Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карцэр, кароткі званок, паштоўка, дзіцячае шампанскае, — Новы год і Каляды за кратамі ды на «хіміі»


Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў высьветліць, як 2019 год сустрэлі беларускія вязьні, вызваленьня якіх дамагаюцца праваабаронцы.

Барановіч зноў у карцэры

Сьвятаслаў Барановіч
Сьвятаслаў Барановіч

Сястра вязьня Наваполацкай калёніі Сьвятаслава Барановіча Натальля паведаміла Свабодзе, што яе брата напярэдадні Новага году зьмясьцілі ў карцэр. Як надоўга і за што — ня ведае.

«У канцы сьнежня выйшаў на 3 дні з карцэру, пасьпеў адпісацца, паведаміць, што нібыта ўсё добра, як зноў адправілі туды ж. То бок зь лета з карцэру ён фактычна не выходзіць. Адвакат яго ў сьнежні бачыла, казала, што схуднеў і твар шэры. Канечне, бо на паветра ж не выводзяць. Гэтак і Новы год сустрэў, у каменным мяшку. Я ўжо і ня ведаю, што і рабіць. Каб магла, дык сказала б яму, што хай бы пагаджаўся на ўсё, чаго ад яго дамагаюцца. Але ж не магу, бо выйдзе, што ўсе яму здраджваюць... Толькі ж разумею, што ад яго не адчэпяцца, а могуць яшчэ і год дадаць», — кажа сястра Барановіча Натальля.

Былы вязень Плошчы 2010 году, удзельнік «маршу недармаедаў» у Менску ў 2017 годзе Сьвятаслаў Барановіч летась быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за гвалт над міліцыянтам. Сьвятаслава Барановіча ўтрымліваюць у Наваполацкай калёніі, дзе, паводле сваякоў і праваабаронцаў, абыходзяцца зь ім вельмі жорстка. Некалькі разоў яго трымалі ў карцэры, да таго ж супроць вязьня завялі новую справу аб парушэньні правілаў утрыманьня, і яму пагражае перавод ва ўмовы турмы. Суд над Барановічам па гэтай справе ўжо пачаўся, але быў спынены на час, пакуль вязень спрабуе аспрэчыць накладзеныя на яго дысцыплінарныя спагнаньні.

«Нават ня можам пераслаць яму перадачу з рэчамі, якіх ён прасіў, у тым ліку з адзеньнем. Двойчы ўжо адпраўлялі пасылкай, дык вярталася з адзнакай, што ён у карцэры і таму ня можа атрымаць», — кажа Натальля, сястра Сьвятаслава Барановіча.

У сакавіку 2016 году падчас маршу недармаедаў Сьвятаслаў Барановіч ударыў міліцыянта ў цывільным, якога, паводле заявы ў судзе, прыняў за хулігана. Раней на сьледзтве Барановіч прызнаваў, што разумеў, хто перад ім. Праваабарончы цэнтар «Вясна» не прызнаў Барановіча палітвязьнем, а пазьней заклікаў спыніць ціск на яго ў калёніі. Праваабаронцы пакуль бясплённа дамагаюцца магчымасьці трапіць на суд над Сьвятаславам Барановічам, які пачаўся ў Наваполацкай калёніі.

Аватараву на сьвяты дазволілі патэлефанаваць дамоў

Тарас Аватараў
Тарас Аватараў

У канцы сьнежня 2018 году маці вязьня віцебскай калёніі Тараса Аватарава Людміла Посьпіх хадзіла на прыём да кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Яна скардзілася на тое, што ў калёніі «Віцьба-3» гучалі пагрозы яго жыцьцю і здароўю, так што ён мусіў ня спаць начамі, хвалюючыся за сваю бясьпеку.

Міліцыянты паабяцалі Людміле Посьпіх разабрацца і прыняць меры, калі яе сыну сапраўды нехта пагражае.

Пасьля навагодніх сьвятаў Людміла Посьпіх адказу з МУС пакуль не атрымала.

«Але было тэлефанаваньне ад сына з калёніі. Дазволілі кароткі званок. Скажу толькі, што павіншаваў з Новым годам, а больш нічога дадаваць ня буду. Заўтра паеду да яго на спатканьне. Калі дазволяць сустрэцца, дык даведаюся, што зь ім цяпер і як сустрэў сьвята. І ці стала лепш, ці спыніліся пагрозы».

Жыхар Наваполацку Тарас Аватараў, які ваяваў на Данбасе як добраахвотнік на баку Ўкраіны, у 2016 годзе быў асуджаны Менскім гарадзкім судом на 5 год зьняволеньня за захоўваньне боепрыпасаў і правоз іх празь мяжу. Сваёй віны Аватараў не прызнаў. У прыватнасьці, ён адмаўляў, што прывёз у Беларусь сапраўдную гранату — казаў пра муляж. Форум праваабаронцаў «Свабоду палітвязьням» лічыць, што беларускія ўлады перасьледуюць Тараса Аватарава з палітычных прычын, і дамагаецца перагляду ягонай справы ды тэрміновага спыненьня ціску на яго ў віцебскай калёніі «Віцьба-3».

