Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь усё яшчэ шукае Крыж Эўфрасіньні Полацкай, але цяпер без КДБ. Сьляды вядуць у Расею


Фрагмэнт крыжа Эўфрасіньні Полацкай

У час круглага сталу, што зладзіла дзяржаўная газэта «Рэспубліка» на тэму абноўленага складу дзяржаўнай Камісіі ў выяўленьні і вяртаньні культурных каштоўнасьцяў, чыноўнікі заявілі, што пошукі адной з самых значных беларускіх рэліквіяў — Крыжа Эўфрасіньні Полацкай — ідуць пастаянна «з большай ці меншай актыўнасьцю».

У мінулым складзе камісіі былі нават прадстаўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, якія ў тым ліку мэтанакіравана займаліся пошукамі крыжа. Цяпер іх няма, але, як заявіў намесьнік міністра культуры Аляксандар Яцко, «ёсьць энтузіясты гэтай справы».

Крыж Эўфрасіньні Полацкай
Крыж Эўфрасіньні Полацкай

«Мо і добра, што мы яго яшчэ не знайшлі, — казаў Яцко пра крыж. — Затое ёсьць мара, імкненьне, якія рухаюць нас наперад і дазваляюць знаходзіць у тым ліку і іншыя рарытэты. Але я лічу, што ёсьць добрая копія крыжа, якая захоўваецца ў полацкім Спаса-Эўфрасіньнеўскім жаночым манастыры».

Копія крыжа была зробленая майстрам Мікалаем Кузьмічом і асьвячоная Беларускай праваслаўнай царквой у 1997 годзе.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіву Дзьмітры Яцэвіч дадаў да слоў Яцко, што «цуды здараюцца»: так, у 2003 годзе знайшлося рукапіснае Слуцкае Эвангельле XVI стагодзьдзя, а яго доўгія гады лічылі страчаным. Таму ёсьць і надзея, што некалі знойдзецца Крыж Эўфрасіньні Полацкай, кажа Яцэвіч.

Мастацтвазнаўца і аўтар праекту «Спадчына Беларусі» Алег Лукашэвіч жа заявіў, што сьляды зьнікненьня крыжа «вядуць у Расею». Ён распавёў, як у час працы над фільмам пра Эўфрасіньню Полацкую дасьледчыкі езьдзілі ў Санкт-Пецярбург, дзе ў Інстытуце матэрыяльнай культуры расейскай Акадэміі навук разглядалі шкляныя пласьціны з дэталёвымі выявамі крыжа — адзінае на сёньня «фота» сьвятыні. Але дата гэтага «фота» пад пытаньнем:

«Я думаю, усё ж гэта 1910-ы, калі былі перанесеныя мошчы Эўфрасіньні з Кіева-Пячэрскай ляўры ў Полацак, — разважае пра пласьціны Лукашэвіч. — Тады была фотафіксацыя ўсёй гэтай працэсіі, у тым ліку манастырскага комплексу і кельлі Эўфрасіньні Полацкай са зьмешчаным там крыжам. На фотаздымках мы бачым пашкоджаньні, на той момант ужо адсутнічалі ўсе дробныя камяні, таксама невядома, ці былі яны каштоўнымі або паўкаштоўнымі.

Паводле апісаньня Вацлава Ластоўскага, які вывучаў крыж у 1920-я гады, было згублена некалькі пласьцін. Дзіўная рэч, але тады ніхто не зрабіў фотафіксацыі. Адсюль пытаньне: у якім стане гэты крыж і чаму яго нам не паказваюць? Можа, ён сапраўды знаходзіцца ў Расеі ў Сергіевым Пасадзе? Магчыма, ён у дрэнным стане? Ці наадварот, у выдатным? А можа быць, ён і ня там? Бо ёсьць вэрсія, што Ластоўскі вывучаў не арыгінал, а копію. Тут шмат пытаньняў».

Крыж Эўфрасіньні Полацкай знаходзіцца пад Масквой?

Гісторык Сяргей Тарасаў годам раней распавядаў, што, на ягоную думку, Крыж Эўфрасіньні Полацкай цэлы і знаходзіцца ў падмаскоўным Сергіевым Пасадзе, у Троіца-Сергіевай ляўры. Крыж зьнік з прыфрантавога Магілёва 76 гадоў таму. Меркавана, ён ці быў зьвезены немцамі, ці вывозіўся ў расейскім напрамку разам з архівам ЦК КПБ. Але нямецкую вэрсію Тарасаў лічыць малаверагоднай, бо немцы складалі свае вопісы, а крыж нідзе ў дакумэнтах не значыўся. А ў Расеі, паводле зьвестак Тарасава, крыж бачылі некаторыя беларусы, у тым ліку афіцыйныя асобы.

Тарасаў заяўляе, што ў сучаснай копіі арыгінальныя памеры Крыжа Эўфрасіньні Полацкай былі парушаныя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG