Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даваць паказаньні адмаўляўся», — фігуранта «справы прафсаюзаў» выпусьцілі пад падпіску


Ігар Комлік на волі. Фотаздымак з фэйсбуку Алеся Бяляцкага
Ігар Комлік на волі. Фотаздымак з фэйсбуку Алеся Бяляцкага

Праз два месяцы з моманту затрыманьня галоўнага бухгальтара прафсаюзу РЭП вызвалілі «пад падпіску». Вызваленьне адбылося каля 18.00 2 кастрычніка.

Ігар Комлік распавядае Свабодзе пра падрабязнасьці свайго арышту і ўтрыманьня ў СІЗА.

«Вызвалілі мяне пад падпіску аб нявыезьдзе. Прызначылі ўжо сустрэчу са сьледчым на 5 кастрычніка. У засьценкі мяне зьмясьцілі, бо я адмовіўся даваць паказаньні. Гэта мэтад пэўнага псыхалягічнага ціску. Хаця ў мяне ёсьць падставы нічога супольнага з гэтай праваахоўнай сыстэмай ня мець, бо я яе такой не лічу. Маё жыцьцё папярэдняе паказвае на прыкладах, што ў нас сапраўднай [праваахоўнай сыстэмы] няма. Калі спатрэбіцца, то ў свой час я пра гэта і на судзе скажу».

Ігар Комлік кажа, што ў самім СІЗА стаўленьне да яго было «як да ўсіх, нармальнае». А асаблівых сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да яго не адбывалася.

Два месяцы проста праседзеў, і ўсё

«Два месяцы проста праседзеў, і ўсё. І цяпер прынялі рашэньне выпусьціць», — кажа ён. Што да справы, у якой ён фігуруе, Ігар Комлік мяркуе наступнае:

«Ад самога пачатку, як я быў затрыманы і мне сталі задаваць пытаньні, было адчуваньне, што гэтая справа скіраваная ня столькі на вырашэньне таго артыкула, які нам інкрымінуецца, як на тое, каб „наехаць“ на прафсаюзы і кіраўніцтва прафсаюзаў. Думаю, што гэтае адчуваньне не памылковае. І гэта мяне адразу падштурхнула да таго, што няма сэнсу даваць паказаньні».

Генадзь Фядыніч: «Ні ў чым не вінаваты чалавек адседзеў два месяцы за кратамі»

У СІЗА, кажа Ігар Комлік, давялося сядзець з кіраўнікамі прадпрыемстваў, бізнэсмэнамі.

«Мяркую, што гэта спосаб выпампаваць грошы зь іх. Бо шмат каго можна было і не садзіць, а эканамічна пакараць, даць магчымасьць працаваць і сачыць за іх сумленнай працай. А гэта, на жаль, не адбываецца. Думаю, што яны і з прычыны эканамічнай сытуацыі ў тым ліку апынуліся за кратамі».

Пра першыя адчуваньні на волі Ігар Комлік кажа, што «прыемна выйсьці ў горад на сьвежае паветра, прайсьціся свабодна».

«Бо там прасторы не хапала. На 16 мэтраў 4 чалавекі, асабліва не парухаесься. А здароўе нават паправілася, нягледзячы ані на што», — сьмяецца ён.

Адчуваньне, што галоўны фігурант — прафсаюз РЭП

Паводле Ігара Комліка, фігурантамі «справы прафсаюзаў» застаюцца ён і Генадзь Фядыніч. «Адчуваньне, што галоўны фігурант — прафсаюз РЭП», — кажа Ігар Комлік. — Задача зьнішчыць прафсаюз была пастаўленая яшчэ ў 2003 годзе. Таму гэта працэс, які не спыняецца".

Ігар Комлік — галоўны бухгальтар прафсаюзу РЭП. Яго затрымалі 2 жніўня пасьля ператрусаў у офісе прафсаюзу, а таксама ў яго дома, дзе сканфіскавалі электронныя носьбіты, цьвёрдыя дыскі кампутараў і дакумэнтацыю. У яго арыштавалі асабістыя грашовыя зьберажэньні, аўтамабіль.

Ігара Комліка накіравалі ў менскі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Пазьней у КДК паведамілі, што была распачатая крымінальная справа паводле фактаў нявыплаты падаткаў.

Хто такі Ігар Комлік, фігура якога не была публічнай?

Ігар Комлік, архіўнае фота
Ігар Комлік, архіўнае фота

Ён старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі РЭП, галоўны бухгальтар РЭП. Карэнны мянчук, нарадзіўся 12 ліпеня 1959 году.

У 1976 годзе скончыў сярэднюю школу № 57, паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут.

Паводле першай вышэйшай адукацыі — інжынэр-мэханік.

З 1994 да 2004 году працаваў у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудаваньня (КБДЭМ).

Быў старшынёй прафсаюзнай арганізацыі.

У 1997–2001 гадах вывучаў правазнаўства ў Міжнародным інстытуце прававых і сацыяльных дачыненьняў.

Ад 2010-га — старшыня Менскай гарадзкой першаснай арганізацыі РЭП, галоўны бухгальтар РЭП.

Алесь Бяляцкі: «Зьняволеньне Ігара Комліка было палітычным»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG