Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 нумароў часопіса «Дзеяслоў». «Супраціў нам быў моцны», — Барыс Пятровіч


Галоўны рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч з 100-м нумарам часопіса

Выйшаў 100-ы нумар незалежнага часопіса «Дзеяслоў». Ён зьявіўся ў Беларусі ў верасьні 2002-га. Сёньня гэта самае аўтарытэтнае літаратурна-мастацкае выданьне краіны. Вакол «Дзеяслова» абʼядналіся і самыя вядомыя айчынныя пісьменьнікі, і самыя пэрспэктыўныя маладыя аўтары.

З нагоды выхаду юбілейнага нумару «Дзеяслова» Свабода пагутарыла зь ягоным заснавальнікам і нязьменным галоўным рэдактарам Барысам Пятровічам.

Пра выклік уладзе

— Давайце вернемся ў каламутны для беларускага літаратурнага працэсу 2002 год, калі дзяржава надумала кантраляваць беларускіх пісьменьнікаў. Тады ўсе літаратурныя выданьні ўлада забрала ў Саюзу пісьменьнікаў і стварыла зь іх дзяржаўны холдынг. Нязгодныя з гэтым супрацоўнікі рэдакцый на знак пратэсту пазвальняліся. У іх ліку быў і намесьнік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» Барыс Пятровіч. Што дало вам тады рашучасьці зрабіць гэты выклік уладзе і заснаваць незалежны часопіс?

— Я пачынаў працаваць як журналіст яшчэ да перабудовы і напоўніцу зьведаў усю моц савецкай цэнзуры, а потым паспытаў вольніцу 90-х гадоў.

Калі ў пачатку 2000-х дзяржаве зноў закарцела кіраваць пісьменьніцкімі літаратурнымі выданьнямі, адразу было зразумела, зь якой мэтай гэта робіцца. Мне дужа не хацелася вяртацца назад у мінулае, і таму вырашыў пайсьці з «Полымя», хоць і вельмі падабалася там працаваць, бо калектыў галоўны рэдактар Сяргей Іванавіч Законьнікаў сабраў проста цудоўны. Калі стваралі холдынг, звальнялі найперш галоўных рэдактараў усіх выданьняў, супрацоўнікі ж маглі застацца, але сыходзілі на знак салідарнасьці зь імі. Мяне ўпрошвалі застацца і новы рэдактар «Полымя», і кіраўніца ўтворанага холдынгу, але я цьвёрда вырашыў звольніцца...

Тады і нарадзілася ідэя стварыць на месцы забраных — незалежныя літаратурныя выданьні. Першая размова пра гэта зь Сяргеем Дубаўцом і Алесем Бяляцкім адбылася, як цяпер памятаю, на прыступках менскага Палаца мастацтваў у дзень разьвітаньня зь Ігарам Герменчуком, які выдаваў часопіс «Курʼер». Яны падтрымалі мяне.

Прэзэнтацыя першага нумара «Дзеяслоў». Эдуард Акулін, Сяргей Рублеўскі, Міхась Скобла, Барыс Пятровіч, Франц Сіўко. Фота з архіву часопіса «Дзеяслоў»
Прэзэнтацыя першага нумара «Дзеяслоў». Эдуард Акулін, Сяргей Рублеўскі, Міхась Скобла, Барыс Пятровіч, Франц Сіўко. Фота з архіву часопіса «Дзеяслоў»

Праца пачыналася з абсалютнага нуля. Адзінае, што было, гэта кампутар у мяне дома ды вялізнае жаданьне даказаць, што мы здольныя нешта зрабіць, здольныя супрацьстаяць дзяржаўнай машыне. Літаральна за два зь нечым месяцы першы нумар быў сабраны, зьвярстаны, надрукаваны і 23 верасьня 2002 году прэзэнтаваны перад пачаткам нечарговага зьезду адзінага тады Саюзу пісьменьнікаў. У пэўным сэнсе менавіта гэта дапамагло перамагчы на тым зьезьдзе маладзейшаму пакаленьню літаратараў, і кіраўніком СБП стаў трыццацігадовы Алесь Пашкевіч — адзін зь «дзеяслоўцаў».

— У прадмове да новай кнігі «Ідзі адзін», якую склалі запісы і творы аднаго месяца 1993 году, вы напісалі: «Менавіта тады, у бальнічным ложку, я і зразумеў, што адзін на гэтым сьвеце, і мне няма на каго спадзявацца, апроч самога сябе. Тады і зьявіўся той жыцьцёвы дэвіз: „Ідзі адзін! Без сумненьняў і надзей — так будзе лягчэй...“» Між гэтым дэвізам і задумай часопіса — 9 гадоў. На такія справы, як выданьне тоўстага літаратурнага пэрыёдыка, адзін ня вырушыш. Што зьмянілася? Дэвіз? Вы? Сытуацыя? Мары? Творчыя амбіцыі?

— Я там пісаў, што на нейкі час забыўся пра гэты дэвіз. Бо праца ў газэце, часопісе — усё ж справа калектыўная, у адрозьненьне ад працы пісьменьніцкай. А зьмянілася тады элемэнтарнае: з прыходам кампутарнай эры ды інтэрнэту неабходнасьць у вялікай рэдакцыі адпала. Калі раней, каб выдаваць часопіс, трэба было мець немалы калектыў — у «Полымі», да прыкладу, працавала каля 20 чалавек, — то ўжо на пачатку двухтысячных можна было рабіць яго практычна аднаму. Замаўляць і зьбіраць тэксты, калі трэба — набіраць іх, рэдагаваць, вярстаць — усё гэта я рабіў. Але без карэктара, без так званага «сьвежага вока» — і ў кампутарную эру не абысьціся. Дапамагаў Эдуард Акулін. Ён жа займаўся таксама распаўсюдам — разам мы абʼезьдзілі ўсю Беларусь, ладзячы сустрэчы з чытачамі, дзе і прэзэнтаваўся часопіс.

Потым, калі зьявілася паштовая падпіска, стала лягчэй... Але калектыў у нас заўсёды быў невялікі. Сёньня ў рэдакцыі працуюць Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка і Андрэй Федарэнка. Ну, і зь першых дзён разам з намі мастак Генадзь Мацур, які робіць вокладку.

Барыс Пятровіч і Анатоль Івашчанка ў рэдакцыі
Барыс Пятровіч і Анатоль Івашчанка ў рэдакцыі

— Ці можаце сёньня ўжо назваць імёны самых адданых тагачасных памочнікаў, спрыяльнікаў, фундатараў і самых зацятых нядобразычліўцаў ці нават ворагаў нараджэньня «Дзеяслова»?

— Ну, памочнікаў ды спрыяльнікаў я ўжо назваў. Алесь Бяляцкі пры падрыхтоўцы першага нумару дамовіўся з друкарняй, каб аддрукавалі часопіс у крэдыт, і паабяцаў матэрыяльную дапамогу, калі спатрэбіцца. На шчасьце, яна не спатрэбілася. Першы нумар разышоўся імгненна і цалкам акупіўся — хапіла грошай, каб разьлічыцца з друкарняй, і засталося яшчэ і на другі нумар. Праўда, надалей грошай хапала толькі на друк, і нам усім даводзілася працаваць яшчэ дзе-небудзь, каб зарабіць на сябе і свае семʼі.

Як і ў любой справе, хапала і тых, хто спрабаваў перашкодзіць выхаду часопіса. Супраціў быў моцны. Скажам, зарэгістраваць «Дзеяслоў» у Міністэрстве інфармацыі ўдалося толькі з чацьвёртае спробы. Кожны раз былі дробныя прычэпкі, і дакумэнты вярталіся. Былі і застаюцца праблемы з распаўсюдам. Пасьля публікацыі ў сёмым нумары аповесьці Васіля Быкава «Аўганец» было забаронена прадаваць часопіс празь дзяржаўныя кнігарні і «Саюздрук».

Забарона гэтая застаецца і па сёньня. Як і негалосная забарона выпісваць часопіс бібліятэкам... Але, не зважаючы на ўсё гэта, часопіс выходзіў рэгулярна, раз на два месяцы, як і было паабяцана напачатку чытачам.

Пра дзеясловіцу

— Так, не зважаючы ні на што, вы выгадавалі сваё дзіцятка. Яму ўжо 17 гадоў. Ці ўсё ўдалося зрабіць так, як уяўлялася ў 2002-м?

— Напачатку меркавалася, што на месцы «прыхватызаваных» дзяржавай зьявяцца два часопісы — адзін для старэйшых літаратараў, другі для маладзейшых, ну, гэткія своеасаблівыя «Полымя» — і «Маладосьць» ці «Крыніца». Я думаў рабіць часопіс больш сучасны, экспэрымэнтальны ў многім, а Сяргей Іванавіч Законьнікаў — традыцыйны. Аднак у яго не атрымалася з розных прычынаў. І калі стала зразумела, што «Дзеяслоў» будзе адзіным і трэба браць пад крыло ня толькі маладзейшых, але і старэйшых літаратараў, тады і акрэсьліўся часопіс такі, якім мы яго і маем.

Побач з жывымі клясыкамі друкуюцца абсалютныя дэбютанты, традыцыйныя тэксты зьмяшчаюцца разам з экспэрымэнтальнымі. Да таго ж знаходзіцца месца крытыцы, літаратуразнаўству, артыкулам пра мастацтва, тэатар, кіно... І, як бачыце, ужываюцца яны між сабой, ня рэжуць вока, не адпрэчваюць адно аднога, а робяць літаратурны працэс больш жывым, цікавым і паўнакроўным.

— Ад верасьня 2002 да канца 2009 году часопіс выходзіў правапісам, вядомым пад назвай «дзеясловіца». Гэта ваш варыянт клясычнага правапісу. Навошта вы яго прыдумалі і чаму ад яго адмовіліся?

— Правапісам, які потым атрымаў назву «дзеясловіца», я сам пісаў з канца васьмідзясятых. Менавіта ён выкарыстоўваецца ў тэкстах кнігі «Ідзі адзін», якія пісаліся ў 1993 годзе. Пазьней я скарыстаў яго, калі рэдагаваў газэту Праваабарончага цэнтру «Вясна» «Права на Волю».

Чаму? Мне падавалася важным вярнуць у наш правапіс рэпрэсаваны ў трыццатыя гады мяккі знак, каб вярнуць мяккасьць мове. Бо дыктары радыё і тэлевізіі, а за імі настаўнікі ды вучні пачалі вымаўляць цьвёрда, груба — «снег», а ня «сьнег», «свет», а ня «сьвет». Што ж тычылася вяртаньня «тарашкевіцы» ў цэлым, на якой друкавалася дубаўцоўская «Наша Ніва», то мне думалася, што час яе яшчэ не прыйшоў, бо яшчэ больш нязвыклымі нашаму вуху былі ўсе тыя «клясы» ды «глёбусы».

На дзіва, «дзеясловіцу» прынялі адразу і амаль усе, нават старэйшыя, тыя, хто быў катэгарычна супраць нейкіх новаўвядзеньняў і тым больш «тарашкевіцы». Вельмі шкада, што ад «дзеясловіцы» як нейкага пераходнага варыянту давялося адмовіцца, каб захаваць часопіс, калі ўласна правапіс на дзяржаўным узроўні быў «унармаваны» і стаў абавязковым.

Пра нагоду закрыць часопіс

— Хто з мэтраў і маладых пісьменьнікаў ашчасьлівіў чытачоў сотага нумару?

— Мы доўга разважалі, якім быць сотаму нумару. Было некалькі цікавых ідэяў. Урэшце спыніліся на тым, што варта надрукаваць новыя тэксты тых аўтараў, якія былі ў першым нумары. Такім чынам, у сотым нумары, як і ў першым, ёсьць Алесь Разанаў, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Сяргей Дубавец, Андрэй Федарэнка, Леанід Галубовіч...

Словам, усе, хто быў і ў першым нумары, ну, апроч хіба тых, каго ўжо няма побач з намі — Ніла Гілевіча, Янкі Брыля, Алеся Пісьмянкова... Але ў рубрыцы «Спадчына» ёсьць творы Алеся Асташонка і Анатоля Кудраўца.

— Пра што марыце, трымаючы ў руках юбілейны «Дзеяслоў»?

— Ведаеце, соты нумар падаваўся мне цудоўнай і вельмі сымбалічнай нагодай скончыць на гэтым выпуск часопіса. Шкадую вось, што паддаўся на ўгаворы і даў згоду рыхтаваць сто першы нумар.

З кожным годам, ды нават з кожным нумарам, усё цяжэй рабіць часопіс, і ня ведаю нават, колькі яшчэ ён праіснуе. Ня толькі таму, што дадаецца праблем, але і таму, што, падобна, эра папяровых выданьняў сыходзіць у мінулае ва ўсім сьвеце...

Хацелася б, вядома, перадаць гэтую справу ў рукі маладых, каб працягвалі. Бо 17 гадоў для мяне прайшло практычна без адпачынку. Бо каб захаваць пэрыядычнасьць, строга прытрымлівацца графіку, трэба было нечым ахвяраваць... Гэтае слова «трэба» для мяне па жыцьці важнейшае, чым «не хачу» ці нават «не магу». А таму даводзілася «наступаць на горла» ўласным марам ды надзеям. І раней, і цяпер. Што ж, калі трэба і пакуль трэба — «Дзеяслоў» будзе выходзіць.

Пра непісьменную моладзь

— 17 гадоў выхаду «Дзеяслова» — час, калі вырасла новае пакаленьне творцаў. А ці вырасла за гэты час новая беларуская літаратура, адрозная ад той, зь якой вы фармавалі першыя нумары?

— Ну, гэта пытаньне хутчэй не да мяне, а да тых, хто назірае за гэтым працэсам не знутры, як я, а збоку. Гэта пытаньне да крытыкаў найперш, ім відней... Мы проста стараліся друкаваць усё лепшае, што зьяўлялася ў нашай літаратуры.

Калі ж казаць пра ідэю сотага нумару, то, зьвяртаючыся да тэкстаў аўтараў першага нумару, мы хацелі паказаць, што сапраўдная літаратура не старэе з гадамі. А ўласна літаратура, вядома ж, зьмяняецца, хочам мы таго ці ня хочам. Зьяўляюцца новыя тэмы, становяцца моднымі іншыя жанры. Ад першага нумару практычна ў кожным «Дзеяслове» ёсьць дэбютант, а то і два. Гэта і падтрымка таму новаму, што зьяўляецца ў літаратуры, і штуршок да больш актыўнай працы.

Такім чынам, за 17 гадоў мы надрукавалі творы больш як ста маладых аўтараў. Будучыня нашай літаратуры належыць цяпер ім. І шмат хто з тых, хто друкаваўся ў першых нумарах, сталі ўжо вядомымі ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

— Што вас цешыць і што раздражняе ў маладых пісьменьніках? І ў іхных творах, і ў іхным літаратурным жыцьці?

— Цешыць сьмеласьць маладых і пошукі новых сродкаў самавыяўленьня. Абсалютна не раздражняе іх жаданьне брацца ў рожкі са старэйшымі і жаданьне скінуць нас з «карабля сучаснасьці», бо мы самі ў іхным узросьце былі такімі ж. А не падабаецца іх вольнае стаўленьне да мовы, а часам і задужа павярхоўнае веданьне яе. Сустракаючыся зь імі, не перастаю паўтараць: мова — асноўны інструмэнт пісьменьніка, і трэба валодаць ёй дасканала. Важна ня толькі што напісана, але і як. Моладзь часта на гэтае «як» не зважае. На жаль. Мне кажуць, гэта справа густу. Я ж адказваю, што густ — зьява больш рэдкая, чым талент, ён не даецца ад нараджэньня, а прыходзіць зь ведамі, з досьведам, з пастаяннай працай над сабой...

Пра падарункі і дэградацыю

— Ці паўплывала на пісьменьніка Барыса Пятровіча тое, што рэдактар Барыс Пятровіч мусіць чытаць напісанае маладымі і сталымі аўтарамі? Ці зьмяніліся за гэты час вашы эстэтычныя крытэры, літаратурныя густы і патрабаваньні да самога сябе як творцы?

— Пэўна ж, паўплывала. Заўважаю, як дэградую... Не жартую, кажу сурʼёзна. Бо амаль не застаецца часу на сябе, на пісаньне свайго, на ўласна самаразьвіцьцё, дый проста на чытаньне таго, што хочацца, а не абавязковага... З гадамі адышоў і ад так званага мадэрнізму, якім гэтак захапляўся некалі. Мо таму, што пагадзіўся з думкай аднаго паважанага літаратара, што быць мадэрністам у 20 гадоў — гэта цікава, у 40 — можа быць, а ў 60 — ужо сьмешна. А самому мне даўно ўжо больш цікава чытаць ня ўласна прозу ці паэзію, а мэмуары, дзёньнікі, запісы з нататнікаў — тое, што сёньня называецца словам нон-фікшн.

— 17 ліпеня вы мецьмеце яшчэ адну значную дату ў сваім жыцьцяпісе — шасьцідзесяцігодзьдзе. Вашы аповесьці, апавяданьні, фрэскі, імпрэсіі, піліпікі леглі важкімі тамамі ў творчую скарбонку айчыннага прыгожага пісьменства. Ведаю, што да гэтае даты рыхтуецца ваша кніга вэрлібраў, якія вы называеце фрэскамі і зборнік якіх у перакладзе на швэдзкую мову меў вялікі посьпех у чытачоў краіны, у якой уручаюць самую прэстыжную літаратурную ўзнагароду. Там жа заўважнай літаратурнай падзеяй стала і ваша празаічная «Плошча». Пасьля гэтых кніг у Швэцыі пра вас пісалі, што вы — глыбокі рамантык, які не пазьбягае ні асабістага, ні палітычнага. Распавядзіце, калі ласка, пра самы рамантычны эпізод свайго жыцьця, які стаўся асновай літаратурнага твора.

— Заўважце, соты нумар «Дзеяслова» выходзіць якраз пад гэтую маю дату, як своеасаблівы падарунак. Быццам некалі знарок было так разьлічана. Хоць гэта абсалютная выпадковасьць.

Што да літаратуры... Ведаеце, да пэўнага часу я стараўся зусім не абапірацца на ўласнае жыцьцё. Кіраваўся словамі Фолкнэра, што пісьменьніку трэба выдумляць праўду. І меркаваў, што маё ўласнае жыцьцё ня дужа цікавае, каб яго апісваць, браць зь яго сюжэты. Але спатыкнуўся на тым, што, прачытаўшы адно маё цалкам выдуманае апавяданьне, адна крытыкеса напісала: што казаць пра Барыса Пятровіча — ён піша толькі пра сябе... А я ж выдумляў сюжэт, гісторыю, — выдумляў праўду... Ня ведаў, што і думаць пасьля таго: ці засмучацца, ці радавацца. Радавацца таму, што ў выдуманае мною — паверылі як у рэальнасьць... Але з часам стаў азірацца на пражытае і перажытае і выкарыстоўваць у сваіх творах.

Ну, а самы рамантычны эпізод і, пэўна, самы біяграфічны мой твор, хоць і там ня ўсё з жыцьця, — гэта аповесьць «Пуціна», пра паездку на Курылы, на востраў Шыкатан.

Пра будучыню

— Якой вам бачыцца будучыня беларускай літаратуры?

— Сьветлай... Так, не зьдзіўляйцеся. Апошнія дзьвесьце гадоў былі няпростымі для беларусаў. Рабілася ўсё, каб нас не было. Каб не было нашай мовы і адпаведна — літаратуры. А мы ўсё роўна аднекуль зьяўляліся, як толькі ўціск адступаў, меншаў...

Рознага кшталту русыфікатары ня ўлічвалі адну акалічнасьць: мы жывем на сваёй зямлі, і яна ня дасьць нам забыцца на сябе. Нават калі здарыцца самае страшнае — ня будзе мовы ў школах, ня будзе яе ў друку, як тое ўжо было ў дзевятнаццатым стагодзьдзі, — усё роўна будуць зноў і зноў зьяўляцца хлопцы і дзяўчаты, якія будуць пісаць на сваёй роднай мове і размаўляць на ёй. Нас ня зьнішчыць! Гісторыя гэтаму сьведка. А значыць, будуць у нас свае пісьменьнікі, будуць новыя ляўрэаты вялікіх літаратурных прэмій, і заўсёды будзе свая годная беларускамоўная літаратура.

Барыс Пятровіч (Сачанка) нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Вялікі Бор на Гомельшчыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Працаваў у газэтах «Гомельская праўда», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

З 2002 году галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў». У 2011 годзе абраны старшынёй ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў».

Празаік. Дэбютаваў апавяданьнем «Успамін. Яблыкі» ў 1988 (часопіс «Крыніца»). Аўтар кніг «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998), «Шчасьце быць» (2004), «Жыць ня страшна» (2008), «Піліпікі» (2009), «Плошча» (2010), «Спакушэньне» (2013), «Спачатку была цемра» (2013), «Пуціна» (2015), «Ідзі адзін» (2019).

Творы перакладзеныя на ангельскую, францускую, нямецкую, расейскую, польскую, чэскую, баўгарскую, славацкую, літоўскую, украінскую і іншыя мовы.

Прэзэнтацыя 100-га нумара — 25 чэрвеня а 18:30 у менскай кавярні «Грай». Уваход вольны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG