Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі Ігара Комліка, затрыманага за «нясплату падаткаў» прафсаюзам РЭП


Першае фота Ігара Комліка на волі. Фатаздымак з Фэйсбуку Алеся Бяляцкага

Галоўнага бухгальтара прафсюзу РЭП Ігара Комліка выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.


Ігар Комлік — галоўны бухгальтар прафсаюзу РЭП. Яго затрымалі 2 жніўня пасьля ператрусаў у офісе прафсаюзу, а таксама ў яго дома, дзе сканфіскавалі электронныя носьбіты, цьвёрдыя дыскі кампутараў і дакумэнтацыю. Ігар Комлік быў накіраваны ў менскі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў.

Пазьней у КДК паведамілі, што была распачатая крымінальная справа паводле фактаў нявыплаты падаткаў.

Хто такі Ігар Комлік, фігура якога не была публічнай?

Ён — старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі РЭП, галоўны бухгальтар РЭП. Карэнны мянчук, нарадзіўся 12 ліпеня 1959 году.

У 1976 годзе скончыў сярэднюю школу № 57, паступіў ў Беларускі палітэхнічны інстытут.

Паводле першай вышэйшай адукацыі — інжынэр-мэханік.

З 1994 да 2004 году працаваў у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудаваньня (КБДЭМ). Быў старшынём прафсаюзнай арганізацыі.

У 1997–2001 гадах вывучаў правазнаўства ў Міжнародным інстытуце прававых і сацыяльных дачыненьняў.

Ад 2010-га — старшыня Менскай гарадзкой першаснай арганізацыі РЭП, галоўны бухгальтар РЭП.

Інтэрвію з Ігарам Комлікам чытайце пазьней.

XS
SM
MD
LG