Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Фядынічу і Комліку пакінулі бязь зьменаў — па 4 гады «хатняй хіміі»


Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд лідэру прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і бухгальтару Ігару Комліку. За ўхіленьне ад выплаты падаткаў у буйным памеры яны асуджаныя на 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (на так званую «хатнюю хімію»). Ім таксама забаронена займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

Менавіта такі прысуд вынес 24 жніўня суд Савецкага раёну Менску. Фядыніч і Комлік падалі скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі — гарадзкі суд.

На 10 старонках яны выклалі свае пярэчаньні і аргумэнты:

  • паказаньні многіх сьведак былі атрыманыя пад ціскам,
  • да паказаньняў Юліі Юхнавец, якія прызналася ў супрацоўніцтве з КДБ, трэба ставіцца крытычна,
  • у матэрыялах сьледзтва шмат фіктыўных дакумэнтаў.

Разглядаў скаргу судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Хрыпач. Падтрымаць Фядыніча і Комліка прыйшло больш за 100 чалавек. Сярод іх праваабаронцы, палітыкі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Павал Левінаў, Мікола Статкевіч. Таксама прысутнічалі дыпляматы з амбасадаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Літвы, Чэхіі. Зноў пры ўваходзе ў залю былі беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі, узмоцнены кантроль. Калі людзі паспрабавалі разгарнуць сьцяг РЭП, іх папрасілі пакінуць залю. Некалькі разоў у залі раздаваліся воклічы «Ганьба!».

І Генадзь Фядыніч, і Ігар Комлік настойвалі, што прысуд ня толькі несправядлівы, а яшчэ і палітызаваны. Фядыніч паведаміў, што па справе было дапытана 814 чалавек.

Адвакатка Людміла Казак сказала, што міжнародная праваабарончая і прафсаюзная супольнасьць расцэньвае крымінальны перасьлед лідэраў РЭП як атаку на незалежныя прафсаюзы. Яна падкрэсьліла, што высновы суду першай інстанцыі не адпавядаюць акалічнасьцям справы, дакладныя і дастатковыя доказы не прадстаўленыя альбо здабытыя з парушэньнем закону.

Другая адвакатка, Натальля Мацкевіч, зьвярнула ўвагу на незаконнасьць разбору, несапраўднасьць выпісак — зь літоўскага, швэдзкага, дацкага банкаў, якія былі прадстаўленыя ў судзе. У справе фігуруюць дзіўныя раздрукоўкі, а ня банкаўскія дакумэнты, кажа адвакатка.

Пракурорка Герасімовіч настойвала на тым, што віна Фядыніча і Комліка цалкам устаноўленая і пацьверджаная доказамі.

Судзьдзя Сяргей Хрыпач падтрымаў бок абвінавачваньня і пакінуў прысуд у сіле.

Паводле Генадзя Фядыніча, зь яго і Ігара Комліка пастанавілі спагнаць каля 50 тысяч даляраў — гэта нібыта нясплачаныя падаткі за 2011 год, індэксацыя і кошт шматлікіх экспэртызаў.

Фядыніч і Комлік зьбіраюцца аспрэчваць прысуд у Вярхоўным судзе і міжнародных інстанцыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG