Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад юбілей Жыровіцкага манастыра хочуць зьнесьці 200-гадовыя прыбудовы да званіцы


Жыровіцкі манастыр. Зьлева на фота — званіца, каля якой зьбіраюцца зьнесьці прыбудовы і агароджу. Фота ©Shutterstock
Жыровіцкі манастыр. Зьлева на фота — званіца, каля якой зьбіраюцца зьнесьці прыбудовы і агароджу. Фота ©Shutterstock

У 2020 годзе будзе адзначацца 500-годзьдзе мужчынскага манастыра ў Жыровічах на Горадзеншчыне — аднаго з галоўных цэнтраў беларускага хрысьціянства і выбітнага архітэктурнага ансамблю XVII-XVIII стагодзьдзяў.

Як стала вядома Свабодзе, у рамках рамонту вырашана зьнесьці дзьве прыбудовы і мураваную агароджу, якія прымыкаюць да старой званіцы.

Ахвяры добраўпарадкаваньня

На Жыровіцкай плошчы перад Усьпенскім саборам па яго восі стаіць званіца, збудаваная ў XVII стагодзьдзі. Cваёй архітэктурнай формай і размахам яна нагадвае паўнавартасны храм, што рэдкасьць для Беларусі. У другой палове XVII стагодзьдзя пры яе бакавых фасадах зьявіліся два невялікія будынкі — захаваўся дакумэнт 1823 году, які сьведчыць пра іх рамонт.

У апошняй чвэрці ХІХ стагодзьдзя з боку сабору ўзьвялі паўкруглую агароджу з «разынкавай» муроўкай і брамкай. Сьляды такой жа муроўкі, як адзначаюць археолягі, захаваліся на ніжніх частках прыбудоў. Такім чынам, комплекс як адно цэлае мае несумненную гістарычную каштоўнасьць: без прыбудоў званіца існавала прыблізна сотню гадоў, а зь імі — больш за 200.

У траўні наступнага году маюць адзначыць 500-гадовы юбілей Жыровіцкага манастара як аднаго з духоўных цэнтраў Беларусі і ўлады пачалі рыхтавацца да добраўпарадкаваньня. На адной з нарадаў пад старшынствам былога намесьніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзьмітрыя Семянкевіча ўхваленае прынятае рашэньне аб зносе прыбудоваў і агароджы, што і было занесена ў пратакол.

Рашэньне матываванае тым, што ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў запісаная толькі званіца без дадатковых элемэнтаў. Выказваліся дапушчэньні, што прыбудовы наогул новыя, паваеннага часу.

Апанэнты сьцьвярджаюць пра памылковасьць такога меркаваньня, бо на самай справе прыбудовы ў той пэрыяд рамантавалі пад жыльлё для выкладчыкаў тэхнікуму і, магчыма, сэмінарыі.

Званіца з прыбудовай
Званіца з прыбудовай

Да працаў на манастырскай тэрыторыі далучаны Менскі гарадзкі інстытут добраўпарадкаваньня і гарадзкога дызайну. Яго кіраўніца Сьвятлана Барысовіч пацьвярджае, што ў рамках падрыхтоўкі да юбілею агучвалася ініцыятыва вызваленьня званіцы ад прыбудоваў.

«Сапраўды, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва прапанавала прыбудовы зьнесьці: чамусьці там лічаць, што яны позьняга часу, узноўленыя пасьля вайны, — кажа спэцыялістка. — Але, як аказалася, іх ніколі не руйнавалі, яны заўсёды стаялі — ніводзін снарад у часе баёў у манастыр не патрапіў. То бок, нават не абнаўлялі, проста зрабілі бягучы рамонт. Дагэтуль у двух крылах жывуць людзі і яшчэ ёсьць місія ад манастыра».

Манастыр падтрымаў знос

Адпачатку ініцыятыву будаўнічага ведамства падтрымаў манастыр. Яго прадстаўнікі заявілі, што зьяўляюцца ўласьнікамі толькі званіцы, тады як адна з прыбудоў належыць Жыровіцкаму аграрна-тэхнічнаму каледжу, а ў другой, прыватызаванай, жывуць людзі. Таму пазбаўленьне ад «няпрофільнага балясту» будзе толькі на карысьць.

Пазыцыя мясцовых уладаў

У тэхнічным пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасьці абедзьве прыбудовы адзначаныя. І калі кіравацца гэтым дакумэнтам, падстаў для зносу прыбудоў і агароджы няма.

Свабода паспрабавала даведацца ва ўладаў, як будуць вырашацца тэхнічныя супярэчнасьці, аднак пытаньне збольшага засталося без адказу.

«Па Жыровічах цалкам нармальная і акрэсьленая сытуацыя — усё будзе зроблена ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё, што вы мусіце ведаць па гэтым пытаньні», — ляканічна пракамэнтавала начальніца ўпраўленьня культуры Горадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч.

Экспэрт: зносіць прыбудовы нельга

Колішні начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі жаданьне зьнесьці гістарычныя прыбудовы пры званіцы называе ня толькі нічым не абгрунтаваным, але і красамоўным прыкладам валюнтарысцкага рашэньня, якое пярэчыць заканадаўству.

«Відавочна, званіцу рамантаваць варта, але „адсякаць“ ад яе прыбудовы — меркаваньне абсалютна некампэтэнтнае, — перакананы суразмоўца. — Яно не палягае на адпаведных дакумэнтах і матэрыялах, таму абраны шлях няправільны. Ставіцца задача, праводзіцца дасьледаваньне, выдаюцца вынікі і толькі тады прымаецца тое ці іншае рашэньне. Калі абʼект гістарычны, значыць, трэба яго як мінімум прыводзіць да ладу з пэрспэктывай больш актыўнага выкарыстаньня».

Чарняўскі зьвяртае ўвагу на тое, што прыток турыстаў у Жыровічы ўсё большы, а інфраструктура пры гэтым не разьвіваецца. На яго думку, тыя ж прыбудовы можна пераабсталяваць пад інфармацыйны цэнтар, каб наведнікі атрымлівалі ўсю інфармацыю на ўваходзе. Някепска было б зрабіць невялікую кавярню, падобную да існуючай каля манастыра ў Полацку, дзе пастаянна людна. Прыбудовы варта цалкам пераарыентаваць на карысьць грамадзкасьці і манастыра, перакананы ён.

А што з жыхарамі?

Паўстае пытаньне, куды перасяліць жыхароў, якія атабарыліся тут больш за паўстагодзьдзя таму. Сьвятлана Барысовіч не сумняецца, што гэта зусім ня той выпадак, калі гаспадары будуць трымацца за «радавое гняздо».

«Я была ў тых людзей — урослыя ў зямлю, напаўпадвальныя памяшканьні, — дзеліцца яна ўражаньнямі. Жыць там, скажам мякка, экстрэмальна: пастаянная сырасьць, зручнасьці на вуліцы, нейкія прымітыўныя хлеўчукі. Калі ім прапанаваць альтэрнатыўныя варыянты, думаю, ніякіх праблемаў з перасяленьнем ня ўзьнікне».

Ігар Чарняўскі гэтаксама схіляецца да таго, што ў Жыровічах ня так складана знайсьці падменнае жыльлё для некалькіх чалавек, якія ў ХХІ стагодзьдзі існуюць у сярэднявечных умовах.

Акрамя таго, ён перакананы, што Міністэрства культуры павінна ўзьняць пытаньне аб удакладненьні пазыцыі ў Дзяржаўным сьпісе, дапоўніўшы «званіцу» дзьвюма прыбудовамі і агароджай. Наступны крок — падпісаньне ўсімі ўласьнікамі (манастыр, каледж, жыхары) ахоўных абавязаньняў. Гэта ў тым ліку будзе спрыяць таму, каб людзі атрымалі стымул перасяліцца ў іншыя памяшканьні.

Паступова зьмяняецца пазыцыя і прадстаўнікоў манастыра. Як кажа Ігар Чарняўскі, нават тыя, хто раней актыўна выступаў за знос прыбудоў, цяпер пагаджаюцца: можна знайсьці разумнае рашэньне, калі не сьпяшацца і кіравацца рацыянальным падыходам. Папярэдне сышліся на тым, што да юбілейных імпрэзаў неабходна правесьці рамонт званіцы, фасадаў прыбудоў і агароджы, упарадкаваць прылеглую тэрыторыю. А ўжо далей у спакойным рэжыме вырашаць пытаньні ўласнасьці.

«Як кажуць, ніхто за язык не цягнуў, але выказалі думку, што добра было б абсталяваць інфармацыйны цэнтар — ён там сапраўды патрэбны, — працягвае Ігар Чарняўскі. — Альбо музэйчык, кавярня, крама з вырабамі манахаў — усё было б запатрабавана. Можна прыдумаць розныя функцыі, проста фантазіраваць адно, а калі прыйсьці на месца і запытаць — чаго вам не хапае — людзі самі падкажуць, зарыентуюць».

Што ня так з аховай спадчыны ў Беларусі

Ігар Чарняўскі сьцьвярджае, што сёньня ў Беларусі насьпеў час для грунтоўнага аналізу сытуацыі ў пытаньнях аховы гістарычнай спадчыны. На прыкладзе Жыровічаў агаляюцца хібы ў гэтай галіне:

  • «Па-першае, практычна нулявая роля мясцовых уладаў у вырашэньні бягучых праблемаў — ня кажучы пра іх папярэджаньне праз маніторынг матэрыяльнай спадчыны і выпраўленьні спрэчных сытуацый.
  • Па-другое, імкненьне разруліць пытаньні з парушэньнем парадку працаў, вызначаных заканадаўствам — часта каманды на знос выдаюцца асобамі, у кампэтэнцыю якіх гэта не ўваходзіць.
  • Па-трэцяе, адсутнасьць адмысловага органа (інспэкцыі) ці інстытуцыі (цэнтру аховы нацыянальнай спадчыны), якія б прафэсійна займаліся гэтай галіной.

Пры адсутнасьці гэтых трох чыннікаў, а таксама зьменаў у заканадаўстве як па ахове спадчыны, так і па бюджэце, падатках і г.д., падобнага роду зьявы будуць паўтарацца раз за разам»,— перакананы Ігар Чарняўскі.

Жыровічы
Жыровічы

Жыровічы разьмешчаныя ў Слонімскім раёне на Горадзеншчыне. Асноўнай славутасьцю мястэчка ёсьць комплекс будынкаў мужчынскага Сьвята-Усьпенскага манастыра, заснаванага ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. У саборы захоўваецца сьвяты цудатворны Жыровіцкі абраз Маці Божай.

У 1613 годзе праваслаўны манастыр быў перададзены уніяцкаму ордэну базыльянаў. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя здарыўся вялікі пажар і драўляныя будынкі згарэлі. Пасьля гэтага ён адбудоўваўся з каменя. У 1839 годзе манастыр зноў стаў праваслаўным і адносны заняпад для яго пачаўся з адыходам земляў да міжваеннай Польшчы.

Нягледзячы на наступную вайну і атэістычную палітыку савецкай улады, манастыр бесперапынна функцыянаваў цягам усяго ХХ стагодзьдзя. За савецкім часам за яго сьценамі знайшлі прытулак манахі і манахіні, выгнаныя зь іншых месцаў.

З атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці ў пачатку 1990-х манастыр зноў пачаў пашырацца і разьвівацца. Тут разьмешчаная адна з найбуйнейшых у краіне праваслаўных духоўных сэмінарый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG