Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралеўскі замак у Горадні рэканструююць з пэрфаратарам. Тлумачым, што адбываецца


На вачах у гарадзенцаў будаўнікі разьбіраюць каралеўскую рэзыдэнцыю, якую можна параўнаць з кракаўскім Вавэлем, і ніхто нічога ня можа зрабіць. Што адбываецца з тысячагадовым замкам, Свабода тлумачыць для тых, хто ня ў тэме.

1. Хто гэтыя мужчыны з пэрфаратарамі і што яны робяць?

Гэта будаўнікі арганізацыі «Гроднажылбуд», якая спэцыялізуецца на пабудове жылых шматпавярховікаў. Яны пашыраюць вокны на другім паверсе брамы пры ўваходзе ў Стары замак. Папраўдзе яны разьбіраюць частку сьцяны XVII стагодзьдзя. Дагэтуль рабочыя зьнялі частку галерэі таго ж часу.


2. Калі гэта ўсё пачалося?

Тысячу год таму, калі замак толькі ўзьнік. Яго значна перабудоўвалі пяць разоў. Князь Вітаўт і кароль Стэфан Баторы — ягоныя самыя вядомыя гаспадары і рэканструктары. Сучаснае гучнае імя ў справе аднаўленьня — Уладзімер Бачкоў.

Стары замак аднаўлялі Вітаўт, Стэфан Баторы і Ўладзімер Бачкоў
Стары замак аднаўлялі Вітаўт, Стэфан Баторы і Ўладзімер Бачкоў

3. Навошта ўвогуле трэба было чапаць замак цяпер?

Апошні рамонт замак перажыў адразу пасьля Другой усясьветнай вайны. Трыццаць год таму менскі архітэктар Уладзімер Бачкоў прапанаваў аднавіць замак такім, які ён быў пры Стэфану Баторыю (XVI стагодзьдзе).

Эскізы рэканструкцыі чакалі да 2015 году. Ажно ў адной з заляў правалілася падлога, і адкладаць ужо не было куды.

Апошні рамонт замак перажыў пасьля Другой усясьветнай вайны
Апошні рамонт замак перажыў пасьля Другой усясьветнай вайны

4. Што ўжо зроблена?

Замак такі вялізны, што яго аднаўленьне вырашылі разьбіць на тры этапы. Цяпер ідзе першы зь іх, які закранае ўязную браму, галерэю і сярэднюю вежу.

Першая чарга праекту ўключае ўязную браму, галерэю і сярэднюю вежу над Нёманам
Першая чарга праекту ўключае ўязную браму, галерэю і сярэднюю вежу над Нёманам

У 2015 годзе са сьценаў звонку пазьбівалі тынк, каб дасьледаваць муроўку. На большае не хапіла грошай. Так пабудова стаяла два гады.

У 2015 годзе са сьценаў звонку пазьбівалі тынк
У 2015 годзе са сьценаў звонку пазьбівалі тынк

Напрыканцы 2017 году ўзнавіліся археалягічныя працы на замкавым двары. Зь цікавых знаходак: шахматная ладзьдзя і цэгла з калюмнамі Вітаўта. У замкавую гару пачалі ўводзіць палі, на якіх стане частка адноўленага будынка.

Разабралі верхні ўзровень старых муроў з боку Нёмана. З самога замка зьнялі дах, часткова разабралі сьцены.

5. Што з рэканструкцыяй ня так?

Праект Бачкова ўсіх задавальняў, пакуль за архіўныя дакумэнты па Старым замку ня ўзяўся гісторык з Акадэміі навук Мікола Волкаў. Ён прачытаў інвэнтары па-іншаму і знайшоў у праекце шэраг памылак.

Волкаў упэўнены, што Бачкоў дадаў лішні паверх у дзьве вежы. Гэта адбылося таму, што немцы і палякі, якія дасьледавалі замак, па-іншаму адлічваюць паверхі будынкаў, чым беларусы.

Гісторыкі мяркуюць, што ў праекце памыліліся з паверхамі і будынкамі
Гісторыкі мяркуюць, што ў праекце памыліліся з паверхамі і будынкамі

Гісторык настойвае, што навуковы кіраўнік прыдумаў вялікую камяніцу каля вежы над Нёманам. Яе ніколі не было. Дый археолягі не знайшлі ейных падмуркаў.

Волкаў ня раз заяўляў пра знойдзеныя памылкі, за лёс замка перажывалі нават польскія ўлады, але ўнесьці зьмены ў праект не атрымалася. Праект прайшоў усе ўзгадненьні і экспэртызы.

6. Што яшчэ разьбяруць і навошта?

Нікому з зацікаўленых актывістаў і гісторыкаў не даюць паглядзець канчатковы праект. Таму адказу ніхто ня ведае.

Горадзенскі краязнаўца і гісторык Мечыслаў Супрон мяркуе, што разьбіраюць усе надбудовы, якія зьявіліся пазьней за XVI стагодзьдзе. Але інфармацыя, дзе дакладна заканчваецца адно стагодзьдзе і пачынаецца іншае, таксама толькі ў руках архітэктараў. Грамадзкасьць да дакумэнтаў ня мае доступу. Вядома таксама, што гэтыя дасьледаваньні сьценаў праводзілі не прафэсіяналы ў гэтай галіне. Зрэшты, такіх прафэсіяналаў у Беларусі і няма.

З галерэі ўжо зьнялі верхні ўзровень
З галерэі ўжо зьнялі верхні ўзровень

Імаверна, гэтыя фрагмэнты прызнаныя аварыйнымі. Іх заменяць на сучасныя. Гісторыкі асьцерагаюцца, што ўмацаваньне робіцца дзеля таго, каб надбудаваць лішнія паверхі, да прыкладу, у той жа галерэі.

7. Было б пра што шкадаваць. Ці ж мала ў Беларусі замкаў?

Такі, як у Горадні, — адзіны. Замкі ў Міры і Нясьвіжы захаваліся лепей, але яны належалі ўсяго толькі тагачасным «алігархам» — магнатам, кажа Мечыслаў Супрон.

Горадзенскі замак — каралеўскі. Гэта адзіная захаваная каралеўская рэзыдэнцыя часоў Рэчы Паспалітай пасьля кракаўскага Вавэля. Яна важная з пункту гледжаньня падзей і людзей. Тут гаспадарылі Вітаўт, Баторы, дынастыя Вазаў. Праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. Гэты замак значны ня толькі для сучаснай Беларусі, але і для Польшчы, і для Літвы.

Так мае выглядаць Стары замак пасьля рэканструкцыі з боку ракі Нёман
Так мае выглядаць Стары замак пасьля рэканструкцыі з боку ракі Нёман

Да таго ж гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе такі багаты археалягічны слой — у 8 мэтраў глыбіні. Калі забівалі палі на глыбіню 20–30 мэтраў, з тэрыторыі вывезьлі на сьметнік сотні недасьледаваных кубоў гістарычных слаёў.

8. Як можна было зрабіць па-добраму?

Мечыслаў Супрон мяркуе, што варта было б пайсьці эўрапейскім шляхам і максымальна захаваць напластаваньні розных пэрыядаў да ХІХ стагодзьдзя. Узорам можа служыць замак у Варшаве, дзе аднавілі адразу чатыры пэрыяды: готыку, рэнэсанс, барока, клясыцызм.

На ягоную думку, перад прыняцьцем рашэньня па праекце трэба было сабраць круглы стол разам з замежнымі адмыслоўцамі і прадстаўнікамі грамадзкасьці.

Выконваць працы на такім унікальным аб’екце павінны рэстаўратары, а не будаўнікі панэльных дамоў. Разьбіраць цэглу пры неабходнасьці трэба без ужываньня электраінструмэнтаў, як пэрфаратары.

Працы на ўнікальным аб’екце вядуць будаўнікі, а не рэстаўратары
Працы на ўнікальным аб’екце вядуць будаўнікі, а не рэстаўратары

«Бяда сучасных гісторыкаў у тым, што мы не нарадзіліся год на дзесяць раней. Старым замкам ніхто шчыльна не займаўся. А калі спахапіліся, давялося толькі сьцьвердзіць факт памылак, а паўплываць на рэканструкцыю ўжо цяжка», — кажа Мечыслаў Супрон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG