкаў і грамадзкасьці да цяперашніх работ датычаць ня толькі праекту (зь лішняй камяніцай і паверхамі), але і яго выкананьня.

1. «Зьнішчальная» мэтодыка

Дзеля аднаўленьня страчаных элемэнтаў ці тых, што ніколі не існавалі, нішчацца аўтэнтычныя канструкцыі. Каб аднавіць замак на XVI стагодзьдзе, разабралі сьцены пазьнейшых часоў, ня менш каштоўныя (XVII, XVIII, XIX).

Раман Забела
Раман Забела

«Падыход на замку да захаваньня таго, што да сёньня ацалела, вельмі дзіўны. Сёньня ёсьць тэхналёгія ўмацаваньня аварыйных сьценаў без іхнага дэмантажу ці аднаўленьне страчанага без ўжываньня, прыкладам, цэмэнту, які, даказана, шкодны на такіх мурах», — кажа менскі архітэктар-рэстаўратар Раман Забела. Ён навучаўся ў Кракаве, працуе з гістарычнымі аб’ектамі па ўсёй Беларусі.

Ён удакладніў, што мэханізаваны спосаб разборкі, з пэрфаратарам, не вітаецца пры дэмантажы, хоць дакладнай забароны няма.

2. Дасьледаванасьць

Незразумела, ці былі праведзеныя дастатковыя дасьледаваньні аб’екта да пачатку работ і наколькі кампэтэнтна. Паводле апісаньняў, фасады ўпрыгожваў малюнак у тэхніцы зграфіта, а ў капліцы над брамай пад падшыўкай столі былі знойдзеныя росьпісы XVI-XVII стагодзьдзяў. На той момант ужо была зьбітая тынкоўка ў памяшканьнях і на фасадах. Невядома, ці ня зьбілі разам зь ёю і іншыя фрагмэнты жывапісу ці зграфіта без папярэдняга вывучэньня.

Фрагмэнт фрэскі, знойдзены ў капліцы над брамай
Фрагмэнт фрэскі, знойдзены ў капліцы над брамай

«Ці ёсьць дасьледаваньні гэтай тынкоўкі, што падобных росьпісаў не было ў іншых месцах? Калі будуць дакумэнты, што росьпісаў не было выяўлена, то пытаньняў ня будзе», — кажа Раман Забела.

3. Акуратнасьць работ

Вядома, што будаўнікі на замку маюць зьдзельную аплату, а гэта азначае хуткую працу. Агулам у Беларусі адсутнічаюць нарматывы для рэстаўрацыі. Рэстаўратары карыстаюцца будаўнічымі нормамі, якія дзейнічаюць, напрыклад, пры пабудове дамоў.

У гэтай сытуацыі работы патрабуюць сталай прысутнасьці рэстаўратараў на аб’екце, каб тлумачыць выканаўцам рэстаўрацыйныя асаблівасьці і апэратыўна вырашаць спрэчныя моманты. Іначай вялікая верагоднасьць атрымаць катэдж.

4. Адсутнасьць незалежнай інспэкцыі аховы помнікаў

Яна магла бы хутка рэагаваць на парушэньні, мяркуе Раман Забела. Такая пасада, для параўнаньня, ёсьць у Польшчы.

5. Няма дыялёгу, закрытасьць інфармацыі

Раман Забела адзначае, што кожны аб’ект індывідуальны. Складана аб’ектыўна рабіць высновы бязь веданьня вынікаў комплексных (міждысцыплінарных) дасьледаваньняў.

«Не было аргумэнтаванага адказу з боку Бачкова на пералік памылак праз таго ж Волкава. Ён не друкуецца. Магчыма, у праекце Бачкова таксама ўсё абгрунтавана, праводзіліся ўсе неабходныя дасьледаваньні. Але ён ня даў гэтай інфармацыі», — кажа архітэктар.

Да таго ж, калі нехта фатаграфуе горадзенскі замак, на яго сварацца рабочыя і забараняюць здымаць.

Рэканструкцыя Старога замка ў Горадні
Рэканструкцыя Старога замка ў Горадні

Суразмоўца прыводзіць у прыклад аднаўленьне Бэрлінскага палаца, якое ідзе ў гэты ж час. Немцы зрабілі з рэканструкцыі атракцыю, на якой зарабляюць грошы. Побач з палацам працуе часовы музэй аднаўленьня. Кожны можа прыйсьці туды, убачыць праз акно будоўлю і набыць сувэнір. Можа пазначыць, які менавіта фрагмэнт ён хоча, каб аднавілі за ягоны ўнёсак. Рэгулярна выходзіць часопіс, які распавядае, што было зроблена за апошні час. Пры такім падыходзе ў людзей не застаецца пытаньняў да работ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG