Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць


Ігар Комлік, бухгальтар РЭП

Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) займаецца абаронай правоў работнікаў. Дзейнасьць РЭП за адзін год у лічбах:

  • Больш за 1000 бясплатных юрыдычных кансультацый;
  • Каля 100 касацыйных скаргаў у суды розных інстанцый і пракуратуру;
  • Каля 400 скаргаў у структуры ўлады і наймальнікам;
  • Каля 30 выйграных судоў;
  • Больш за 90 000 рублёў, вернутых сябрам прафсаюзу;
  • Больш за 55 000 подпісаў за адмену «дармаедзкага» дэкрэту;
  • Больш за 30 актывістаў адседзелі на сутках за ўдзел у акцыях сацыяльнага пратэсту;
  • Больш за 10 000 рублёў штрафаў за ўдзел у акцыях сацыяльных пратэстаў.

Бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік быў затрыманы 2 жніўня, адпушчаны пад падпіску пра нявыезд 2 кастрычніка. У Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў ад 2 жніўня знаходзіцца ўся бухгальтарская дакумэнтацыя і сем адзінак аргтэхнікі РЭП.

«Больш за ўсё пацярпела праца бухгальтарскай службы. А вось юрыдычная, інфармацыйная і PR-службы прафсаюзу ні на дзень не спынялі сваёй працы», — кажа Свабодзе актывіст РЭП Андрэй Стрыжак.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзбудзіў крымінальную справу паводле фактаў ухіленьня ад выплаты падаткаў Ігарам Комлікам.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў Свабодзе неўзабаве пасьля пачатку справы РЭП:

«Улада распачала гэтую справу, наколькі я разумею, пры няўцямнай доказнай базе, таму што інфармацыя аб выдачы нейкага рахунку пакуль што не пацьвярджаецца, і невядома, ці ёсьць сапраўды такія доказы».

За час утрыманьня за кратамі зь Ігарам Комлікам ня ладзілі сьледчых дзеяньняў. «Два месяцы проста праседзеў, і ўсё. І цяпер прынялі рашэньне выпусьціць», — кажа Свабодзе Ігар Комлік.

Падчас вясновых «акцый дармаедаў» РЭП даў юрыдычную дапамогу сотням чалавек.

Акцыя «дармаедаў», вясна 2017
Акцыя «дармаедаў», вясна 2017

«„Справа прафсаюзаў“ — гэта помста за нашу актыўную пазыцыю па адстойваньні правоў людзей. Я вітаю вызваленьне Ігара Комліка з-пад варты, але гэтага недастаткова — „справа прафсаюзаў“ павінна быць закрытая», — сказаў Свабодзе Андрэй Стрыжак.

XS
SM
MD
LG