Жамчужны даслаў паштоўку

Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Вязень калёніі ў Горках Міхаіл Жамчужны, якога беларускія праваабаронцы лічаць палітвязьнем, даслаў навагоднюю паштоўку актывістцы Вользе Мікалайчык.

«Гэта вельмі добры сыгнал, бо ад Міхаіла некалькі месяцаў не было лістоў, сядзеў у карцэры. Значыць, пакуль выпусьцілі ў ПКТ», — кажа Вольга Мікалайчык, якая спрабуе ліставацца з Жамчужным, але прызнаецца, што летась гэта было вельмі складана.

«За год у яго больш за 200 дзён карцэру. Ведаеце, што такое карцэр? Каменны пакой з зэдлікам на падлозе — і ўсё. «Шконкі» прышпіленыя да сьцяны, таму або хадзі ўвесь час ад сьцяны да сьцяны, або сядзі. Прэсы не даюць, ліставацца не даюць. Холад, кармёжка вельмі сьціплая, без «атаваркі» не пратрымацца«,— кажа Вольга Мікалайчык.

Актывістка сабралася адаслаць Міхаілу Жамчужнаму ліст — віншаваньне з праваслаўнымі Калядамі. «Калі адпіша адразу, дык знаходзіцца ў ПКТ, а калі не адкажа, дык зноў сядзіць у карцэры», — мяркуе Вольга Мікалайчык.

У 2015 годзе віцебскі выкладчык і праваабаронца Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на 6,5 года за падбухторваньне міліцыянта да выдачы службовай інфармацыі, спробу даць службоўцу хабар і набыцьцё апаратуры для праслухоўваньня. Міхаіл Жамчужны працягвае дамагацца адмены прысуду, які лічыць несправядлівым, за што неаднаразова трапляў у карцэр і ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу — зь меней жорсткім рэжымам, чым карцэр).

Беларускія праваабаронцы патрабуюць адкрытага перагляду справы Міхаіла Жамчужнага.

Комлік выпіў дзіцячага шампанскага

Ігар Комлік
Ігар Комлік

Новы год ва ўмовах «хатняй хіміі» сустракаў Ігар Комлік, былы бухгальтар незалежнага прафсаюзу РЭП. Летась яго асудзілі на 4 гады абмежаваньня волі паводле абвінавачаньня ў нясплаце падаткаў.

«Хатняя хімія» — гэта значыць асуджаны ня мае права ўвечары і ноччу выходзіць з дому, ня можа ўжываць алькаголь, наведваць імпрэзы, дзе прадаюць алькаголь, павінен рэгулярна адзначацца ў міліцыі.

«На Новы год быў дома, дапамагаў жонцы рыхтавацца да Новага году, прыбраў у кватэры. У краму вечарам, як бывала, мяне ўжо не пасылалі. А 24 гадзіне выпіў кілішак дзіцячага шампанскага, выбар якога ў крамах багаты. Зварот Лукашэнкі ня слухаў, даўно ведаю, што няма там чаго слухаць. Паглядзеў праз вакно на фаервэркі, якія запускалі суседзі ў двары».

З 19 сьнежня Ігар Комлік мусіць выконваць абмежаваньні і штотыдзень адзначацца ў міліцыі. Таксама ў любы час да яго ў хату з праверкай могуць прыйсьці супрацоўнікі міліцыі.

«Не выключаў, што на Новы год якраз і правераць, але абмінулі ўвагай», — кажа прафсаюзны актывіст.

Комлік спадзяецца, што прысуд яму і былому старшыні РЭП Генадзю Фядынічу будзе перагледжаны, у тым ліку дзякуючы салідарнасьці прафсаюзаў розных краін сьвету ды іх ціску на беларускія ўлады.

У жніўні 2018 году Савецкі раённы суд Менску асудзіў лідэра незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара прафсаюзу Ігара Комліка на 4 гады «хатняй хіміі» кожнага паводле абвінавачаньня ў нясплаце падаткаў у вялікім памеры. Праз тры месяцы Менскі гарадзкі суд пакінуў прысуд прафсаюзным актывістам у сіле. З 19 сьнежня для Ігара Комліка пачаў дзейнічаць рэжым «хатняй хіміі». Генадзя Фядыніча ў міліцыю для падпісаньня адпаведных абавязаньняў не выклікалі, таму для яго «хатняя хімія» яшчэ не пачалася. Чаму яго не выклікаюць у міліцыю, былы старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч ня ведае.

Алена Струвэ. Турма, мужчына і жанчына

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG