Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пілёт Машэрава: «Падчас эвакуацыі ў Татарстане я бачыў Крыж Эўфрасіньні Полацкай»


Эдуард Сташкевіч

«Чаго там толькі не было: абразы, паясы, ланцужкі, каралі. З краю — вялікі крыж, усыпаны каштоўнымі камянямі, прыгожа інкруставаны», — менскі пэнсіянэр не сумняваецца, што ў 1942 годзе бачыў у Расеі Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Эдуард Сташкевіч — карэнны мянчук, яму 87 гадоў. У 1960-1970-х працаваў у авіяатрадзе, які абслугоўваў чальцоў ураду, быў пілётам тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава.

Скарбы на гарышчы

Сташкевічы перад вайной: маці з дачкой Сьветай (сядзяць), Эдуард (стаіць зьлева), Жора (стаіць справа), малодшая сястра маці (стаіць у цэнтры)
Сташкевічы перад вайной: маці з дачкой Сьветай (сядзяць), Эдуард (стаіць зьлева), Жора (стаіць справа), малодшая сястра маці (стаіць у цэнтры)

Незадоўга да пачатку Другой сусьветнай вайны ягонага бацьку, вайсковага мэдыка, перавялі служыць у Латвію — у горад Крустпілс на правым беразе Даўгавы. Там 22 чэрвеня 1941 году сям’ю засьпела вайна. Бамбаваньні нямецкай авіяцыі станавіліся ўсё мацнейшымі, заставацца было небясьпечна.

Ужо на наступны дзень вайны Рыгор Сташкевіч адвёз жонку з траімі дзецьмі (васьмі- і сямігадовыя Эдзік і Жора і трохгадовая Сьвятланка) на перапоўнены вакзал. Цудам яму ўдалося ўціснуць родных у таварны вагон — надта шмат было ахвотных уратавацца ад вайны. Так пачалася эвакуацыя, якая расьцягнулася на доўгія гады. Гэта быў апошні раз, калі яны бачылі мужа і бацьку: у тым жа годзе ён прапаў бязь вестак у баях пад Масквой, ніякай інфармацыі здабыць не ўдалося да сёньня.

Пад абстрэламі і пры адсутнасьці самага неабходнага пасажыры «таварняка» рушылі ў бок Масквы, адтуль па Ацэ, Волзе, Каме дабраліся да Чыстапаля Татарскай АССР, за 100 кілямэтраў ад Казані. Спачатку ўцекачоў пасялілі ў школе, потым іх прытуліла сям’я старавераў.

Вайсковы лекар Рыгор Сташкевіч
Вайсковы лекар Рыгор Сташкевіч

Калі маці ўладкавалася на суднарамонтны завод, перавезены з-пад Магілёва на Дняпры, далі пакойчык на дзьве сям’і побач з домам культуры. Тут летам 1942 году і здарылася гісторыя, якой суразмоўца ўпершыню вырашыў падзяліцца публічна.

«На кожную сям’ю ў двары быў хляўчук з аднасхільным дахам: асобныя дзьверы, унутры драўляныя перагародкі (падобныя катухі памятаю і ў Менску). Там захоўвалі інструмэнт, дровы — з мамай пілавалі, секлі. Зьверху было невялічкае гарышча. Мы з Жорам неяк залезьлі наверх, там ляжала сена. А хляўчук стары, увесь прасьвечваецца ад дзірак. Падурэлі крыху, брат заўважыў, што адна штыкеціна незамацаваная, лёгка пасунуў яе ў бок. Кажа, давай паглядзім, што там. І пералезьлі на суседзкі адсек».

Там адна на адной стаялі дзьве драўляныя скрыні зялёнага колеру — звычайна ў такіх вайскоўцы захоўваюць і перавозяць снарады ды іншую зброю. Даўжыня пад 2 мэтры, шырыня блізу 80 сантымэтраў. Адамкнулі зашчапкі, адкінулі века. І аслупянелі.

«Эдзік, глядзі, гэта ж скарб!» — закрычаў Жора. І сапраўды, колькі там усяго было — абразы, паясы, крыжыкі, ланцужкі, каралі. Адчуваньне, што зьбіралі ў сьпешцы: не акуратна складзена, а неахайна накідана. З краю — вялікі крыж, усыпаны каштоўнымі камянямі. Брат яго падхапіў, той аж зайграў на сонцы. Ня ведаю, зь якога канкрэтна мэталу, але запомнілася, што незвычайнай формы, вельмі прыгожа інкруставаны. Шчыра кажучы, мы напалохаліся: зачынілі века, зьлезьлі з гарышча і пакляліся нікому нічога не расказваць. Нават маме не прызналіся».

Наўпроставы лінк

Галоўная сьвятыня

Крыж Эўфрасіньні Полацкай
Крыж Эўфрасіньні Полацкай

На просьбу апісаць крыж, Эдуард Рыгоравіч кажа, што меў ён 60-80 сантымэтраў. Зноў паўтараецца, што ўвесь быў усыпаны прыгожымі камянямі. У дзіцячай галаве ніякіх асацыяцый тады ня ўзьнікла — пра рэліквію проста ня ведалі, у школе не расказвалі. Толькі калі праз паўстагодзьдзя зьявіліся публікацыі пра страчаны Крыж Эўфрасіньні Полацкай, пачаў супастаўляць факты.

«Адразу падумалі, што нехта аднекуль скраў, мо з царквы, і ня дай Божа пабачыць, што мы тайнік раскрылі — бандытызм навокал быў махровы. Гэта і маладыя людзі, якія ўцяклі з фронту, і былыя „акружэнцы“, і проста „уркі“ — усе хочуць есьці. Таму кралі, рабавалі. На рынак пойдзеш — страляніна, міліцыя за кімсьці гоніцца, густа і часта. А калі ў 1944 годзе наша эвакуацыя завяршалася і мы зазьбіраліся дадому, пра тыя скарбы з братам ужо і не ўспаміналі. Толькі за перабудовай прачытаў у нейкай кнізе, што крыж вывезьлі зь Беларусі і далей ягоныя сьляды губляюцца».

Эўфрасіньня Полацкая — князёўна паходжаньнем, дачка Ўсяслава Чарадзея, асьветніца і першая жанчына, кананізаваная ў сьвятыя.

Помнік Эўфрасіньні Полацкай у Полацку
Помнік Эўфрасіньні Полацкай у Полацку

У 1161 годзе на яе замову ювэлір Лазар Богша вырабіў крыж з кіпарысавага дрэва, пакрыты золатам і срэбрам, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і выявамі лікаў сьвятых. Вось ужо амаль тысячу гадоў рэліквія лічыцца ці не галоўнай духоўнай сьвятыняй Беларусі.

Нягледзячы на запаветны надпіс на тарцах, які забараняў выносіць крыж з манастыра, ён неаднаразова трапляў да іншаземцаў, якія шлі з войнамі празь беларускія землі. Але рознымі спосабамі яго ўдавалася вярнуць.

Пасьля бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе крыж рэквізавалі разам зь іншымі дарагімі прадметамі культу і перадалі на захоўваньне ў полацкі фінаддзел. Яшчэ праз 10 гадоў яго перавезьлі ў краязнаўчы музэй Магілёва, дзе ён заставаўся да самай вайны. А летам 1941-га ў ліку тысяч памятак даўніны бясьсьледна зьнік падчас эвакуацыі.

Страчаная аўтэнтыка

Ці мог крыж разам зь іншымі рэліквіямі трапіць сьледам за беларускімі ўцекачамі ў Татарстан? Прынамсі Эдуард Сташкевіч ня лічыць гэта фантастыкай — з таго ж Магілёва ў Чыстапаль перавезьлі цэлы суднарамонтны завод, з работнікамі якога яны ў 1944 годзе вярталіся ў Беларусь.

Эдуард Сташкевіч (у цэнтры) з паваеннымі сябрамі
Эдуард Сташкевіч (у цэнтры) з паваеннымі сябрамі

«Я калі ў дарослым узросьце пабачыў выявы ў кнігах, нават не сумняваўся: гэта менавіта той крыж, які бачыў у дзяцінстве. Я і Жора — на жаль, брата ня стала ў 1993 годзе, так пацьвердзіў бы. Яшчэ, мабыць, перабудова была, расказвалі ў перадачы: калі немцы падыходзілі, усё стараліся вывезьці — нават прадпрыемствы, ня толькі каштоўнасьці. Згадвалі дырэктара магілёўскага музэю, у абавязак якога ўваходзіла эвакуацыя экспазыцыі. Але ні пра крыж, ні пра іншыя рарытэты ніякіх зьвестак. Адны кажуць, што перахапілі немцы, а я думаю, што ўсё ж трэба шукаць у Расеі...»

З архіўных матэрыялаў вынікае, што дырэктар краязнаўчага музэю Магілёва Іван Мігулін, нягледзячы на страту рукі ў Першую сусьветную, запісаўся ў апалчэнцы, базаваўся ў прыгарадзе, у горад вярнуўся ў апошнія дні чэрвеня 1941-га. У будынак абкаму, дзе захоўваліся каштоўнасьці, чэкісты яго нібыта не пусьцілі, сказаўшы, што ўсе эвакуяваліся разам з музэйным дабром. Тады і ён сеў зь сям’ёй у цягнік і паехаў у глыбокі тыл у Расею.

Пасьля вызваленьня Беларусі Мігулін вярнуўся і нават заняў ранейшую пасаду. Але так і не патлумачыў (пражыў да 1995 году), куды падзеліся каштоўнасьці з пакоя-сэйфа? Сховішча аказалася пустым, але спробы сьпісаць усё на немцаў, якія быццам перапрадалі рэліквіі амэрыканцам, выглядаюць непераканаўча. І чаму дырэктар, маючы неверагодныя матэрыяльныя страты, абышоўся толькі вымовай?

Эдуард Сташкевіч падчас працы ва ўрадавым лётным атрадзе
Эдуард Сташкевіч падчас працы ва ўрадавым лётным атрадзе

Ёсьць зьвесткі, што ў 1947 годзе чэкісты дапыталі кіраўніка музэйнай установы. Тады ён налічыў пад сотню рэліквій на чале з крыжом Эўфрасіньні, якія таямніча зьніклі. Але ўжо падчас другога візыту да сьледчых першапачатковы сьпіс дзіўным чынам скараціўся да 25 найменьняў.

Дасьледчыкі лічаць, што паступіў загад з Масквы не «пэдаляваць сытуацыю». На карысьць расейскага сьледу сьведчыць у тым ліку загад Сталіна, які вызваляў ад адказнасьці за захады дзеля «недапушчэньня пакіданьня каштоўнасьцяў ворагу». А пад гэта можна было сьпісаць з рахункаў што заўгодна.

Асьвечаная копія

Цікаўлюся ў Эдуарда Рыгоравіча Сташкевіча: чаму, зь яго гледзішча, скарбы апынуліся ў расейскай глыбінцы без аховы, на нейкім закінутым гарышчы, а не былі зьмешчаныя ў музэйныя фонды?

«Ну хто там думаў пра нейкія музэі? Чыстапаль — заштатны гарадок. Хоць ваенных дзеяньняў там не было, але нястача, голад, хадзілі босыя і паўголыя. А што да скарбаў, то мы туды больш ня лазілі. Страшна было! Ніхто да трох тады не лічыў, адкруцілі б галовы і ўсё. Можа, і дырэктар магілёўскага музэю дзесьці сярод нас жыў, хто ведае? Мы ж яго ў твар усё роўна не прызналі б. Дык гэта, паўтаруся, толькі адну скрыню адчынілі, а што ў другой было, толькі гадаць можна. А што бачылі з братам менавіта Крыж Эўфрасьньні, гатовы ісьці ў заклад...»

На пачатку 1990-х было прынята рашэньне аб аднаўленьні крыжа Эўфрасіньні Полацкай, праект фінансавала дзяржава. У 1997 годзе брэсцкі ювэлір Мікалай Кузьміч завяршыў шматгадовую працу, у працэсе давялося асвоіць старажытную тэхніку нанясеньня эмаляў. Праца вялася пад патранатам мітрапаліта Філарэта, які прывёз зь Ерусаліму сьвятыні.

Шмат было потым спрэчак аб статусе адноўленага крыжа: копія гэта ці ўсё ж новая рэліквія? Мітрапаліт Філарэт прапанаваў такую фармулёўку: крыж, створаны «па вобразе і падабенстве Крыжа Эўфрасіньні Полацкай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG