Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы ствараюць макет старога гораду. Інвэстар гатовы аднавіць частку будынкаў па іхнім праекце


Зьнішчаная забудова Замкавай вуліцы ў макетах гарадзенцаў
Зьнішчаная забудова Замкавай вуліцы ў макетах гарадзенцаў

Двое гарадзенцаў пачалі аднаўляць страчаныя дамы старадаўніх вуліц Горадні — Замкавай і Кляшторнай. Пакуль толькі ў макетах. Але першыя будынкі «як у XVIII стагодзьдзі» могуць тут зьявіцца і ўжывую — дзякуючы інвэстару, які гатовы рэалізаваць напрацоўкі актывістаў.

Адбудаваць каля 20 зьнішчаных камяніц

Праектам аднаўленьня страчанай спадчыны займаюцца гісторык Мечыслаў Супрон і інжынэр Сяргей Шчукін. Яны плянуюць стварыць лічбавыя макеты каля 20 зьнішчаных камяніц, што месьціліся ў самым цэнтры Горадні, непадалёк ад Савецкай плошчы. Карыстаюцца яны кампутарнымі праграмамі AutoCAD, Photoshop. Хлопцы хочуць, каб гэты квартал паступова адбудавалі ў старадаўнім выглядзе.

Першыя макеты Замкавай вуліцы
Першыя макеты Замкавай вуліцы

«Мы ўзялі ініцыятыву ў свае рукі, бо інвэстары, якія хапаюць участкі ў цэнтры гораду, не цікавяцца, якія ёсьць альтэрнатывы, што тут можна пабудаваць, а проста сунуць свае састарэлыя, „калгасныя“ праекты», — кажа Мечыслаў Супрон.

Мечыслаў Супрон тлумачыць, што добра цяміць у архітэктуры, бо цікавіцца гэтай сфэрай, адсочвае новыя трэнды, часта бывае за мяжой і параўноўвае.

«Там бачна, што людзі думаюць, што яны будуюць. У нас усё робіцца, каб зрабіць праект максымальна танным. Таму выбіраюць кампактныя аб’ёмы, самыя танныя матэрыялы — пенаблёкі, шклавату, жоўтую фарбу», — мяркуе гісторык.

Замест трохпавярховіка з мансардай — старадаўняя забудова

Першы плён з макетаў ужо ёсьць. Інвэстар вырашыў аднавіць комплекс з трох камяніцаў Замкавай вуліцы, змакетаваных хлопцамі.

Літоўская кампанія «ДТ-групп» набыла пляц на Замкавай вуліцы на аўкцыёне ў 2017 годзе. Першапачаткова, згодна з генплянам, ён прызначаўся пад пабудову адміністратыўна-гандлёвага трохпавярховага будынка з мансардай. Аднак горадзенскія гісторыкі абурыліся, даведаўшыся, што за некалькі крокаў ад Савецкай плошчы можа зьявіцца шматпавярховік-навабуд, паведаміла Hrodna.life.

Фіялетавым пазначаныя будынкі, якія могуць зьявіцца на выкупленым участку
Фіялетавым пазначаныя будынкі, якія могуць зьявіцца на выкупленым участку

Альтэрнатыва, якую прапаноўвалі абаронцы спадчыны, — каб інвэстар аднавіў тыя будынкі, якія стаялі тут да зьнішчэньня. Яны належалі князям Масальскім і здаваліся ў арэнду. Арандатары трымалі там свае шынкі. Мяркуецца, што і сучасны забудоўшчык створыць у новым комплексе месца грамадзкага харчаваньня. Ён ужо трымае ў горадзе сетку піцэрый.

На пачатку году інвэстар паказаў эскізы новых будынкаў. Яны падобныя да старадаўняй забудовы.

Мечыслаў Супрон убачыў у гэтым праекце некалькі памылак і даслаў уласьнікам заўвагі, якія тыя абяцаліся ўлічыць.

Вярнуць гістарычную структуру вуліц і архітэктурныя помнікі

Ідэю аднавіць увесь цэнтар Горадні такім, якім ён быў некалькі стагодзьдзяў таму, ня раз выказвалі і іншыя горадзенскія гісторыкі. Так робяць у заходнеэўрапейскіх краінах.

Па словах Супрона, на Захадзе ёсьць два падыходы да будаўніцтва ў гістарычным цэнтры. Першы — гэта рэгенэрацыя, калі камісіі вырашаюць, што дзе пабудаваць, каб яно максымальна ўпісвалася ў існуючую архітэктуру. Другі — аднаўленьне страчанай гістарычнай забудовы.

«Мяркую, што гэты падыход найбольш прымальны, бо так горад вяртае сваю гістарычную структуру, значныя архітэктурныя помнікі, якія былі зьнішчаныя падчас усясьветных войнаў», — кажа Супрон.

Так выглядала забудова квартала да разбурэньня. Фота Hrodna.Life
Так выглядала забудова квартала да разбурэньня. Фота Hrodna.Life
Страчаная забудова, якую хочуць аднавіць
Страчаная забудова, якую хочуць аднавіць

Кляшторная вуліца сёньня цалкам страчаная, Замкавая часткова захавалася. Яны каштоўныя тым, што ўтварыліся ў дамагдэбурскі час (да XIV стагодзьдзя). Пра гэта сьведчыць іхняя С-падобная форма, бо яны фармаваліся вакол абарончых збудаваньняў, якія там існавалі ў Сярэднявеччы. З прыняцьцем Магдэбурскага права пачалі будаваць прамыя вуліцы.

Вяртаньне Кляшторнай вуліцы адновіць вулічную сетку, характэрную для сярэднявечнага гораду. Адзін з самых каштоўных для гораду будынкаў стаяў на рагу Рынку (цяперашняй Савецкай плошчы) і Замкавай вуліцы. Тут, як лічыць шэраг гісторыкаў, быў пабудаваны каралеўскі палац («батораўка»), дзе адбылося анатамаваньне караля Стэфана Баторыя, першае вядомае на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы. Цяпер на гэтым месцы стаіць палац Тэкстыльшчыкаў.

Макеты навукова абгрунтаваныя

Макеты будынкаў у праекце актывістаў навукова абгрунтаваныя. Яны абапіраюцца на шматлікія фоатаздымкі гэтай забудовы, якія зьбіралі некалькі гадоў, архіўныя пляны, у тым ліку досыць дакладны плян 1938 году, інвэнтарнае апісаньне Замкавай вуліцы XVIII стагодзьдзя пасьля пажару. Мечыслаў Супрон год шукаў патрэбную інфармацыю ў горадзенскім архіве.

Дом рыбака — адзін з трох, які адновіць інвэстар — на фатаздымку сярэдзіны XX стагодзьдзя
Дом рыбака — адзін з трох, які адновіць інвэстар — на фатаздымку сярэдзіны XX стагодзьдзя

Фрагмэнт страчанай забудовы Замкавай вуліцы, наперадзе бачны Фарны касьцёл
Фрагмэнт страчанай забудовы Замкавай вуліцы, наперадзе бачны Фарны касьцёл

«Нам можна верыць, бо мы апантаныя хлопцы, мы жывем гэтай ідэяй (аднаўленьня спадчыны)», — запэўнівае Мечыслаў.

Зьбіраюць сродкі на архіўныя дакумэнты і аплату працы

Хлопцы плянуюць скончыць праект цягам 1–2 месяцаў. Яны працягваюць зьбіраць сродкі на яго рэалізацыю. Фундатары ўжо ахвяравалі 500 рублёў. Грошы пойдуць на аплату дакумэнтаў, замоўленых з архіву, а таксама стануць кампэнсацыяй за высілкі актывістаў.

«Гэта мінімальная кампэнсацыя. Насамрэч гэтая праца каштавала б у дзясяткі разоў болей. Мы гэта робім па-валянтэрску», — кажа аўтар праекту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG