Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: «Толькі ў турме разумееш, як тваё сэрца закамянела на волі»


Павал Севярынец, архіўнае фота

29 студзеня на «Тэрыторыі правоў» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Паўла Севярынца «Каменнае сэрца». Гэта зборнік невялікіх эсэ, напісаных у беларускіх засьценках цягам 20 апошніх гадоў — на «хіміі», у турме, на «сутках». «Каменнае сэрца» выйшла ў сэрыі «Беларуская турэмная літаратура» пры падтрымцы Праваабарончага цэнтру «Вясна».

У інтэрвію Свабодзе Павал Севярынец расказаў, што «каменным сэрцам» называюць турму КДБ — «амэрыканку», патлумачыў, у каго насамрэч б’ецца «каменнае сэрца», і распавёў, чаму ён зноў узгадвае свой турэмны досьвед.

— Усплёск так званай турэмнай літаратуры адбыўся пасьля Плошчы 2010 году, калі зьявілася шмат палітвязьняў, якія адседзелі і дзяліліся сваімі ўражаньнямі. Гэта асабліва відавочна па колькасьці кніг, пададзеных на прэмію Аляхновіча, якую заснавала Свабода. Дарэчы, і вы былі ў 2014 годзе ўганараваны прэміяй імя Францішка Аляхновіча за кнігу «Беларуская глыбіня», напісаную на «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Потым было зацішша, нават пару гадоў прэмію не ўручалі. Але цяпер зноў зьяўляюцца кнігі на турэмную тэматыку, і яны запатрабаваныя. На ваш погляд, чаму?

— Пасьля Плошчы было некалькі дзясяткаў палітычных вязьняў, цяпер іх восем (паводле форуму «Свабоду палітвязьням»). Перад Эўрапейскімі гульнямі мы патрабуем іх вызваленьня, бо гэта будзе вельмі непрыстойна выглядаць, калі эўрапейцы прыедуць сюды спаборнічаць, а ў Беларусі людзі за палітыку, за іншадумства будуць сядзець у турмах.

Чаму турэмную літаратуру чытаюць беларусы? Ведаеце, беларусы разумеюць, што рана ці позна давядзецца вырашаць: змагацца альбо зьяжджаць. І тыя, хто разглядае для сябе магчымасьць змагацца, выйсьці на плошчу першы і апошні вырашальны раз, тыя, хто думае, што надыдзе час, калі трэба будзе рызыкнуць свабодай і ўвязацца ў змаганьне, хочуць зразумець для сябе, ці здольныя яны вытрымаць тое, што адбываецца ў турмах, ці не, выпрабаваць сябе. Па маіх назіраньнях, чытачы — гэта тыя, хто ўзважвае: «ну, а я — пацягну?» Вось яны і бяруць гэтыя кнігі. А наагул, адны і тыя ж людзі бяруць гэтыя кнігі, бо ў мяне палітра шырокая: ёсьць і літаратура факту, і мастацкая літаратура, і турэмная. Тыя, хто абірае турэмную літаратуру, — гэта тыя, хто рыхтуецца. На мой погляд, гэта людзі, якія, магчыма, у наступных «плошчах» адыграюць сваю ролю. Бо разумеюць, на што ідуць.

— Што ўяўляе сабой ваша новая кніга? Здаецца, у апошнія 5 гадоў асаблівага турэмнага досьведу ў вас і не было, за выключэньнем пары-тройкі адседак па 10 сутак за Курапаты...

— «Каменнае сэрца» — гэта ў асноўным зборнік тэкстаў на турэмную тэматыку, якія ўжо друкаваліся. У кнізе, праўда, ёсьць некалькі рэчаў, якія не публікаваліся яшчэ, я іх пісаў на працягу апошніх гадоў, рабіў накіды. Але аснову складаюць «Лісты зь лесу», «Беларуская глыбіня» — то бок тое, што ўжо выходзіла.

Насамрэч, асноўную працу зрабілі супрацоўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна». Гэта шостая кніга ў сэрыі «Беларуская турэмная літаратура» (ужо выходзілі кнігі Алеся Бяляцкага, Зьмітра Дразда, Мікалая Дзядка, Алеся Кіркевіча, Ігара Аліневіча). «Вясноўцы» дапамаглі гэта ўсё сабраць, дадаць фатаздымкі, дадаць тое, што яшчэ не публікавалася, і выдаць. Добрая паліграфія — надрукаваная кніга ў 286 старонак у друкарні «Чырвоная зорка».

— Калі я запыталася ў сваіх калегаў, з чым у іх асацыюецца «Каменнае сэрца», які можа быць жанр у кнігі з такой назвай, некалькі чалавек упэўнена адказалі, што гэта альбо «любоўная лірыка», альбо «жаночы раман»...

— Можа, у тым і ёсьць нейкая глыбінная праўда, таму што там, хутчэй, турэмная лірыка. То бок гэта не апісаньне, што і калі адбываецца. Лірыка — шырэйшае паняцьце, лірычны герой — адзін з асноўных тэрмінаў літаратуры наагул.

«Каменным сэрцам» у «Маладым фронце» называлі «амэрыканку» — турму КДБ. Гэта маленькая турма ў параўнаньні з гіганцкімі турмамі, як у Жодзіне, на «Валадарцы» ці Акрэсьціна. У турме КДБ усяго 18 камэр, яны пялёсткамі разыходзяцца ад круглага цэнтру, дзе ходзіць канваір. Да таго ж турма знаходзіцца ў самым цэнтры Менску. Там чутно, як б’юць званы Петрапаўлаўскага сабора, Катэдры, Ратушы. Нават чуваць, як ходзяць цягнікі ў мэтро — «амэрыканка» стаіць ня толькі на лініі мэтро, але, мне падаецца, небеспадстаўна сьцьвярджаюць, што мэтро злучанае з падваламі турмы. Уначы, калі горад заціхае, прыкладаеш вуха да нараў і чуеш, як ідуць апошнія цягнікі мэтро.

СІЗА КДБ, «амэрыканка»
СІЗА КДБ, «амэрыканка»

Так што, з аднаго боку, гэта вобраз. З другога боку, каменнае сэрца — у тых, хто саджае ў турму беларусаў. З трэцяга боку, толькі ў турме ты разумееш, як тваё сэрца закамянела на волі. Таму што мы вучымся быць чэрствымі, мы вучымся не прапускаць праз сэрца многія падзеі, якія адбываюцца на волі. У турме — па-іншаму. У турме сэрца пачынае набываць нармальныя ўласьцівасьці — як напісана ў Бібліі, «забяру ў вас сэрца каменнае і дам вам сэрца з плоці» — каб вы проста адчувалі. Для мяне як чалавека веруючага тое, што ты трапляеш у турму, — гэта такое папушчэньне божае, Бог для чагосьці гэта робіць, каб ты адчуў штосьці такое, чаго не адчуеш на волі, зразумеў нешта, пабыў сам-насам з Богам, урэшце. У турму ня хочацца, але я ведаю, што кожная турэмная адседка — гэта такое своеасаблівае дабраславеньне. Таму гэта сэрца.

Ясна, што калі ты сядзіш — ты думаеш, у тым ліку і пра каханьне. Маё каханьне да Волечкі разьвівалася і ў «амэрыканцы», і ў спэцкамэндатуры ў Купліне. І як толькі я выйшаў на волю, адразу ж і ажаніўся.

Так што гэтая кніга — ня толькі турэмная дакумэнталістыка, гэта — турэмная лірыка. У СІЗА на Валадарскага я напісаў баляды падчас самай першай адседкі ў 1997 годзе. Там пра першае маё затрыманьне па-сур’ёзнаму, пра першую ноч у Маскоўскім райаддзеле. Тэкст з «амэрыканкі» праходзіў цэнзуру, і частка тэксту цэнзуру не прайшла, выкрэсьлівалі цэлыя фрагмэнты, таксама лепшыя эсэ зь «Лістоў зь лесу» і зь «Беларускай глыбіні».

— Павал, я памятаю, як летам сустракалі вас на Акрэсьціна пасьля 10-суткавага арышту, і тады вам вярнулі рукапісы, якія забралі падчас папярэдняй адседкі. Узгадваю, як Уладзімеру Някляеву не давалі паперу і асадку, калі ён адбываў суткі там жа, на Акрэсьціна. Чаму турэмшчыкі так ня хочуць, каб літаратары там пісалі? Чаго яны баяцца?

— Па-першае, яны, канечне, баяцца, што будзе апісаная праўда. Таму што турэмная праўда сапраўды жахлівая для краіны ў самым цэнтры Эўропы і для ХХІ стагодзьдзя. Я вось зараз чытаю самыя сьвежыя ўражаньні Настасьсі Гусевай, якая трапіла на некалькі сутак у Заводзкі райаддзел і яе не выводзілі ў прыбіральню, і я разумею, што мала што зьмянілася з 1997 году і маіх першых адседак — бесчалавечнае стаўленьне да людзей, асабліва калі там ёсьць загад прэсануць. Яны баяцца, што ўсё гэта выплыве.

Па-другое, яны разумеюць, што калі не даеш пісьменьніку пісаць — гэта такі вытанчаны зьдзек, гэта на мэнтальным узроўні. Гэта ня проста пасадзілі ў адну камэру зь ВІЧ-інфікаванымі альбо сухотнікамі ці кінулі ў карцэр, а зьдзек з асаблівым цынізмам. Хоць абавязаныя ня толькі прапускаць у перадачах, а даваць на патрабаваньне асадку, паперу. Абавязаныя на патрабаваньне! А калі ў мяне адабралі напісанае! Гэта ж мая маёмасьць, мая інтэлектуальная ўласнасьць — гэта рабунак. І толькі празь месяц аддалі — пасьля звароту ў міжнародныя інстанцыі, у ПЭН-цэнтар, у амбасады, у пракуратуру, калі ў прэсе ўзьнялася хваля. Месяц трымалі ў сябе. І ня толькі чыталі, але і капіявалі, і суб’ектам апэратыўнай дзейнасьці рассылалі, я ўпэўнены. Хай чытаюць, няма праблем! Я ж ім казаў: «Сябры, чытайце на здароўе, толькі адксэракапіюйце і вярніце».

Зь «Беларусалімам» таксама была гісторыя, калі канфіскавалі рукапіс і давялося аж да прэм’ер-міністраў эўрапейскіх краін зьвяртацца, каб націснулі. Вярнулі праз паўтара месяца.

Ладна, кнігі — тут людзей ламаюць, ёсьць тыя, каму значна цяжэй. Пра гэта таксама ў маёй кнізе ёсьць. Так што турма — гэта цікавы досьвед.

— Над чым цяпер працуеце, чым парадуеце сваіх прыхільнікаў?

— Цяпер я працую над дзьвюма іншымі кнігамі — рыхтую да друку другую кнігу «Беларусаліма» і кнігу «Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску» — для веруючых у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG