Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Зьніч: Беларусь — сэрца хрысьціянскай Эўропы, вось наша нацыянальная ідэя


Якая нацыянальная ідэя патрэбная Беларусі і чаму яе ніяк ня могуць сфармуляваць дзяржаўныя ідэолягі? Што павінны рабіць разам праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл? Госьцем перадачы паэт-манах Зьніч з Жыровіцкага манастыра.

— Віншую вас з творчым прыбыткам, з выхадам новай кнігі. Але чаму такая пэсымістычная назва — «Апошняму беларусу»?

— Па зямных мерках ёсьць падставы непакоіцца, што сёньняшняе пакаленьне юных беларусаў можа стацца і апошнім. Праўда, на адвароце кніжнай вокладкі зьмешчана больш аптымістычнае двухрадкоўе: «Як колас на забытай пожні, / дай Бог, каб ты ня быў апошні!» Але азірнемся ў гісторыю. Вось мы з табой сумаўляемся ў лютым 2017 году — акурат праз стагодзьдзе пасьля таго злавеснага лютага 1917-га, які зруйнаваў хрысьціянскую дзяржаву, у якой сярэдняя колькасьць дзетак на сям’ю была 7. І ўсе немаўляткі ў беларускіх сялянскіх уцаркаўлёных сем’ях з матчыным малаком усмоктвалі нашу мову — адну з трох самых сьпеўных у Эўропе. А што цяпер? Найчасьцей адно дзіця ў сям’і. Прычым многія сем’і разбураюцца, толькі пасьпеўшы стварыцца. Так што па зямных мерках — дынаміка сумная.

— Але ж ёсьць у Беларусі мясьціны, дзе дэмаграфічнай праблемы не існуе. Скажам, у Альшанах на Століншчыне. Альшанцы ня п’юць, шмат працуюць і маюць шматдзетныя сем’і. А ўсё таму, што зьяўляюцца пратэстантамі. Дык, можа, гэта шлях, па якім павінна ісьці ўся Беларусь?

«Брат беларус, — Гасподзь гукае, — дай жменьку дзетак свайму краю!»

— Дык і на сьвятой жыровіцкай зямлі ёсьць шматдзетныя сем’і, дзе па 5-6-7 дзетак, а па 3-4 — і не пералічыць. Канешне, ласка Божая сыходзіць да ўсіх, хто моліцца, працуе і прымае ўсе Божыя дары. У вёсцы, якую ты назваў, моляцца шчыра, працуюць шчыра — і Гасподзь не абмінае іх сваёй ласкай. І ў Жыровічах моляцца шчыра і працуюць шчыра. Калі мы будзем прымаць усе Божыя дары, усіх малых беларусікаў, якіх Гасподзь пасылае на нашу зямельку, то праз адно-два пакаленьні нас будзе не адзін дзясятак мільёнаў. «Брат беларус, — Гасподзь гукае, — дай жменьку дзетак свайму краю!»

— На нядаўняй сустрэчы з журналістамі Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што Беларусі патрэбная нацыянальная ідэя, але сфармуляваць яе, маўляў, вельмі складана. Можа, вы паспрабуеце?

Беларусы — адзіны народ у сьвеце, пакрыты колерамі Хрыстовай плашчаніцы як сьцягам нацыянальным.

— Нацыянальная ідэя павінна спалучаць нябеснае і зямное ў непарыўным адзінстве. Калі яе шукаць толькі ў зямных ракурсах, нічога ня знойдзеш, будуць вечныя блуканьні ў прыцемках. Нацыянальную ідэю можна знайсьці, калі пачувацца ў адзінстве са Збаўцам нашым, зь ягоным зямным і нябесным лёсам. Калі ад Збаўцы не адхіляцца, калі памятаць, што беларусы — адзіны народ у сьвеце, пакрыты колерамі Хрыстовай плашчаніцы як сьцягам нацыянальным. Калі ісьці шляхам Хрыстовым і ведаць, што нават пры поўным зруйнаваньні дзяржаваў народы не зьнікалі... Наш Збаўца, якога глынуў нябыт, уваскрос, так уваскрасалі і народы. Наша нацыянальная ідэя — у Хрысьце, Беларусь — сэрца хрысьціянскай Эўропы.

— А Кіеў — ня сэрца? Масква — ня сэрца?

— «У Кіеве, у Менску, у Маскве / сьвятая Русь у Госпадзе жыве!» Сьвятая Русь — гэта панятак перш за ўсё нябесны. Усё чалавецтва ў Хрысьце — вось як наш зямляк Фёдар Дастаеўскі сфармуляваў паўтара стагодзьдзя таму сьвятарускую ідэю.

— У вашай новай кнізе — цэлы разьдзел перастварэньняў з Пушкіна, Буніна, Ясеніна... Ці можна сказаць, што паэт Зьніч узрос менавіта на расейскай клясыцы?

— Безумоўна. Згадайма, як адна наша знакамітая пісьменьніца пра сябе гаворыць: «Матуля — украінка, бацька — беларус, а духоўная айчына — вялікая расейская літаратура». Так і паэт Зьніч узрастаў на расейскай літаратуры, вяршыняй і сымбалем якой зьяўляецца Дастаеўскі, адначасна ён вяршыня і сусьветнай літаратуры. Пераствараючы зь іншых моваў, я хацеў паказаць, якімі багацьцямі мы валодаем: «Троіца моваў, як храм, як прычасьце — / нацыянальнае наша багацьце! / Нельга парваць ратавальную нітку, / таленты Богу вяртайма з прыбыткам!» Беларускія перастварэньні клясычных расейскіх матываў нагадваюць музычныя мадуляцыі, якія пры пераходзе ў іншую танальнасьць дапамагаюць тэме раскрыцца ў нечаканай глыбіні. Дык вось, мадуляцыі клясычных матываў у танальнасьць нашай мовы і гісторыі даюць мажлівасьць сэрцу хрысьціянскай Эўропы загучаць ва ўсясьветным, ва ўсялюдзкім абшары. Я да гэтага імкнуўся.

— Чытаеш вашу кнігу — то лермантаўскі, то блокаўскі матыў. І раптам: «Па чым начамі сэрца баліць? / Па тым, што дом мой патрушчаны. / Няма дзе галавы прытуліць / ні Госпаду, ні беларушчыне». Гэта ж чысты Купала з дамешкам Ларысы Геніюш. Ці я памыляюся?

І Купала, і Геніюш, і Бунін — усё ў паліфоніі гучыць.

— Не, не памыляесься. Як Троіцу нябесную, так і троіцу зямную разарваць немажліва. Хоць ліхі дух і шчыруе ў гэтым напрамку, і ў яго ёсьць памагатыя ворага роду чалавечага. Але як толькі мы выходзім у ракурс усясьветны, усялюдзкі, усе зямныя ракурсы нікчэмнеюць. І знаходзяцца выйсьці зь бязвыйсьцевых сытуацый. І тут ужо непадзельна гучыць уся троіца моваў. І Кіеў, і Менск, і Масква прысутнічаюць у маіх мадуляцыях, калі іх уважліва пачытаць. І вось тады сэрца хрысьціянскай Эўропы і ўсечалавецтва ў Хрысьце — яны неразрыўна пераліваюцца. І Купала, і Геніюш, і Бунін — усё ў паліфоніі гучыць.

— Мяне трохі зьдзівіла, што вы перастварылі па-беларуску паэму Ясеніна «Чорны чалавек». У кожнага свой чорны чалавек, але што трэба рабіць, каб аднойчы не пабачыць гэтага чалавека ў люстэрку, як ясенінскі лірычны герой?

— У ясенінскім Чорным чалавеку ўвасобіўся, можна сказаць, зямны лёс паэта. А лірычны герой перастворанага «Чорнага чалавека» — гэта ўжо адбітак лёсу нашчадка Адамавага, нават самога Адама. Перад ім узьнікаюць процьмы аголеных душаў, якія трапілі ў вечнасьць без Хрыста. І вось калі душа на мяжы аддзяленьня ад грэшнай плоці ўзіраецца ў люстэрка свайго сэрца, вось там і варушацца нераскаяныя грахі — ценямі Чорнага чалавека. «Самлеў месяц, сінее ў вокнах сьвітанак, / ноч жуды, сапраўды нейкі вэрхал, / а навокал рунее сьвятло без падманаў. / Я адзін і аскепкі люстэрка». Аскепкі люстэрка — гэта аскепкі грахоў. Ідэя гэтага перастварэньня — раскайся, і ўбачыш навокал, як рунее сьвятло Збаўцы нашага, Богачалавека.

— Нядаўна выйшла ў сьвет цэлая анталёгія вершаў, прысьвечаных Жыровічам і Слонімшчыне, якую склаў Сяргей Чыгрын. Я разумею, чым прыцягвае манастыр вернікаў, але чым прыцягальныя Жыровічы для паэтаў?

— Тым, што сама Багародзіца зьявілася беларусам на гэтай зямельцы, асьвяціла ўсе крынічкі, якія тут б’юць. Прысутнасьць Багародзіцы, якая зьяўляецца ігуменьняй Жыровіцкага манастыра, яе цудатворная ікона, якая ўжо больш за пяць стагодзьдзяў ацаляе і дапамагае ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах — вось што прыцягвае да Жыровічаў людзей з усіх краёў, блізкіх і далёкіх. І ўся Слонімшчына пад покрывам Багародзіцы. Таму сюды і не зарастае народная сьцежка.

— Вы сябра літаб’яднаньня «Крэсіва». Што яно зь сябе ўяўляе?

— Літаб’яднаньне «Крэсіва» нефармальнае, яно ня мае сваёй бюракратыі, справаводзтва. Дзе двое ці трое зьбіраюцца і славяць у вершах ці прозе Хрыста — там і літаб’яднаньне «Крэсіва». Вось мы з табой сёньня ў імя Хрыстова сумаўляемся — вось тут і літаб’яднаньне «Крэсіва». Сумоўі літаратурныя адбываюцца і ў Жыровіцкім аграпрамысловым каледжы, рэгулярна мяне туды запрашаюць на сустрэчы зь юным пакаленьнем беларусаў. Дарэчы, на сьцяне таго каледжа напісана: «Мая Радзіма — Беларусь». Юнакі, якія прыходзіць са школьнай лавы ў гэты каледж, вельмі мяне радуюць, яны заўжды ўважліва слухаюць беларускія хрысьціянскія вершы. Мне здаецца, яны разумеюць, што менавіта ад іх залежыць, ці будзе ў нас працяг у гісторыі, ці на другім-трэцім пакаленьні ўсё абарвецца. І калі я бачу, як гараць вочы ў гэтых юных беларусаў, вера ажывае ўва мне, зямныя пэсымістычныя меркі зьнікаюць, я бачу, што Гасподзь хоча, каб Беларусь мела працяг. Я бываю таксама на сустрэчах зь берасьцейскай і гарадзенскай унівэрсытэцкай моладзьдзю, са слонімскімі навучэнцамі, і я бачу, што юная Беларусь — жыве.

— На той, згаданай ужо, сустрэчы з журналістамі Лукашэнка паразважаў і пра Нацыянальны ўнівэрсытэт. Нібыта і патрэбен ён, але ці будзе туды конкурс... А на вашу думку, такі ўнівэрсытэт патрэбен?

Пытаньне стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту насьпела, і яго трэба з малітвай вырашаць — у сымфоніі дзяржавы і грамады.

— Калі будзе ўсебаковая падтрымка грамадзкасьці і дзяржавы, то стварэньне вышэйшай навучальнай установы, дзе ўсе прадметы выкладаліся б на беларускай мове, — гэта крок, які ўжо насьпеў. Але такі ўнівэрсытэт не павінен быць альтэрнатывай таму, што ўжо назапашана. Ён павінен узьнікнуць як у шматгалосай музычнай кампазыцыі новы голас і арганічна загучаць у сумоўі з тымі галасамі, якія ўжо гучалі. Пытаньне стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту насьпела, і яго трэба з малітвай вырашаць — у сымфоніі дзяржавы і грамады. У сымфоніі, а не выстаўляць той унівэрсытэт як альтэрнатыву. Я нядаўна напісаў верш, які мог бы стаць гімнам Нацыянальнага ўнівэрсытэту: «Маленькае сэрца Эўропы хрысьцьянскай / вялікай любоўю да Творцы жыве. / Адмеранай доляй, мужыцкай і панскай, / вякамі ратунак шукае ў царкве. / Жыві, Беларусь — кветка ў садзе Гасподнім, / сымфоніі Боскай адметны матыў. / Малітвай і працай, да веку нязводнай, / прымі ураджай нашых сэрцаў і ніў».

— Як вам адсюль, з Жыровічаў, бачыцца гістарычная сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага, што адбылася летась на Кубе?

Калі на вачах усяго сьвету сякуць галовы хрысьціянам, то гэтае беснаваньне без берагоў павінна быць рашуча спыненае.

— Сумоўе, якое было перарвана ажно на цэлую тысячу гадоў, нейкім рэзкім паваротам аднавіць немажліва. Рэзкі паварот і самалёт можа прывесьці да падзеньня. А тут — цэлыя тэктанічныя пліты тысячагадовай гісторыі! Хоць у рабочым парадку дыялёг цэркваў вядзецца ўжо не адзін дзясятак гадоў, і ён павінен працягвацца. Сустрэчу на Кубе, канешне, Гасподзь папусьціў. Бо калі на вачах усяго сьвету сякуць галовы хрысьціянам, то гэтае беснаваньне без берагоў павінна быць рашуча спыненае. Прычым ня толькі малітвай, але і рознымі зямнымі сродкамі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG